Генадзь Коршунаў: Рэжым не толькі з грамадствам ваюе, ён яшчэ і дзяржаву разбурае

Старшы даследчык Цэнтра новых ідэй, сацыёлаг Генадзь Коршунаў разважае наконт таго, што ўказ №278, які ўступіў у сілу 7 верасня, балюча ўдарыў па беларусах замежжа. Але ў далейшай перспектыве горш будзе толькі яго стваральнікам.

img_20230907_115441_logo.jpg

Для беларусаў, асабліва для тых, хто вымушана апынуўся за мяжой, галоўнай падзеяй мінулага тыдня, безумоўна, стаў указ Лукашэнкі №278 ад 4 верасня «аб парадку выдачы дакументаў і здзяйснення дзеянняў». Гэты ўказ забараняе выдачу беларускіх пашпартоў за мяжой і фактычна анулюе даверанасці, якія выдадзены не ў Беларусі. Усё рабіць толькі ў Беларусі. Пад непасрэдным наглядам і кантролем, так бы мовіць.

Як казала Нарцыс Шукураліева, «атачэнне Лукашэнкі аказалася вельмі інавацыйным і творчым», прынамсі ў пытаннях, якія тычацца ўшчамлення правоў беларускіх грамадзян. Таму што той указ — гэта ўдар «з адцяжкай», які адчуюць усе. Нават тыя, у каго пашпарт будзе дзейнічаць яшчэ хоць 10 гадоў. Адчуюць і тыя, хто ў Беларусі. Хоць бы таму, што людзі паміраюць і пакідаюць спадчыну. Як у яго ўступаць «з’ехалым» без даверанасці — незразумела; як падзяліць спадчыну, калі яго частка прыпадае на «з'ехаўшых» — незразумела.

Я вельмі сумняваюся, што распрацоўшчыкі гэтага ўказа шмат думалі пра яго наступствы. Напрыклад, яны падкінулі вельмі важкі козыр у калоду Ціханоўскай. І не толькі таму, што з гіпатэтычных зрабілі актуальнымі аргументы аб неабходнасці хутчэйшага прызнання краінамі ЕС пашпарта «Новай Беларусі». Акрамя таго, «пашпартны ўказ» робіць Ціханоўскую і яе Офіс яшчэ больш значным суб'ектам для ўсіх, хто быў вымушаны пакінуць Беларусь. Праўда, пры ўмове, што пашпарт такі будзе тым, чым яго прэзентуюць.

Зразумела, што галоўнай мэтай «пашпартнага ўказу» быў максімальна балючы ўкол, удар па тых, хто адмовіўся падпарадкоўвацца ўладам і з'ехаў з краіны. Гэта лагічны працяг той лініі, якую заклала забарона на галасаванне за мяжой і працягнулі пазбаўленне грамадзянства «экстрэмістаў», павышэнне коштаў на консульскія паслугі і перыядычныя адмовы ад іх выканання, разважанне аб адмове ў праве на медабслугоўванне і адмена адтэрміноўкі ад прызыву ў войска. У тым жа рэчышчы прызнанне экстрэмісцка-тэрарыстычнымі чатаў і арганізацый дыяспары. Роўна як і рыторыка «пакаяцца і паўзці на каленях» з тым, каб «адседзець і жыць нармальна». Усё ў адзін і той жа радок — дыскрымінацыя відавочна нязгодных быць «грамадзянамі рэжыму».

Дарэчы, гэта і пра раскол у грамадстве, які насамрэч ёсць. Але — я не стамлюся гэта паўтараць — не ў самім грамадстве гэты раскол. Гэта раскол, і нават фактычна вайна, паміж рэжымам і грамадствам. І аб'явіла гэтую вайну не грамадства, а рэжым. І ён жа выдасканальваецца ў пошуку новых спосабаў яе эскалацыі. «Дна няма, і нішто не за гранню!» — вось дэвіз гэтай вайны, у якой прапагандысты стаяць плячом да пляча з сілавікамі, а чыноўнікі — з даносчыкамі (хоць, як цяпер становіцца відаць, адзінства ў іх рэдкіх шэрагах неяк не вельмі маналітнае).

Мэта той вайны простая — знішчыць грамадзян, ператварыць іх у падданых, пажадана — у вернападданых. Каб не дурылі сабе галовы усялякімі дурнымі пытаннямі пра палітыку, незразумелыя правы і дзіўныя свабоды. Каб, калі трэба, хадзілі куды трэба і галасавалі за каго скажуць. Ціха працавалі дзе прыйдзецца і плацілі столькі падаткаў, колькі налічаць. Вось такое грамадзянства. Правы і свабоды тут не прадугледжваюцца, роўна як і размовы. Хто іх патрабуе — выступае супраць рэжыму, супраць улады, супраць дзяржавы. Гэта змагар і бунтар, а не грамадзянін. Такога з «грамадзян» не грэх і выпісаць — альбо адразу, альбо па факце заканчэння тэрміну дзеяння пашпарта.

Ну праўда — навошта рэжыму-уладзе-дзяржаве такія грамадзяне, якія хочуць быць грамадзянамі, а не падданымі? Хоць на рахунак «дзяржавы» я, мабыць, тут пагарачыўся. Менавіта дзяржаве такія грамадзяне і патрэбныя. Рэжыму — не, а дзяржаве — так. Проста справа ў тым, што цяпер рэжым не толькі з грамадствам ваюе, ён жа яшчэ і дзяржаву разбурае. Інакш сітуацыю, калі ўлада рэпрэсуе грамадзян і прымушае сацыяльныя інстытуты выконваць неўласцівыя ім функцыі, і не назваць.

І яшчэ момант, які мне цікавы. Ці мільгала ў каго з распрацоўшчыкаў указа думка пра тое, што свінню яны падкладаюць не толькі сваім грамадзянам, але і сваім суседзям? Таму што суседзі, як зусім, так і не зусім блізкія, займелі перспектыву атрымаць на сваіх тэрыторыях усё большую колькасць людзей без якіх-небудзь дзеючых дакументаў. І калі такая думка мільгала, то ці ўвязвалі яе з ціскам на межы з дапамогай мігрантаў з Ірака, Афганістана і іншых дружалюбных краін?

Хоць пра што гэта я? Такія стратэгічныя раскладкі — і нашы стратэгі? Вельмі малаверагодна. Яны толькі заднім розумам могуць на картах стрэлкі з нападамі маляваць. Хоць, трэба прызнаць, у ініцыятараў указа №278 атрымалася суседзяў напружыць. Тыя ўсведамляюць маштаб праблем і пакуль не вельмі разумею, што яны могуць з усім гэтым зрабіць. І Еўрапейскі Саюз вось ужо з гэтай нагоды выказаўся, і ААН наіўна заклікаў беларускія ўлады адумацца…

З іншага боку, варыянт вырашэння праблемы ў частцы пашпартоў ужо прапанаваны. Засталося прыкласці трошкі палітычнай волі і бюракратычных намаганняў.

І калі... Я ўсё ж думаю «калі». Таму што дзякуй за падкінуты жалезабетонны аргумент, які стрэлку нашых пашпартных праблем недвухсэнсоўна перавёў на прымаючыя бакі... Дык вось, калі прызнаюць пашпарт іншай Беларусі — я б вельмі хацеў у жывую ўбачыць рэакцыю тых, хто прыдумляў, распрацоўваў і падпісваў гэты ўказ.

І таму вялікае пытанне: каму ў выніку гэты ўказ зробіць горш? Так, цяпер — з’ехалым. А крыху пазней?