ДзяржСМІ: КДБ зноў затрымаў «украінскіх шпіёнаў»

Як паведамляюць прапагандысты, Камітэтам дзяржбяспекі Беларусі за адзін тыдзень, з 26 жніўня гэтага года «спынена дзейнасць трох агентурных груп, баявых ячэек Службы бяспекі Украіны». 

Фота КДБ

Фота КДБ

Як перадае дзяржаўнае інфармагенцтва БелТА, затрыманыя «рыхтавалі тэракты на чыгунцы ў Стаўбцоўскім і Талачынскім раёнах». Пры затрыманні ў іх канфіскавалі выбухоўку і дэтанатары.

«Адзін з фігурантаў, які рыхтаваў падрыў чыгункі ў Стаўбцоўскім раёне, ініцыятыўна выйшаў на сувязь з СБУ. Для падрыхтоўкі тэракту ён прыцягнуў свайго былога калегу. Ажыццявіць задуманае памагатым СБУ не ўдалося — іх затрымалі супрацоўнікі Камітэта дзяржбяспекі», — піша БелТА.

Усе затрыманыя змешчаны ў СІЗА КДБ. Па сцвярджэнні дзяржСМІ, яны даюць прызнальныя паказанні.

Прапагандыстка Людміла Гладкая назвала імя аднаго затрыманага — Вячаслаў Бародзій. Яна сцвярджае, што ў мужчыны быў пазыўны «Мангуст», ён нібыта «праходзіў спецпадрыхтоўку на базе навучальнага цэнтра ўкраінскіх спецслужбаў у горадзе Белая Царква (Кіеўская вобласць) як баявік-тэрарыст», дзе навучаўся «мінна-выбуховай і стралковай справе, тапаграфіі, выкарыстанні беспілотных лятальных апаратаў».

«У апошнія гады працаваў егерам у прыгранічных раёнах. Працуючы на СБУ, «Мангуст »выкарыстоўваўся ў апошні час як агент для перакідання ў нашу краіну выбухоўкі і іншай зброі для арганізацыі тэрактаў і дыверсій на тэрыторыі Беларусі і Расіі. Пры затрыманні ў яго канфіскаваны пісталет SIG Sauer з глушыцелем і двума падрыхтаванымі магазінамі», — паведаміла Гладкая.

Нагадаем, што КДБ Беларусі затрымлівае «ўкраінскіх дыверсантаў» з зайздроснай рэгулярнасцю. Праўда, вынікі гэтых «затрыманняў» часцяком не даходзяць нават да заканчэння следства. Напрыклад, у 2017 годзе заяўлялася пра «прарыў джыпа са зброяй» праз украінска-беларускую мяжу. А потым гэты джып нідзе знайсці не маглі.

У тым жа годзе фігурантаў «справы патрыётаў» абвінавачвалі ў тым, што яны трэніраваліся ў лагерах, у тым ліку ва Украіне. Вынік — спыненне справы і вызваленне ўсіх затрыманых «за адсутнасцю складу злачынства».

У сакавіку гэтага года КДБ ліквідавалі тэрарыста ў Гродне, хаця нацыянальную прыналежнасць забітага ні Лукашэнка, ні яго прапагандысты дагэтуль не назвалі. А адмыслоўцы ўвогуле кажуць, што ніякага тэрарыста не існавала, а відэа падобна на пастановачнае.