Куды падзеўся джып са зброяй, які прарываўся на беларускай мяжы
У ноч на 20 сакавіка, у 1 гадзіну 45 хвілін на памежным пункце пропуску "Аляксандраўка" беларуска-ўкраінскай мяжы адбываецца надзвычайнае здарэнне.

"Кіроўца Jeep збіў шлагбаум, праехаў праз сродак прымусовага спынення і, атрымаўшы механічныя пашкоджанні, распачаў спробу прарыву ўглыб тэрыторыі Беларусі. Для затрымання памежнікі ўжылі табельную зброю", ― гаворыцца ў афіцыйным паведамленні Памежнага камітэта.

Зброя, знойдзеная ў аўтамабілі-парушальніку. Фота sk.gov.by.
Пагоня працягваецца каля дзесяці хвілін. Памежнікі даганяюць аўтамабіль-парушальнік і прастрэльваюць яму колы. "Было затрымана двое грамадзян, асобы якіх высвятляюцца. Па наяўнай інфармацыі, у дадзеным аўтамабілі мог знаходзіцца яшчэ адзін невядомы, які ў цяперашні час адшукваецца. У ходзе вонкавага агляду аўтамабіля знойдзены пісталет маркі ТТ і два падрыхтаваныя магазіны, а таксама прадмет, знешне падобны на траціл і электрадэтанатары", ― гаворыцца ў тым жа паведамленні.
Пазней становіцца вядома, што ад памежнікаў уцёк кіроўца, а машына магла рухацца не з тэрыторыі Украіны, а з беларускай вёскі, размешчанай паміж беларускім і украінскім пунктамі пропуску.
На наступны пасля здарэння дзень кіраўнік краіны Аляксандр Лукашэнка заяўляе пра затрыманне "некалькіх дзясяткаў баевікоў". У ноч з 21 на 22 сакавіка затрымліваюць Алеся Яўдаху і Міраслава Лазоўскага, пазней яшчэ амаль тры дзясяткі чалавек. Яшчэ пазней дзяржаўныя тэлеканалы паказваюць сюжэт аб раскрыцці змовы групы асобаў, якія збіраліся 25 сакавіка, падчас дэманстрацыі на Дзень волі, арганізаваць у краіне масавыя беспарадкі. Пачынаецца сюжэт з... прарыву мяжы на КПП "Аляксандраўка".
Момант "прарыву" мяжы. Відэа з камер назірання памежнага пераходу "Аляксандраўка".
"Я не магу нічога вам расказаць па гэтай справе. У нас яе ўжо няма, усе дакументы перадавалі ў Генеральную пракуратуру. Вам трэба там даведвацца, што з імі стала далей. Я магу каментаваць толькі тыя справы, якія знаходзяцца ва Упраўленні СК па Гомельскай вобласці. Усе падрабязнасці, у тым ліку, ці быў затрыманы кіроўца аўтамабіля, вам могуць паведаміць у Генпракуратуры", ― сказала ў размове з Еўрарадыё прадстаўніца Упраўлення Следчага камітэта па Гомельскай вобласці.

Кулявыя адтуліны ў аўтамабілі-парушальніку. Фота sk.gov.by.
Прэс-сакратар Генпракуратуры Пётр Кісялёў пытанню Еўрарадыё аб "справе джыпа" здзівіўся і папрасіў ператэлефанаваць праз некалькі гадзін. Падчас паўторнай размовы коратка паведаміў: "Афіцыйна ― ніякіх каментарыяў Генеральная пракуратура не дае".