Лявон Вольскі: Не трэба мазахізму. Чаму не варта глядзець, слухаць і чытаць прапагандыстаў?
Лявон Вольскі раскрывае просты спосаб зменшыць аўдыторыю беларускіх прапагандыстаў.
У аўтарскай рубрыцы «Мама, не журыся» на budzma.orgЛявон Вольскі разважае пра тое, як зьменшыць аўдыторыю прапагандыстаў і навошта гэта рабіць.
Яны прапагандуюць, а мы (не) мусім верыць
Ёсьць такая групоўка людзей, такая супольнасьць, такая каста — прапагандысты. Яны прапагандуюць, а мы мусім гэтую іхную агітацыю ўсмоктваць, пераварваць і ўрэшце рабіцца «ахвярамі прапаганды» ці то «плёнам прапаганды» — як каму бліжэй. Яны нам распавядаюць, з чаго насамрэч складаецца сьвет, і мы мусім ім верыць, бо па тэлевізары ці ў дзяржаўнай газэце гавораць праўду і толькі праўду.
Гэтыя прапагандысты — яны самі па сабе нічога не прыдумляюць. Іхную «генэральную лінію» фармуюць іншыя людзі ў высокіх габінэтах. Таму часьцяком так атрымліваецца, што сёньня прапагандысты ашалела лаюць нейкага чалавека (краіну, зьяву), а заўтра генэральная лінія зьмянілася — і яны пачынаюць надзіва станоўча выказвацца пра аб’ект учорашняга шальмаваньня, а лаяць і тэрарызаваць іншы аб’ект.
Гэтыя пагрозьлівыя, насупленыя, пахмурныя, саркастычныя асобы па сутнасьці нічога зь сябе не ўяўляюць. Яны ня маюць свабоды перасоўваньня, свабоды думкі, свабоды творчасьці. Яны пастаўленыя ў жорсткія рамкі і заўсёды мусяць іх вытрымліваць.
Бязьлітасныя аналітыкі і хлопчыкі «вочкі ў кучку»
Вось хлопчык — крычыць, заклікае, абвінавачвае, запалохвае, пагражае. Калісьці раней на ролі прапагандыстаў бралі прафэсійных актораў, і выглядала гэта больш пераканаўча. Бо акторы ўжываліся ў ролю абвінаваўцы, выканаўцы найвышэйшага правасуддзя, бязьлітаснага аналітыка. Хаця й чыталі чужы, ня імі напісаны, тэкст. А тут хлопчык раве, абражаючы таго й гэтага, на зрыў голасу, а як ты яму дасі веры, калі ў яго пры гэтым «вочкі ў кучку», і ў гэтых вочках чытаецца стома і жаданьне пайсьці хутчэй дадому і адрапартаваць тату пра «насычаны рабочы дзень».
Ці дзядзечка, ужо далёка ня трэцяй маладосьці — усё жыцьцё целяпаўся недзе, прыбіваўся да розных берагоў, нідзе асабліва нічога не дасягнуў... Затое цяпер — бойцеся яго! — бязьлітасны аналітык! Заклікае няшчадна пазбаўляць волі і (увага!) жыцьця. Маўляў, змагар? — вышэйшая мера! — і такім чынам мы адвучым наш беларускі народ ад гэтага чужога для нас змагарства. Таксама плённы на розныя абразьлівыя словы і проста лаянку. Але як ты яму паверыш, калі там адусюль скразіць: «Гэта мой апошні шанец, і болей я столькі нідзе не зараблю. Таму буду трымацца за гэтае мейсца. Да апошняга. А там — гары яно ўсё гарам!»
Ці вось цётачка...
Хто чытае і глядзіць гэтых «акулаў пяра»
Зрэшты, я ня вельмі абазнаны ў гэтым іхным прапагандысцкім войску — хто там, дзе і што. Я не гляджу іхныя таксічныя этэры, не чытаю іхныя пахабныя тэксты, ня слухаю мярзотныя смярдзючыя рэпартажы. Навошта? Навошта ўпускаць у сябе гэтае пахабства, мярзоту, смурод і гнюсь?
Хаця так ужо здарылася, што асноўная аўдыторыя гэтых «акулаў пяра» — гэта мы з вамі. Думаеце, калгаснаму трактарысту цікава глядзець увечары пасьля працы абразы хлопчыка «вочкі ў кучку» ці пагрозы дзядзечкі «апошні шанец»? Дальбог, не! Ніхто іх не глядзіць, не чытае, ня слухае. Адно тыя, каму «паложана», бо загадалі на іх падпісацца ў сацыяльных сетках, альбо тыя, каму баліць, хто зьехаў за мяжу ці застаўся на радзіме, глядзіць гэтых недарэкаў і праклінае іх. Назаўтра гаворыць сябрам: «Вы чулі, да чаго дагаварыўся гэты паскуднік?» І ўсе абмяркоўваюць, плююцца, абураюцца...
Просты спосаб зменшыць аўдыторыю прапагандыстаў
Дык вось я раю не абмяркоўваць і не абурацца. Ня трэба гэтага мазахізму. Ня трэба іх глядзець, слухаць і чытаць. Паверце мне, бязь іх ваш сьвет зробіцца сьвятлейшы. Нашто вядучыя беларускія выданьні пераказваюць зьмест чарговага сьпічу вышэйзгаданых хлопчыка, дзядзечкі ці розных цётачак? Навошта карыстальнікі Твітэра ці Фэйсбука займаюцца тым жа? Дзеля чаго?
Мы ўсе выдатна ведаем, што могуць сказаць гэтыя прапагандысцкія пэрсанажы. Яны даўно перайшлі ўсе межы. Заклікалі нішчыць, калечыць і забіваць. Далей ісьці няма куды. І нічога крэатыўнейшага вы ад іх не пачуеце.
Дык кіньце дурное! Не зважайце на гэтых няшчасных асобаў, і яны пазбавяцца большае часткі сваёй аўдыторыі.
А вы ж гэтага хочаце, праўда?