Вольскі: «Улады нават пакрыўдзіліся: ну, як так? Мы іх застрашваем, а ніхто не баіцца»

Вядомы музыкант разважае ў свамі фэйсбуку, да чаго прывяло паралельна з уладай жыццё.

59b6d1a1ccdc2_volski.jpg

— Мы ж былі такія фанабэрлівыя! Мы жылі паралельна з гэтай уладаю. Тыпу, яна — сабе, а мы — сабе. Смешныя гэтыя дэпутаты, сядзяць, нічога не робяць, ім штосьці там скідваюць зверху, яны на аўтамаце падпісваюць-ухваляюць, смех дай годзе! — піша Лявон Вольскі. — І неяк знянацку высветлілася, што за процьму гадоў яны столькі ўсяго панападпісвалі, столькі напрымалі! А мы, выяўляецца, павінныя гэтаму ўсяму падпарадкоўвацца, бо гэта (хто б мог падумаць?!) закон!

Яны і ў кватэру да цябе могуць уварвацца без аніякага ордэру, і на вуліцы скруціць, нічога не прад'явіўшы, і машыну ты мусіш спыняць любому, хто ў абы-якім форменным адзенні, і абраза гонару і годнасці, і ўсё-усё-усё.

А калі што не супадае, ня вяжацца, не вымалёўваецца, дык прызначаны суддзя ва ўсім разбярэцца і адправіць куды трэба. Цябе. Ці справу. На дапрацоўку. А ты пакуль пасядзіш. А калі ім нехта зусім ужо не спадабаецца, дык яны могуць і ў расход. А што? Супрацоўнік Іван Іваноў змененым голасам дасць паказанні, што гэты грамадзянін кінуўся на яго з нажом. Супрацоўнік Пятроў пацвердзіць. Суддзя вынесе свой вердыкт, маўляў, усё было зроблена слушна.

І ўсё гэта добра б спрацоўвала, каб народ застаўся той самы, які ён быў, калі прымаліся гэтыя пункты, папраўкі, дадаткі і ўся іншая патрэбная ім лухта. Але людзі ўжо іншыя. Іх палохаюць, а яны не баяцца! Улады нават пакрыўдзіліся: ну, як так? Мы іх застрашваем, лякаем, а ніхто не баіцца. Мы крычым: пасадзім, зачынім, заб'ем! Не баяцца. Што за народзец такі? Няправільны нейкі народзец. Налівай, карочэ, Мікалаевіч, а то я расстроіўся нешта!

Паводле gazetaby.info