Аляксандр Фрыдман: Фільм не пра Паротнікава, а пра КДБ

29 жніўня АНТ паказала прапагандысцкі фільм «Гісторыя здрадніка. Паротнікаў». Чаму гэты фільм паказалі зараз, калі Польшча разам з Літвой і Латвіяй аб’явілі пра выпрацоўку супольнага механізма закрыцця мяжы з Беларуссю? Што не так з «фільмам-расследаваннем», як называюць гэты «твор» самі аўтары? Пагаварылі з гісторыкам, палітычным аглядальнікам Аляксандрам Фрыдманам.

Скрыншот з фільма

Скрыншот з фільма

Фільм разлічаны на публіку, якая не думае

— З пункту гледжання чалавека, які задае пытанні, заўважае дробязі і рэфлексіруе паказанае, фільм не вытрымлівае ніякай крытыкі. Такія прадукты робяцца дзеля таго, каб у нечым пераканаць чалавека. Але гэты фільм вельмі дрэнна зроблены, няўпэўнена, непераканаўча, хаця аўтары выкарыстоўваюць спецэфекты, музычныя ўстаўкі ды іншыя хітрыкі. Тэхнічна паспрабавалі зрабіць досыць сучасна, але выглядае карцінка зусім непераканаўча.

На прыхільнікаў расійска-лукашэнкаўскіх наратываў, якія вельмі адмоўна ставяцца да Захаду, а разважаць не прывыклі, вонкавыя эфекты могуць паўплываць. Гэты фільм увогуле не разлічаны на людзей, якія лічаць паказанае смешным і бязглуздым, ён разлічаны на публіку, якая не задае пытанняў і адпаведным чынам падкавана ідэалагічна. 

Паротнікаў нібыта сам прызнаецца ў «злачынствах». Чалавеку, які верыць тэлевізару, больш і даказваць нечага — ён жа сам прызнаўся. Але гэта вельмі павярхоўны погляд, насамрэч усё выглядае больш складана.

Кіраўнік аналітычнага цэнтра Belarus Security Blog Андрэй Паротнікаў затрыманы яшчэ вясной. Зараз яго абвінавачваюць у «здрадзе дзяржаве».

У анонсе прапагандысцкага тэлефільма Паротнікава называюць «журналістам і блогерам», завербаваным «не дыпламатамі, а кадравымі разведчыкамі з Варшавы».

Аналітыку пагражае да 15 гадоў зняволення. 

Пачну з Паротнікава. Ён чалавек вопытны, які разумее сваё становішча і, напэўна, з усіх варыянтаў выбраў лепшы з магчымых. Напэўна, і аўтары фільма зразумелі, што ўсё выглядае настолькі няўпэўнена, што туды давялося прыплесці нават Пратасевіча. Паротнікаў не паводзіў сябе як Пратасевіч; ён разумее, у якім становішчы аказаўся, разумее, што яму будзе куды цяжэй, чым Пратасевічу, бо ў яго ёсць свае погляды, якім не жадае на 100 адсоткаў здрадзіць. Ён імкнецца, з аднаго боку, палепшыць сваё становішча, але пры гэтым не знішчыць і сваю рэпутацыю. Бачна, што для Паротнікава рэпутацыя, напрацаваная за час працы аналітыкам, насамрэч важная.

Гэты фільм многае гаворыць пра ўзровень беларускага КДБ. Увогуле гэты фільм не пра Паротнікава, гэта фільм пра КДБ: пра іх погляды, пра іх метады працы. Усе ўстаўкі наконт Стрыжака і Красулінай (жывеш у Літве — значыць, літоўскі агент, жывеш у Польшчы — польскі агент) выглядаюць вельмі прымітыўна. 

Што да дзейнасці Паротнікава, то любы чалавек, які займаецца аналітыкай ці чытае аналітыку, разумее, што нічога крымінальнага той не зрабіў. Ён паводзіў сябе рызыкоўна — канешне: аналітыка на ваенную тэму ва ўмовах сённяшняй Беларусі (а ён працягваў жыць у Беларусі пасля пачатку вайны), тым больш што ён пісаў закрытую аналітыку для структур, парадамі якіх карыстаецца польскае кіраўніцтва, — гэта вялікая рызыка. Хаця нічога крымінальнага ён не рабіў: ён карыстаўся адкрытымі крыніцамі. А калі службоўцы-вайскоўцы перадаюць нейкую ваенную інфармацыю (і нават у гэтым выпадку гаворка пра дзяржаўныя таямніцы не ішла), то, прабачце, гэта ў вас праблемы. Я чытаў тэксты Паротнікава — гэта аналіз на аснове адкрытых крыніц інфармацыі. А тое, што ён сваю аналітыку прадаваў, дык прабачце: вялікая колькасць аналітыкаў гэтым зарабляе. І тое, што замежныя фонды, польскія, напрыклад, набывалі аналітыку Паротнікава, сведчыць хутчэй пра якасць ягонай аналітыкі. 

Глядзіце таксама

Нам кажуць, што супрацоўнікі выведкі дзейнічалі ў польскай амбасадзе, дык гэта вядомая практыка: так, многія супрацоўнікі выведкі працуюць у амбасадах, у розных амбасадах, і ў беларускіх амбасадах за мяжой, асабліва на Захадзе. І тое, што звычайныя супрацоўнікі амбасад стараюцца наладзіць сувязі ў краінах знаходжання: сустракаюцца з мясцовымі аналітыкамі, размаўляюць з імі, шукаюць дадатковую інфармацыю — гэта звычайная праца. У мінулым годзе праходзіла інфармацыя, што супрацоўнік беларускай амбасады ў Берліне сустракаўся з супрацоўнікамі Бундэстага. Гэта будзённая звычайная праца. Тым больш што ў Паротнікава відавочна не было доступу да ваенных сакрэтаў. Чалавека хочуць зрабіць здраднікам і асудзіць да 15 гадоў толькі за тое, што ён рабіў аналітыку — такім чынам можна асудзіць любога аналітыка, асабліва таго, хто займаецца праблемамі бяспекі ці спецслужбамі. 

Беларускі адказ Польшчы на пагрозы закрыць мяжу?

— Навошта гэты фільм паказаны менавіта зараз? Першыя паведамленні пра затрыманне Паротнікава з’явіліся яшчэ ў сакавіку, пра гэта пісала «Наша Ніва». Арышт Паротнікава адбыўся раней, здымкі, відавочна, таксама вяліся раней, але выпусціць гэты фільм вырашылі менавіта зараз. Чаму?

— На фоне сітуацыі вакол мяжы, відаць, згадалі, што ў арсенале ёсць прапагандысцкі фільм і яго трэба запусціць, пакуль яшчэ актуальны — адказаць палякам. Другая версія — Лукашэнка, магчыма, рыхтуецца да дээскалацыі. Паколькі фільм знялі, дык трэба яго выкарыстаць, бо бліжэйшым часам сітуацыя з прапагандысцкага боку можа змяніцца, і гісторыю з Паротнікавым ужо не выкарыстаеш. Але магчымы і трэці варыянт: Лукашэнка па-ранейшаму рыхтуецца да горшага, таму антыпольскія настроі трэба сістэматычна ўзмацняць. Усе тры гіпотэзы верагодныя.

Глядзіце таксама

Паротнікава зрабілі «польскім шпіёнам», бо назбіралі адпаведны матэрыял. Савецкі НКУС такім жа макарам штампаваў польскіх, нямецкіх ды іншых шпіёнаў. Ёсць задача — зрабіць чалавека чыімсьці шпіёнам, як то было падчас так званых «нацыянальных аперацый» НКУС у 1937-38 гадах. Дзеля выканання гэтай задачы трэба атрымаць адпаведны матэрыял. Той матэрыял, які спецслужбы атрымалі ад Паротнікава (запісы, перапіска з мэйла, з тэлефона), прывёў да высновы, што з яго лягчэй за ўсё рабіць «польскага шпіёна». Пра Літву яны таксама не маглі забыцца: там прысутнічае лінія з Красулінай і Стрыжаком, каб паказаць Паротнікава «польскім агентам», які таксама супрацоўнічаў з «літоўскімі агентамі». 

Не ведаю, ці хацелі яны паказаць Паротнікава чалавекам, які раскаяўся, але гэта ў іх асабліва не атрымалася. А можа, яны да гэтага і не імкнуліся.

Выглядае ўсё гэта камічна. Можна было б ад душы пасмяяцца, каб у выніку не было так трагічна. Калі Паротнікаў сыграў сваю гульню і выйдзе на волю — тады ўсё яшчэ не так жахліва. Але хутчэй за ўсё гэтага не будзе: ён будзе сядзець далей, затым — працэс, а потым, пасля прысуду, пэўныя шанцы на памілаванне застаюцца. Прынамсі, у выпадку з Пратасевічам гэта спрацавала. Калі палічаць, што ён сваю справу зрабіў добра, то могуць і памілаваць.

Спецслужбам варта звярнуць увагу на прыдворных аналітыкаў

— Я б падкрэсліў яшчэ адзін момант. У гэтым фільме назіраецца супярэчлівасць: яны паспрабавалі зрабіць сучаснае «дакументальнае» кіно, бяруць прыклад, зразумела, з Расіі — таксама нічога надзвычайнага. Але лексіка, абвінавачанні патыхаюць такім савецкім нафталінам, што аж моташна. Любы, хто хоць трохі ведае пра савецкі НКУС ці савецкі КДБ пасля вайны, бачыць, што тыя традыцыі захоўваюцца ў беларускім КДБ. Зразумела, што сцэнарная апрацоўка фільма была КДБшная, што яшчэ раз паказвае, якімі катэгорыямі мысляць гэтыя людзі. Спецслужбы дэманструюць прымітыўную логіку, думаю, менавіта так яны і ўяўляюць сабе сітуацыю: чалавек жыве на Захадзе, піша аналітыку, магчыма, прадае, яе купляюць замежныя амбасады, і на падставе гэтай інфармацыі спецслужбы прымаюць рашэнні. Таму ўсе аналітыкі — агенты. Тыповы погляд для дыктатуры, якая знаходзіцца ў стане ізаляцыі.

Глядзіце таксама

Лагічней было б звярнуць увагу не на незалежных аналітыкаў, наадварот — мела б сэнс чытаць і Шрайбмана, і Карбалевіча, і Сівіцкага, якіх таксама называюць «завербаванымі». Думаю, у лукашэнкаўскай адміністрацыі іх чытаюць. Але больш праблемнымі для спецслужбаў мусяць стаць прыдворныя аналітыкі, якія арыентуюцца не толькі на Лукашэнку, але і на Маскву і імкнуцца распаўсюджваць у Беларусі расійскія наратывы, што насамрэч пагражаюць незалежнасці Беларусі. І вось тут беларускаму КДБ варта было б задаць пытанне: ці не звязаны гэтыя людзі з расійскімі спецслужбамі?