Хронікі рэпрэсій за 30 жніўня: прысуд Яўгену Меркісу не змянілі, Паліна Шарэнда-Панасюк спыніла галадоўку
З дапамогай інфармацыі праваабаронцаў і незалежных СМІ сабралі звесткі пра палітычны пераслед у Беларусі за 30 жніўня.
Беларусь — на апошнім месцы ў Індэксе забароны катаванняў для постсавецкіх краінаў
Рабочая група па барацьбе з катаваннямі Платформы «Грамадзянская салідарнасць», у якую ўваходзяць прадстаўнікі праваабарончых і грамадскіх арганізацый з васьмі краін рэгіёну АБСЕ: Беларусь, Казахстан, Кыргызстан, Малдова, Польшча, Расія, Таджыкістан і Украіна — прадставілі штогадовы Індэкс выконвання забароны катаванняў.
Беларусь у Індэксе традыцыйна заняла апошняе месца, наша краіна набрала ў 2022 годзе 95 балаў, што яшчэ ніжэй на два балы, чым за папярэдні год.
- За распаўсюд «экстрэмісцкіх» матэрыялаў — у сярэднім 2,5 адміністрацыйныя справы кожны дзень
Улады пастаянна караюць беларусаў за распаўсюд «экстрэмісцкіх» матэрыялаў. З 2021 года вядома не менш за 2540 выпадкаў прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці па артыкуле за распаўсюд «экстрэмісцкіх» матэрыялаў. За гэта арыштавана 512 чалавек на 8343 сутак, прызначана штрафаў на 8313 базавых велічыняў (122 000 $).
- Тэлеграм-канал Паўла Усава — у «экстрэмісцкім» спісе
Баранавіцкі суддзя Мікалай Сельмановіч унёс у Рэспубліканскі "экстрэмісцкі" спіс тэлеграм-канал вядомага беларускага палітолага "UsovPavel" (на цяперашні момант — 3.3 тыс падпісчыкаў).
У спісе пазначана, што "экстрэмісцкімі матэрыяламі" канал прызнаў Баранавіцкі суд 9 жніўня 2023 года (але ў самім спісе тг-канал з'явіўся толькі цяпер).
Рашэнне выносіў суддзя Мікалай Сельмановіч, а зацікаўленым бокам судовага працэсу быў Мінінфарм — прынамсі, гэта вынікае з раскладу суда.
- У Брэсце асудзілі маці былога палітвязня і добраахвотніка — яе абвінавацілі ў «непадпарадкаванні» сілавікам
Учора адбыўся суд над Інай Калацкай. Па інфармацыі @viasna_brest, жанчыне прызначылі штраф паводле арт. 24.3 КаАП («Непадпарадкаванне службовай асобе»). У ролі суддзі быў Святаслаў Каліна.
Нагадаем, што 15 жніўня стала вядома пра затрыманне Іны Калацкай, маці Ціхана Клюкача. Былы палітвязень адбыў за кратамі паўтары гады, пасля чаго з'ехаў за мяжу і хацеў ваяваць на баку Украіны.
- Паліна Шарэнда-Панасюк спыніла галадоўку
Патрабаванні Паліны Шарэнда-Панасюк аб больш чалавечых умовах побытавага ўтрымання былі выкананыя, пішуць праваабаонцы.
З Рэчыцкага ІЧУ Паліна пераведзена ў СІЗА-3 Гомеля, дзе яна будзе знаходзіцца да суда. Цяпер Паліне зноў можна будзе дасылаць лісты, бандэролі і грашовыя пераводы.
Нагадаем, Паліна павінна была выйсці на волю мінулым летам, але яе асудзілі да яшчэ 1 года калоніі. У красавіку супраць палітзняволенай завялі ўжо новую справу — зноў за «злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі».
- Вярхоўны суд пакінуў без зменаў прысуд журналісту Яўгену Меркісу
Суддзя Вярхоўнага суду Уладзімір Чаравач пакінуў апеляцыю палітвязня без задавальнення.
Нагадаем, 30 траўня Гомельскі абласны суд прысудзіў Яўгену 4 гады пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму паводле ч. 1 і 2 арт. 361-4 КК («Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці») і ч. 3 арт. 361-1 КК («Стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім»).
Паводле прапагандыстаў, Яўген адпраўляў тэлеграм-каналам звесткі аб перасоўванні вайсковай тэхнікі. Таксама яны паведамляюць, што Меркіс працаваў для тэлеканала Белсат, які ўлады прызналі экстрэмісцкім.
- Па справе аб нападзе на амбасаду Беларусі ў Лондане вынесены прысуд: ад 8 да 10 гадоў калоніі завочна
У Мінскім гарадскім судзе вынесены прысуд па справе аб нападзе на амбасаду Беларусі ў Лондане 19 снежня 2021 года.
Сяргея Рабушку, Аляксандра Напрэенку, Максіма Зуева і Вадзіма Багаўкова абвінавачвалі паводле ч. 3 арт. 130 КК («Наўмысныя дзеянні, накіраваныя на ўзбуджэнне варожасці»), ч. 3 арт. 218 КК («Наўмыснае пашкоджанне чужой маёмасці, якое прывяло да прычынення ўрону ў асабліва буйным памеры») і ч. 1 арт. 366 КК («Гвалт або пагроза ў дачыненні да службовай асобы»).
Суддзя Дзіна Кучук прысудзіла Зуеву і Багаўкову па 10 гадоў калоніі завочна, Напрэенку і Рабушку — па 8 гадоў.
- Палітвязня Алега Рубца зноў змясцілі ў ШІЗА
У чэрвені 2022 года па рашэнні наваполацкай суддзі Вольгі Баліка палітзняволенага пінчука Алега Рубца перавялі на тры гады з калоніі ў жодзінскую турму № 8. Агулам у штрафным ізалятары за апошні год яго ўтрымлівалі амаль 200 сутак.
Цяпер сваякі палітвязня напісалі ў сацсетках, што Алега зноў змясцілі ў ШІЗА: “Два месяцы!... 60 сутак... 1440 гадзін... У адзіночцы, "каменным мяшку"! Алег зноў у ШІЗА. Без перапіскі, званкоў, кніг. 24/7 сам са сваімі думкамі, марамі, надзеямі, расчараваннямі, але не зламаны духам!!!”
Нагадаем, Рубца затрымалі 10 жніўня 2020 года за ўдзел у пратэстах у Пінску (ч. 2 арт. 293 КК). Пры затрыманні быў моцна збіты. 30 красавіка Алегу прысудзілі 5,5 гадоў калоніі.
-
Рагачоўскага журналіста Дзяніса Дашкевіча ўсё ж пакаралі за фота польскага прэзідэнта на фоне сцяга польска-венгерскай дружбы
Суддзя рагачоўскага раённага суда Ірына Зыль прызнала размяшчэнне гэтага фотаздымка і двух іншых фота з нацыянальнай сімволікай Беларусі на інфармацыйным рэсурсе Рагачоў Анлайн правапарушэннем, піша «Флагшток». Журналіста судзілі завочна, бо ён знаходзіцца не ў Беларусі.
Па "эсктрэмісцкім" артыкуле 19.11 ч. 1 судзя прызначыла Дашкевічу 740 рублёў штрафу і канфіскацыю "прадмета правапарушэння".
Нагадаем, што Дзяніс Дашкевіч для ілюстрацыі навіны ў сацсетках размясціў фота польскага прэзідэнта на фоне сцяга, які выкарыстоўваўся на мерапрыемствах польска-венгерскага сяброўства ў 2016 годзе.
Участковы міліцыянер Рагачоўскага РАУС Віталь Сімакоў убачыў у спалучэнні сумешчаных сцягоў Венгрыі і Польшчы колеры нацыянальнага сцяга Беларусі і склаў пратакол па артыкуле 19.11.