Усаў: Рашэнне пра вывад «вагнераўцаў» будзе прымацца ў Крамлі
Ці сыдзе «Група Вагнера» з Беларусі і ці спыніцца нелегальная міграцыя з беларускай тэрыторыі? І што будзе на мяжы? Польшча гатова адкрыць пункты пропуску на мяжы з Беларуссю, калі Аляксандр Лукашэнка пойдзе на саступкі, заявіў польскі бок, адзначае «Польскае Радыё».
Так, намеснік кіраўніка МУС Мацей Вонсікзаявіў, што калі рэжым Лукашэнкі пойдзе на саступкі, то Польшча гатова нават адкрыць некаторыя з раней закрытых памежных пераходаў, піша «Польскае радыё».
«Хочам паказаць свету і Лукашэнку, пра што ідзе размова. Ад чаго ідуць нашы рашэнні і што напрыканцы тых рашэнняў. Калі сітуацыя надалей будзе абвастрацца, калі дойдзе да інцыдэнту, калі камусьці прыйдзе ў галаву выкарыстаць «Групу Вагнера» для стварэння інцыдэнтаў на нашых межах, наша рэакцыя будзе супольнай, катэгарычнай. І прывядзе да аднаго выніку — абсалютнай ізаляцыі Беларусі, гэта значыць да закрыцця меж на польскай, латвійскай або літоўска-расійскай мяжы». Пра гэта намеснік кіраўніка Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі Мацей Вонсік сказаў у эфіры TVP Info, калі адказваў на пытанне аб магчымасці поўнага закрыцця памежных пераходаў з Беларуссю. На думку Вонсіка, калі Беларусь не хоча быць ізаляванай, яна таксама павінна супрацоўнічаць у міграцыйнай палітыцы.
Палітолаг Павел Усаў звяртае ўвагу, што яшчэ на мінулым тыдні гучалі радыкальныя заявы аб закрыцці ўсіх памежных пераходаў з Беларуссю. Але цяпер сітуацыю пераацанілі, бо зразумелі, што ўльтыматумы пагоршаць і так крытычную сітуацыю на межах. Лукашэнка на ўсе ўльтыматумы адказвае яшчэ больш неадэкватнымі дзеяннямі:
— Такое ваганне, змена стаўлення сведчаць аб тым, што ў тых, хто прымае рашэнне, няма разумення сітуацыі. Няма сістэмнага падыходу і ацэнкі сітуацыі, асабліва ў палітычна-ідэалагічнай гульні з рэжымам. Калі ты тыдзень таму ставіў ультыматум, то павінен вытрымаць паўзу. Такая сітуацыя паказвае слабасць еўрапейскіх палітыкаў, а Лукашэнка ў ідэалагічным плане зноў выглядае рашучым. Палітыка з такімі постацямі, як Лукашэнка ці Пуцін, так не вядзецца. Альбо ты выбіраеш жорсткую палітыку, альбо чакаеш, калі хочаш змяніць правілы сваёй уласнай гульні. Хоць я асабіста супраць закрыцця меж.
Калі казаць пра пастулат вывядзення «вагнераўцаў», то гэта недахоп аб’ектыўнай інфармацыі аб пазіцыі Лукашэнкі, кажа Павел Усаў. Рашэнне пра вывад «вагнераўцаў» будзе прымацца ў Крамлі. А для Крамля трымаць «вагнераўцаў» у Беларусі выгадна, бо яны эфектыўна раздражняюць краіны ЕС.
Палітолаг не верыць у тое, што Лукашэнка спыніць паток нелегальных мігрантаў, паколькі гэта сумесная з Расіяй аперацыя.