Еўрабюракратыя ці беларускі тэлевізар?
Падобна на тое, што беларускія ўлады разумеюць важнасць правільных бюракратычных працэдур не лепш за беларускі тэлевізар. Хоць, здавалася б, каму разумець сутнасць бюракратычных працэдур, як не беларускім уладам? — разважае аўтар тэлеграм-канала «Лісты да дачкі».
У панядзелак міністры ўнутраных спраў Польшчы, Літвы і Латвіі вызначыліся з тым, што павінна здарыцца, каб яны закрылі мяжу з Беларуссю.
Я, дарэчы, заўважыў, што некаторыя чакалі, што проста на гэтай сустрэчы межы і закрыюць. Прынамсі, асобныя людзі ў беларускім тэлевізары ўжо пачалі распавядаць, што няма ў суседзяў аргументаў супраць беларускіх улад.
Так, на ўсялякі выпадак, хачу табе заўважыць, што ў панядзелак ніхто закрываць мяжу не збіраўся. Яны збіраліся вырашыць, што павінна здарыцца, каб мяжа была закрытая.
Ну і, уласна, як збіраліся, так і вырашылі. Мяжу закрыюць, калі на ёй здарацца крытычныя інцыдэнты — атака вялікай групы мігрантаў або правакацыя з ужываннем зброі.
І насамрэч, гэта вельмі важнае рашэнне, якое павялічыла рызыку закрыцця мяжы значна больш, чым усе папярэднія пагрозы разам узятыя. Як бы там сабе ні радаваўся беларускі тэлевізар.
Вось да панядзелка пагрозы закрыць мяжу былі проста пагрозамі. Таму што не было канкрэтнага бюракратычнага механізму іх выканання. Не можа польскі прэм'ер-міністр сказаць, што ён з заўтрашняга, да прыкладу, дня закрывае мяжу Беларусі з Літвой і Польшчай. Ён нават польскую мяжу не можа закрыць, не задаволіўшы папярэдніх бюракратычных працэдур.
Гэта значыць, нават калі раптам якія-небудзь нядобрыя людзі пайшлі б на штурм мяжы з аўтаматамі ў руках, то, для таго каб закрыць мяжу, польскім уладам трэба было б правесці раўнды ўзгадненняў. Спачатку ўнутры ў сябе, а потым з калегамі ў Літве і Латвіі. Адпаведна, нават у выпадку якіх-небудзь крытычных інцыдэнтаў закрыццё меж заняло б некаторы час.
А пасля панядзелка ніякіх дадатковых раўндаў кансультацый праводзіць ужо не трэба. Таму што з'явілася правільная бюракратычная працэдура. А для любых бюракратаў няма нічога важнейшага, чым правільныя бюракратычныя працэдуры. Як я разумею, міністры ўнутраных спраў трох краін вызначыліся з канкрэтнымі параметрамі інцыдэнту, пасля якога межы закрываюцца, можна сказаць, аўтаматычна.
І ведаеш, дзіўная справа. Падобна на тое, што беларускія ўлады разумеюць важнасць правільных бюракратычных працэдур не лепш за Беларускі тэлевізар. Хоць, здавалася б, каму разумець сутнасць бюракратычных працэдур, як не беларускім уладам? Але ж не. Вось калі ў нядзелю і панядзелак плыні мігрантаў, што штурмавалі польскую, скажам, мяжу, зменшыліся да 6 і 11 чалавек, то ў аўторак яны зноў выраслі да 73. Гэта значыць, у панядзелак мяжу не закрылі — сёй-той з палёгкай выдыхнуў і вярнуўся да сваіх звыклых заняткаў.
Вось я і думаю: гэта сёй-той вырашыў праверыць на практыцы канкрэтныя колькасныя параметры інцыдэнту, пасля якога яму закрыюць мяжу, ці ён занадта моцна верыць свайму ўласнаму тэлевізару? Ці ўжо проста не ў стане прытрымаць імпэт мігрантаў даўжэй, чым на пару дзён?