Хронікі рэпрэсій за 29 жніўня: У Беларусі — яшчэ 17 палітвязняў

З дапамогай інфармацыі праваабаронцаў і незалежных медыя сабралі звесткі пра палітычны пераслед у Беларусі за 29 жніўня: затрыманні, суды і новыя палітвязні.

img_3146_logo_2.jpg
  • Праваабарончыя арганізацыі прызналі палітвязнямі яшчэ 17 чалавек.

У адмысловай заяве праваабаронцы патрабуюць неадкладна вызваліць палітвязняў Барыса Вітко, Міхаіла Літвака, Сяргея Адаську, Алега Пракапчука, Валерыя Хаменку, Аляксея Харсеева, Юлію Колас, Ягора Жукава, Аляксандра Пабяржына, Яўгена  Холадава, Андрэя Халупку, Сяргея Корсака, Аляксандра Бірэту, Аляксандра Кулікова, Сяргея Сафронава, Валерыя Кранцэвіча, Аляксея Афанасьева і спыніць крымінальны пераслед у дачыненні да іх. 

Праваабаронцы нагадваюць, што пераслед і пазбаўленне волі названых асоб з’яўляецца палітычна матываваным, звязаным з мірнай рэалізацыяй выказвання меркавання, і патрабуюць ад уладаў Беларусі іх неадкладнага вызвалення. Таксама праваабаронцы настойваюць на неабходнасці неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных і спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць грамадзян краіны.

  • Анджэй Пачобут не атрымлівае за кратамі лекаў для сэрца

Палітзняволены Анджэй Пачобут не атрымлівае лекаў для сэрца і не можа тэлефанаваць дадому. Пра гэта распавёў намеснік старшыні Саюзу палякаў Беларусі Марэк Занеўскі.

«Што тычыцца Анджэя, на жаль, сітуацыя вельмі цяжкая. Наступныя шэсць месяцаў правядзе ў камеры для пакарання, беспадстаўна кінуты туды. Так што сітуацыя пагаршаецца. Да яго не пускаюць адваката, не даходзяць лісты, не даюць яму лекі, якія яму патрэбны кожны дзень.

Найвялікшая праблема на сёння – гэта адсутнасць інфармацыі, бо да Анджэя не можа трапіць адвакат, не даходзяць лісты, яго пазбавілі магчымасці тэлефанавання дадому. І гэта стварае найвялікшую праблему, бо мы не ведаем, дзе ён цяпер, у якім ён стане і што ўвогуле там з ім дзеецца. 

З той інфармацыі, што да нас даходзіць, ён на шэсць месяцаў асуджаны знаходзіцца ў камеры пакарання ў калоніі і не атрымлівае лекі для сэрца, якія патрабуе кожны дзень. Гэта таксама прымушае вельмі непакоіцца».

  • Супрацоўніцу БНТУ асудзілі па «народным» артыкуле за ўдзел у акцыях пратэсту

У судзе Савецкага раёна Мінска 29 чэрвеня асудзілі 51-гадовую Жанну Сядлецкую. Яе абвінавацілі па «народным» артыкуле за арганізацыю і падрыхтоўку дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх (ч. 1 арт. 342 КК). Судовы працэс вяла суддзя Вольга Емельянчанка.

Жанчына да затрымання працавала на кафедры праграмнага забеспячэнне і тэхналогій БНТУ.

Па матэрыялах абвінавачання, Сядлецкая «разам з іншымі, блакавала рух транспарту і перашкаджала нармальнай працы грамадскага транспарту, чым была прычыненая шкоду транспартнаму прадпрыемству на суму 30 687 рублёў 17 капеек, што адпавядае не менш 1136,56 базавай велічыні». На фотавыявах і відэазапісу было зафіксавана, як Жанна сумесна з іншымі асобамі выходзіла на праезную частку дарог.

Суд прызначыў ёй абмежаванне волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу на два гады і шэсць месяцаў.


Глядзіце таксама

  • «Выказваў свае грамадска-палітычныя погляды»

Судом Кастрычніцкага раёна Мінска па ч. 1 арт. 342 КК («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх») асуджаны 36-гадовы Андрэй Курылёнак. Яго справу разглядала суддзя Іна Сівец.

Пра Курылёнка вядома, што ў 2017 годзе ён балатаваўся ў Мінскі гарадскі Савет дэпутатаў. А 10 жніўня 2020 года быў затрыманы на масавай акцыі пратэсту ў цэнтры Мінска і арыштаваны. Таксама 10 сутак  арышту яму прысудзіў суд 13 красавіка 2022 года за «непадпарадкаванне законным патрабаванням службовай асобы».

Па матэрыялах абвінавачання, у жніўні 2020 года, «у мэтах нагнятання незадаволенасці, напружанасці і пратэснага настрою ў грамадстве, наўмысна ажыццявіў блакаванне руху транспартным сродкам».

Суд прызначыў Курылёнку абмежаванне волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу на 2 гады 6 месяцаў.

  • Жыхара Смалявіцкага раёна за ўдзел у нядзельным маршы пратэсту асудзілі да «хатняй хіміі»

Суд Савецкага раёна Мінска 19 ліпеня вынес прысуд 28-гадоваму жыхару вёскі Антопалле Смалявіцкага раёна Уладзіміру Дудко, абвінаваціўшы яго ва ўдзеле ў масавых акцыях пратэсту ў верасні 2020 года (ч. 1 арт. 342 КК). Судовы працэс вяла суддзя Вольга Емельянчанка.

Па матэрыялах абвінавачання, слесар-электрамантажнік у верасні 2020 года, «парушаў грамадскі парадак, непадпарадкоўваўся патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі, замінаў працы грамадскага транспарту, чым прычыніў "Мінсктрансу" матэрыяльную шкоду на суму 33 771 рубель 63 капейкі».

Даследаваныя ў судовым пасяджэнні фотаздымкі цалкам пацвердзілі ўдзел Дудко ў масавым мерапрыемстве.

У выніку суд прызначыў Уладзіміру абмежаванне волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу на 2 гады і 6 месяцаў.

  • Палітзняволенага Андрэя Сачэўку пераводзяць на турэмны рэжым

Нагадаем, 19 верасня 2022 года Андрэя Сачэўку асудзілі да шасці гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму, прызнаўшы яго вінаватым паводле ч. 1 арт. 130 і ч. 1 арт. 293 Крымінальнага кодэкса.

Раней MAYDAY TEAM паведамлялі, што ў пачатку жніўня Андрэя накіравалі на два месяцы ў ПКТ. Да гэтага Андрэя пратрымалі 23 сутак у ШІЗА. Яшчэ тады яму паведамілі, што яго накіруюць у памяшканне камернага тыпу за "няправільныя погляды".

Стала вядома, што 24 жніўня ў Бабруйску адбыўся суд па замене палітвязню рэжыму ўтрымання. Суддзя Антон Дудаль пастанавіў перавесці палітвязня на турэмны рэжым. Цяпер Андрэя чакае этап у магілёўскую турму № 4.