Хронікі рэпрэсій за 28 жніўня

ГУБАЗіК расказаў, чаму садзяць за данаты; пацвердзілася затрыманне вайсковага аналітыка; працягваюцца затрыманні па даносах. Гэтыя і іншыя навіны — у нашым аглядзе.

_drot_minsk_kraty_njavolja_belarus_fota_dzmitryeu_dzmitryj__novy_czas__2__logo.jpg

***

Пацвердзілася затрыманне вайсковага аналітыка Андрэя Паротнікава. Як піша «Медыязона», у тэлеграм-канале АНТ апублікавалі трэйлер фільма «Гісторыя здрадніка. Паротнікаў», у якім паказваюць кадры яго затрымання. Факт затрымання «Медыязоне» таксама пацвердзіў знаёмы эксперта.

Мяркуючы па анонсе фільма, Паротнікава затрымалі падчас спробы экстраннай рэлакацыі ў расійскім Смаленску. Апошнія допісы ў сацсетках аналітыка датаваны 7 сакавіка. Па якім менавіта артыкуле затрыманы Паротнікаў, невядома.

У сакавіку пра магчымае затрыманне эксперта паведамляла «Наша Ніва».

Андрэй Паротнікаў — кіраўнік аналітычнага цэнтра «Belarus Security Blog», вайсковы эксперт. У верасні 2022 года Лукашэнка пазбавіў Паротнікава звання капітана міліцыі запасу.

***

ГУБАЗіК патлумачыў, чаму беларусы атрымліваюць тэрміны за данаты ў ініцыятывы, якія на момант пералічэння сродкаў не былі «экстрэмісцкімі».

Сілавікі патлумачылі сваю логіку на прыкладзе крымінальнай справы палітзняволенай Анастасіі Петрачэнка, якая атрымала тры гады калоніі за данат палку Каліноўскага, піша «Люстэрка».

Як вядома, на момант пералічэння сродкаў арганізацыя беларускіх добраахвотнікаў яшчэ не была прызнана «экстрэмісцкім фарміраваннем», а сам плацёж так і не прайшоў. Прапагандысты ГУБАЗіКа прызналі, што гэта сапраўды так. Тым не менш, дзяўчыну ўсё ж затрымалі, судзілі і адправілі ў калонію.

— Чаму? ( ... ) Прызнанне фарміраваннем або тэрарыстычнай арганізацыяй не азначае, што да прызнання банда не вяла тэрарыстычнай дзейнасці. Канкрэтныя экстрэмісцкія дзеянні, названыя ў законе, ажыццяўляліся, і дзейнасць вялася, а значыць і фінансаванне яе з'яўляецца крымінальным злачынствам, і гэта не з'яўляецца прымяненнем «зваротнай сілы», — расказала вядучая сацсетак ГУБАЗіКа ў відэа.

Яна, праўда, не ўдакладніла, якія менавіта «экстрэмісцкія дзеянні» здзяйсняў полк Каліноўскага да прызнання «экстрэмісцкім фарміраваннем» і ці ведала пра іх асуджаная Анастасія Петрачэнка да спробы пералічэння сродкаў.

У відэа ГУБАЗіК таксама прызналі, што падпіска на тэлеграм-каналы, якія былі прызнаны «экстрэмісцкімі», не цягне за сабой адказнасці. Тым не менш, сілавікоў гэта не бянтэжыць.

— Фармальна адказнасць прадугледжана толькі за распаўсюджанне, гэта значыць перасылку матэрыялаў іншым асобам. Але мы выдатна разумеем, што калі чалавек такім цікавіцца, значыць, у яго знойдуцца і іншыя парушэнні. Фармальная адсутнасць складу — гэта не падстава ігнараваць парушальніка, — заявіла прапагандыстка ГУБАЗіКа.

***

Суд Наваполацка арыштаваў мясцовага стаматолага Аляксандра Грудніцкага на 30 дзён, піша «Віцебск, я гуляю».

Медыка судзілі двойчы, але вядома пра гэта стала толькі цяпер. 17 жніўня яго арыштавалі на 15 сутак праз фотаздымак у Instagram з грузінскім і ўкраінскім сцягам, што расцанілі як «пікет» (ч.1 арт. 24.23 КаАП).

18 жніўня яго лайк у «Аднакласніках» пад публікацыяй «Хартыі-97» палічылі «распаўсюджваннем экстрэмісцкіх матэрыялаў» (ч.2 арт.19.11 КаАП), і Грудніцкага арыштавалі яшчэ на 15 сутак.

Суд над яго жонкай Алай прайшоў 22 жніўня, але вынікі невядомыя, піша «Віцебск, я гуляю».

Сямейную пару затрымалі 21 жніўня падчас вяртання з Літвы, дзе яны наведвалі сына.

Яны вярталіся ад сына з Літвы, іх затрымалі на беларускай мяжы. 22 жніўня Грудніцкі павінен быў выйсці на прыём пацыентаў, але гэтага не адбылося, пісала «Люстэрка».

***

Па чарговым даносе Юрыя Комара з чат-рулеткі затрымалі жыхара Бабруйска Віктара Бярозкіна. У відэа сілавікоў мужчына расказвае, што ён часова не працуе. Віктара затрымалі за яго праўкраінскія і прабеларускія погляды.

Юрый Комар «разводзіць» людзей на шчырыя размовы пра іх палітычныя погляды, а пасля выкладае відэа ў сеціва, каб яго суразмоўцаў затрымаў ГУБАЗіК, піша «Наша Ніва».

***

Кантэнт яшчэ некалькіх рэсурсаў прызнаны «экстрэмісцкімі матэрыяламі», піша «Вясна».

Гаворка ідзе пра інфармацыйную прадукцыю Telegram-канала «Volny Belarus» і інтэрнэт-рэсурсу «Кошт Урада». Яна прызнана «экстрэмісцкімі матэрыяламі» па заяве пракуратуры Савецкага раёна Мінска.

«Volny Belarus» — адзін з беларускіх незалежных навінавых паблікаў у Telegram.

«Кошт урада» — інтэрнэт-праект пра эканоміку, дзе аналітыкі ў даступнай форме тлумачаць, адкуль бяруцца і як трацяцца грошы ў бюджэце Беларусі.

На пачатку жніўня Мінінфарм таксама прызнаў «экстрэмісцкім» сайт эканамічнага праекта «Кошт урада».

***

Жыхар Мінска быў затрыманы за ўдзел у пратэстах 2020 года. Набліжаны да сілавікоў тэлеграм-канал апублікаваў 28 жніўня яго «пакаяльнае  відэа», піша «Салідарнасць». У роліку мужчыну прымусілі зняцца ў вышыванцы і ў кепцы з гербам Украіны.

— Хадзіў на пратэсныя маршы, дзе ажыццяўляў фатаграфаванне на праезнай частцы, чым перашкаджаў праезду грамадскага транспарту, які быў заблакіраваны, — вымушана сказаў на камеру мужчына.

Пра мужчыну ў міліцыю нібыта паведамілі яго суседзі, якія «заўважылі падазроныя прадметы адзення і дзіўныя паводзіны».

***

У Мінску затрымалі юрыста буйной міжнароднай кампаніі за ўдзел у пратэстах, паведамляюць праваабаронцы. Затрыманага клічуць Аляксандр Філіпушка. Яму 33 гады, родам ён з Паставаў.

Мужчыну абвінавачваюць у тым, што ён «хадзіў па дарогах падчас пратэстаў». Звычайна гэта азначае, што чалавеку пагражае крымінальная справа па артыкуле 342 КК Беларусі («Удзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак»).

***

Паводле звестак ініцыятывы прадстаўніцы па сацыяльных пытаннях АПК Вольгі Гарбуновай@klopat_by, ужо з паўгода няма аніякіх звестак пра самых вядомых палітвязняў. Напрыклад, пра Марыю Калеснікаву няма інфармацыі 195 дзён, пра Максіма Знака — 200 дзён, Мікалая Статкевіча — 201 дзень, Ігара Лосіка — 190 дзён, Сяргея Ціханоўскага — 172 дні, Віктара Бабарыку — 123 дні.

***

На сённяшні дзень у спісах палітвязняў, якія вядуць праваабаронцы «Вясны», налічваецца 1482 прозвішчы. Ініцыятыва «Dissidentby» вызнае палітычнымі зняволенымі 1738 чалавек. Сярод іх — 195 жанчын і 8 непаўнагадовых. 18 палітвязняў адпраўлены на прымусовае лячэнне.