«Лішніх пытанняў не задаваў». Амніставаныя палітвязні — пра тое, як іх вызвалялі

Мінулай восенню Лукашэнка зрабіў «жэст добрай волі» і абвясціў амністыю — але так, каб палітвязні пад яе не трапілі. Нягледзячы на гэта, некаторым усё-ткі ўдалося выйсці на волю па гэтай амністыі.

kraty_fota_dzmitryja_dzmitryeva_novy_czas6.jpg

Пад амністыю, абвешчаную летась да «Дня народнага адзінства», практычна не патрапілі палітвязні. Але некалькі чалавек, чые артыкулы ўвайшлі ў закон, усё ж выйшлі на волю. Двое з іх, якія адбывалі пакаранне на «хіміі», расказалі свае гісторыі блогу «Шуфлядка».

Выйсці, «як у кіно», не атрымалася

Калі восенню пачалося абмеркаванне амністыі, Алег нават не думаў, што можа аказацца ў ліку тых, каго вызваляць. Андрэй таксама сачыў за сітуацыяй з законам і ўзрадаваўся, калі зразумеў, што можа трапіць пад яго. Нават супрацоўнікі ПУАТ казалі, што ў яго ёсць усе шанцы выйсці.

Шанцы на вызваленне Алег абмяркоўваў з роднымі, а тым, хто адбываў пакаранне разам з ім, нічога не гаварыў да апошняга — на ўсялякі выпадак.

«Калі б у мяне былі нейкія «нарухі», то, можа, і не адпусцілі б. Я паводзіў сябе так, каб не было нават фармальнай падставы для спагнання. Хоць, вядома, разумею, што было б указанне — былі б і парушэнні. Але вось неяк абышлося», — расказвае ён.

Рашэнне аб амністыі прымалі камісіі пры адміністрацыях ПУАТ. Абодва палітвязні чакалі яго некалькі месяцаў, а пра вызваленне даведаліся за некалькі гадзін.

Алегу ў нейкі момант проста сказалі падысці да дзяжурнага і распісацца «за пражыванне».

«І я разумею, што сёння нарэшце адпусцяць. Лішніх пытанняў не задаваў, таму што ўсё роўна ніхто не адкажа. Дзесьці праз гадзіну мне сказалі збіраць рэчы», — расказвае ён.

Паводле слоў Алега, выйсці з рэчамі за браму, «як у кіно», у яго не атрымалася. У суправаджэнні міліцыі яго даставілі на вакзал і пасадзілі на цягнік.


Глядзіце таксама

У Андрэя ўсё адбылося яшчэ больш спантанна.

«Я пытаўся, калі ўжо. Мне кажуць: паўгода ёсць у нас для прымянення закона. А потым у адзін дзень да мяне прыходзіць супрацоўнік «хіміі» і кажа: "Збірайцеся, мы павінны адвезці вас на вакзал". Я стаў прасіць даць мне хоць бы гадзіну на зборы, каб па мяне паспела сям'я прыехаць».

Час на зборы яму ўсё-ткі далі, але родныя не паспелі прыехаць з іншай вобласці. Супрацоўнік «хіміі» адвёз Андрэя на вакзал, а адтуль ён сам зноў вярнуўся ў горад і дачакаўся сям'ю.

«На маёй памяці гэта другі быў такі выпадак, каб адміністрацыя кагосьці адвозіла на вакзал. Першы раз быў нейкі хуліган злосны, ну і вось я — другі», — расказвае Андрэй.

«Тут можна жыць, пакуль не нарвешся»

Дома, кажа Алег, апынуцца было прыемна, але не было нейкай «звышрадасці».

«Я даўно чакаў, і вось яно адбылося, таму эмоцый аніякіх асаблівых не было. Калі столькі чакаеш — якія могуць быць эмоцыі? Амністыя ж да 17 верасня была. Жонка таксама спакойна адрэагавала: прыехаў і прыехаў. На нас усіх вельмі адбілася стомленасць ад таго, што здарылася», — кажа ён.

Андрэй жа «быў страшна рады» апынуцца дома. Першыя дні быў заняты сустрэчамі з роднымі і сябрамі.


Глядзіце таксама

«Абняў блізкіх нарэшце, пагаварыў з усімі. Зразумела, некаторыя да мяне прыязджалі, але не ва ўсіх была такая магчымасць. І вось раптам убачыліся».

Па вяртанні дадому Алег прыйшоў у міліцыю, дзе прад'явіў даведку аб вызваленні ад крымінальнай адказнасці. Паводле слоў Алега, яго не паставілі на ўлік і з праверкай да яго дадому міліцыя не ходзіць.

«Прыехаў і прыехаў, куды — спачатку сам не зразумеў. Цяпер быццам жывём, усё нармальна. Тут можна жыць, пакуль не нарвешся. А так, вядома, самі разумееце: тут быў бы чалавек, а артыкул знойдзецца», — кажа ён.

У Андрэя ўсё было прыкладна гэтаксама: прыйшоў у міліцыю, адзначыўся. Там, кажа ён, сустрэлі «не надта гасцінна», але на ўлік таксама не паставілі. Прыкладна праз паўтара месяца Андрэй атрымаў памятку ад Цэнтра сацыяльнай абароны, у якой яго павіншавалі з вызваленнем. Акрамя таго, у памятцы было пазначана, што ён можа звярнуцца да псіхолага і па матэрыяльную дапамогу.

«Я туды пайшоў, але аказалася, што ўсе тэрміны, каб падаць дакументы на матдапамогу, ужо выйшлі», — расказвае ён.

Андрэй кажа, што ўспрымае тое, што здарылася з ім, «як страшны сон» і амаль не згадвае «хімію».

«Перапісваюся з адным таварышам адтуль, не «палітычным», яму яшчэ паўтара года гэтую лямку цягнуць. А больш нават і сувязь ні з кім не падтрымліваю. У мяне засталіся даўжнікі на «хіміі», але прасцей пра грошы забыцца».