551-шы дзень вайны. Украінскія войскі ўзялі Рабоціна

Украінскія вайскоўцы пакрысе працягваюць контрнаступ і афіцыйна адбілі Рабоціна — важны стратэгічны пункт у Запарожжы. У Расіі, падобна, працягваюць разбірацца з унутранымі праблемамі, якіх дадало забойства Яўгена Прыгожына. А тым часам працягваюцца паветраныя дуэлі — у абодва бакі.

Фотa: facebook.com/PvKPivden

Фотa: facebook.com/PvKPivden

Афіцыйна: Украіна адбіла Рабоціна

Украінскія вайскоўцы вызвалілі Рабоціна ў Запарожскай вобласці, УСУ працягваюць рух далей, заявіла намесніца кіраўніка Мінабароны Ганна Маляр пры ўключэнні з Military Media Center. Яна адзначыла, што Поўдзень з'яўляецца асноўным напрамкам Сіл абароны Украіны, дзе па Запарожскай і Херсонскай абласцях вораг знаходзіцца ў абароне.

«У нас працягваюцца наступальныя дзеянні. Вы ведаеце, што вызвалена Рабоціна. І далей нашы войскі рухаюцца ўжо на паўднёвы ўсход ад Рабоціна і на поўдзень ад Малой Такмачкі», — сказала Маляр.

На паўночным флангу Бахмута расійскія войскі спрабуюць вярнуць страчаныя пазіцыі, а на паўднёвым УСУ вызвалілі яшчэ 1 квадратны кіламетр тэрыторыі, паведаміла яна. Маляр адзначыла, што эпіцэнтрам баёў была Кляшчэеўка. «Сапраўды, барацьба працягваецца менавіта ў гэтым населеным пункце. Ну і ў раёнах Арэхава — Васілаўкі. Там таксама вораг вельмі магутна супраціўляецца. Але там прасоўваемся мы», — распавяла яна.

Інстытут вывучэння вайны (ISW) адзначае, што ў Запарожскім кірунку расійцы ўзмацняюць актыўнасць авіяцыі. Гэта, на думку экспертаў, кажа аб іх няздольнасці стрымліваць украінскі наступ у гэтым раёне.

Спецыялісты ISW дадаюць, што расійскія войскі выдаткавалі значную колькасць матэрыяльных сродкаў, намаганняў і жывой сілы на ўтрыманне серыі абарончых пазіцый, на якія цяпер прарываюцца ўкраінскія войскі, і незразумела, ці захаваюць акупанты перавагі, якія яны маюць, калі яны не змогуць вылучыць такі ж узровень рэсурсаў і асабовага складу для наступных узроўняў абароны. Аднак наступны расійскі абарончы рубеж, хутчэй за ўсё, створыць значныя праблемы для ўкраінскага наступу, дадаюць эксперты.

Сілы абароны Украіны на Бахмуцкім кірунку змаглі прасунуцца каля Андрэеўкі, працягваюць весці баі з расійскімі акупантамі непадалёк ад узятага Рабоціна, і адбіваюць варожыя штурмы на Сватаўскім участку фронту, а таксама на Аўдзееўскім кірунку, сведчаць звесткі інтэрактыўнай карты DeepStateMap.

Глядзіце таксама

Начныя абстрэлы працягваюцца

У ноч на панядзелак, расійцы нанеслі ўдар ракетамі марскога і паветранага базавання. Чатыры крылатыя ракеты «Калібр» былі выпушчаныя з варожага фрэгата з акваторыі Чорнага мора паблізу Феадосіі. Таксама ўжытыя дзве кіраваныя авіяцыйныя ракеты Х-59 з двух самалётаў Су-34, якія былі выпушчаныя ў напрамку Крывога Рога з паветранай прасторы акупаванай часткі Херсонскай вобласці.

Сілы СПА збілі чатыры з шасці выпушчаных ракет.

Праз расійскую атаку ў Палтаўскай вобласці ў ноч на панядзелак, 28 жніўня, загінулі два чалавекі. Яшчэ двое — параненыя, яшчэ двух людзей шукаюць, паведаміў кіраўнік Палтаўскай вобласці Дзмітрый Лунін. «Працягваюцца пошукавыя работы і разбор завалаў. Таксама цалкам разбураны вытворчы цэх», — сказаў Лунін.

У Крывым Рогу варожай ракетай былі разбураныя два дачныя дамы, пяць — пашкоджаныя, таксама загарэлася гаспадарчае збудаванне. Без пацярпелых.

Акрамя гэтага, у Днепрапятроўскай вобласці расійцы ўдарылі па Нікапольскім раёне з цяжкай артылерыі — пад ударам апынуліся Марганецкая і Міроўская абшчыны, там пашкоджаны прыватны дом.

Расійскія сілы гэтай ноччу пры ракетнай атацы «Калібрамі» па тэрыторыі Украіны ўжылі тактыку, падобную з мінулым ударам, суткамі раней, калі паветраныя цэлі праціўніка часта манеўравалі. Гэта можа тлумачыцца дэфіцытам ракет у захопнікаў, мяркуе спікерка Сіл абароны поўдня Украіны Наталля Гумянюк. У ноч на 28 жніўня войскі РФ зноў запускала ілжывыя мэты. Іх колькасць была такой жа, як і сапраўдных ракет.

«Гэтым разам таксама тактыка была выкарыстаная прыкладна такая ж: з блуканнем ракет, са спробай абысці маршруты, і магчымыя іх месцы паразы», — сказала Гумянюк. З яе слоў, мяркуючы з усяго, расійцы «спрабуюць такім чынам кампенсаваць цяпер некаторы дэфіцыт ракет».

Расійскае Міністэрства абароны, у сваю чаргу, заявіла пра нібыта збіццё двух беспілотнікаў над Бранскай вобласцю і яшчэ аднаго недалёка ад Масквы. Мэр Масквы Сяргей Сабянін заявіў аб збіцці БпЛА ў раёне горада Люберец ў Маскоўскай вобласці.

Пазней расСМІ напісалі, што «маскоўскі» беспілотнік збілі за пяць кіламетраў ад завода, размешчанага ў Таміліна Люберцоўскага раёна. Там займаюцца распрацоўкамі і мадыфікацыямі верталётаў серыі «Мі».

2877775.jpg

Пуцін не сочыць за «Вагнерам»?

У Інстытуце вывучэння вайны (ISW) мяркуюць, што Мінабароны Расіі можа быць больш зацікаўленае ў смерці заснавальніка ПВК «Вагнер», чым расійскі дыктатар, ці ж такім чынам «адбельваюць» Пуціна.

Следчы камітэт Расіі абвясціў 27 жніўня, што генетычная экспертыза пацвердзіла, што заснавальнік ПВК «Вагнера» Яўген Прыгожын быў сярод 10 чалавек, якія загінулі ў авіякатастрофе 23 жніўня.

Расійскія так званыя «ваенкоры» сцвярджаюць, што Мінабароны Расіі актыўна вылучала ўмовы для спынення дзейнасці «Вагнера» на Блізкім Усходзе і ў Афрыцы яшчэ да смерці Прыгожына. Па словах аднаго з «ваенкораў», прадстаўнікі Мінабароны Расіі на перамовах баяцца аказваць прамы ціск на ўдзельнікаў «Вагнера», і замест гэтага ціснуць на блізкаўсходніх і афрыканскіх афіцыйных асоб, каб тыя разарвалі свае сувязі з ПВК.

Аналітыкі прыйшлі да высновы, што Мінабароны Расіі можа быць больш зацікаўленае ў расфармаванні «Вагнера», чым прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін.

ISW не можа пацвердзіць дакладнасць гэтых паведамленняў, але калі яны праўдзівыя, гэта можа сведчыць, што Пуцін не кіруе працэсам роспуску ПВК «Вагнер», а пераклаў гэтую адказнасць на Міністэрства абароны РФ.

Аднак усплёск такіх паведамленняў у расійскіх супольнасцях «ваенкораў» і так званых апазіцыянераў можа таксама быць спробай аддзяліць Пуціна ад забойства Прыгожына і магчымага роспуску «Вагнера».