Падраздзяленні УСУ ўвайшлі ў Рабоціна: Чаму гэта важна?

Украінскія воіны 47-й брыгады, якая з боем увайшла ў сяло Рабоціна, арганізавалі эвакуацыю мірных жыхароў на БМП «Брэдлі», адзначыла намесніца міністра абароны Ганна Маляр.

Фота з тэлеграм-канала Ганны Маляр

Фота з тэлеграм-канала Ганны Маляр

Украінскія вайскоўцы ўвайшлі ў сяло Рабоціна Запарожскай вобласці, якое з'яўлялася адным з ключавых вузлоў абароны расійскай арміі. Пра гэта паведаміла намесніца міністра абароны Украіны Ганна Маляр у Telegram у аўторак, 22 жніўня.

«Воіны 47-й брыгады, якая з боем увайшла ў сяло Рабоціна, арганізавалі эвакуацыю мірных жыхароў на БМП "Брэдлі"», — напісала яна.


Паводле яе слоў, падраздзяленні УСУ выконваюць планавую баявую працу і знішчаюць захопнікаў. Пры гэтым у адказ акупанты бесперапынна абстрэльваюць Рабоціна з артылерыі.

ISW: Украінская армія дамаглася тактычнага поспеху ў раёне Рабоціна

Амерыканскі інстытут вывучэння вайны (ISW) у чарговай зводцы-аналізе за 21 жніўня абагульніў паведамлення блогераў і афіцыйныя заявы і прыйшоў да высновы, што ўкраінскія часткі дамагліся тактычнага поспеху ў раёне вёскі Рабоціна на паўднёвым фронце.

У паведамленні Амерыканскага інстытута вывучэння вайны адзначаецца, што 20-21 жніўня ўкраінскія войскі дасягнулі тактычна значных поспехаў у Рабоціна і на ўсход ад яго на захадзе Запарожскай вобласці. Яны працягвалі контрнаступальныя дзеянні на адміністрацыйнай мяжы Данецка-Запарожскай вобласці і на ўсходзе Украіны.

«Геалацыраваныя здымкі, апублікаваныя 20 і 21 жніўня, паказваюць, што ўкраінскія часткі дайшлі да цэнтральнай часткі Рабоціна (10 км на поўдзень ад Арэхава), а таксама прарвалі абарону расіян у некаторых месцах на поўдзень ад Малой Такмачкі», — пішуць аўтары зводкі.

Пра тое, што расійскія часткі ўтрымліваюць толькі Паўднёвую ўскраіну Рабоціна, у апошнія дні паведамлялі многія Z-блогеры, акрамя таго, з'яўляліся і непацверджаныя пакуль паведамленні аб поўным сыходзе расіян з руін гэтага мястэчка.

«ISW у сваіх ацэнках раней адзначаў, што атакі ўкраінцаў на Рабоціна тактычна важныя, таму што з прасоўваннем наперад у гэтым раёне ўкраінскія сілы, магчыма, змогуць пачаць дзейнічаць за самымі шчыльнымі расійскімі міннымі палямі», — тлумачаць аўтары зводкі.

На думку аналітыкаў інстытута, тое, што ўкраінскія часткі змаглі прасунуцца і ў палях на ўсход ад Рабоціна, можа пацвярджаць гэтую здагадку.

Акрамя таго, як адзначае ISW, прасоўванне ў гэтым раёне мае пэўнае значэнне і таму, што расійскае войска кінула на яго абарону значныя рэсурсы ў выглядзе тэхнікі і жывой сілы.

Паводле ВВСkorrespondent.netwww.understandingwar.org