Савецкі шпіянаж на «мяжы цывілізацый»
Дакументы польскіх выведавальных органаў 1920–1930-х гадоў, якія захоўваюцца ў польскіх архівах, даказваюць, што ў даваенны час на тэрыторыі Заходняй Беларусі актыўна дзейнічалі савецкія выведнікі і дыверсанты. Яны стваралі шпіёнскія сеткі, вербавалі агентаў, збіралі інфармацыю, шукалі інфарматараў. Карацей, рыхтавалі глебу для арганізацыі «рэвалюцыйнай сітуацыі».
Небяспечны мінскі напрамак
У лютым 1930 года на стол кіраўніцтва Другога аддзела Генеральнага штаба Войска Польскага лягла аператыўная справаздача выведнікаў 3-й карпусной акругі Войска Польскага з Гродна. У дакуменце аналізавалася дзейнасць савецкай выведкі на тэрыторыі паўночна-ўсходніх ваяводстваў Другой Рэчы Паспалітай.
«Мінскі калідор з’яўляецца галоўным памежным пераходам для эмісараў і агентаў савецкай выведкі. На гэтым участку ключавую ролю адыгрывае мястэчка Крайск, дзе знаходзіўся “спец” мінскага ДПУ Пінкус. На польскай тэрыторыі важным месцам з’яўляецца Даўгінаў. Там для сустрэчы “важных асоб” з Саўдэпіі ёсць гатэль, а для звычайных бальшавіцкіх агентаў выкарыстоўваецца рэстаран побач з рынкавай плошчай. Яго ўласнікам з’яўляецца былы царскі афіцэр. З Даўгінава тыя, хто мае “добрыя” дакументы, накіроўваюцца ў мястэчка Касцяневічы, а адтуль на чыгуначную станцыю Крывічы, дзе сядаюць у цягнік і едуць у Маладзечна, адкуль накіроўваюцца ў розныя раёны краіны. Тыя, хто не мае патрэбных дакументаў, накіроўваюцца ў вёску Глебёнка, дзе чакаюць некалькі дзён на атрыманне папераў», — адзначалася ў дакуменце.
Таксама ў справаздачы падкрэслівалася, што ў Вілейцы знаходзілася «лейка» КПЗБ, спецыяльная падпольная арганізацыя, якая рыхтавала польскія дакументы для нелегалаў. Савецкія агенты з Мінска таксама актыўна накіроўваліся ў Маладзечна, дзе збіралі інфармацыю пра польскія вайсковыя гарнізоны ў горадзе і на мяжы з БССР.
Другі, па меркаванні польскіх выведнікаў, калідор, праз які савецкія агенты «ішлі» на тэрыторыю Другой Рэчы Паспалітай, знаходзіўся пад Заслаўем. Тут бальшавіцкія дыверсанты пераходзілі кардон і накіроўваліся ў Аляхновічы. «Лейка» на гэтым «калідоры» знаходзілася ў рэстаране мястэчка Лебедзеў. У маёнтку Лешна, што было побач, размяшчалася яўка, уласнікам якой быў Томаш Саковіч. Перакідка польскіх камуністаў з Польшчы ў БССР адбывалася праз акно на мяжы.
«Пераход з Польшчы ў СССР на “мінскім напрамку” адбываецца наступным чынам. Агент праз Маладзечна едзе ў Вілейку, адкуль яго забірае “праважаты” з ліку савецкага памежнага апарату і накіроўвае ў ваколіцы Даўгінава на самую мяжу», — пісалася ў згаданым дакуменце. Польскія выведнікі з Варшавы рэкамендавалі сваім калегам на месцы як мага хутчэй узяць пад кантроль бальшавіцкія «маліны» і яўкі на мяжы з БССР.
Напярэдадні вялікіх выпрабаванняў
Дзейнасць савецкіх шпіёнаў на тэрыторыі паўночна-ўсходніх ваяводстваў Другой Рэчы Паспалітай асабліва ўзмацнілася ў канцы 1930-х гадоў. Нічога дзіўнага: Еўропа крочыла да жудаснага вайсковага канфлікту. У міжваенны час менавіта Польшча лічылася найбольш верагодным праціўнікам Савецкага Саюза ў будучай вайне. У гэтай сітуацыі Крамлю патрэбныя былі дакладныя выведвальныя дадзеныя пра стан польскага войска.
1 кастрычніка 1938 года ў Валожыне супрацоўнікамі польскай паліцыі быў затрыманы грамадзянін Польшчы Уладзімеж Чаеўскі, прапісаны ў вёсцы Мыслевічы Маладзечанскага павета. Падчас ператрусу пры затрыманым былі знойдзеныя савецкі вайсковы компас, 1401 польскі злоты і 65 грошаў, два лісты на рускай мове, некалькі здымкаў, польскі ўнутраны пашпарт і вайсковы білет. На допыце, які адбываўся ў канцылярыі «пляцуўкі» КАП №4 у Маладзечне, мужчына прызнаўся, што ён савецкі шпіён Юрый Макарэвіч, грамадзянін СССР, прапісаны ў Мінску.
Аказалася, што агент нарадзіўся ў Варшаве, але потым разам з бацькамі пераехаў у Палтаву. У 1931 годзе будучы шпіён паступіў у Сельскагаспадарчы інстытут у Растове-на-Доне, дзе атрымаў дыплом інжынера-механіка. Пасля гэтага Юрый пераехаў у Гомель, дзе працаваў на «Гомсельмашы». 8 кастрычніка 1937 года Макарэвіча выклікалі ў ваенкамат у Гомелі, дзе… прапанавалі стаць выведнікам на тэрыторыі Польшчы. Інжынер пагадзіўся, падпісаў «абавязацельства аб супрацы» і атрымаў псеўданім «Малыш».
У лютым 1938 года з інжынерам сустрэўся чалавек у форме савецкага вайсковага лётчыка, які накіраваў агента на курсы польскай мовы. Акрамя гэтага Макарэвічу загадалі 14 студзеня 1938 года прыбыць у Мінск у Другі савецкі гатэль на вуліцы Камсамольскай. Там з ім сустрэўся афіцэр у мундзіры маёра РСЧА, які перадаў інжынеру інструкцыі і даведку для кіраўніцтва «Гомсельмашу», што спецыяліст накіроўваецца на спецкурсы.
Дарэчы, падчас размовы з агентам савецкі вайсковец асабліва цікавіўся тым, як чалавек, які нарадзіўся ў Варшаве, апынуўся ў беларускім Гомелі.
Дыверсійная школа… у Доме ўраду
У Мінску агент «Малыш» размясціўся ў брата, які жыў на вуліцы Чырвонаармейскай, 48. 11 лютага 1938 года Макарэвічу загадалі накіравацца на вуліцу Савецкую ў Дом ураду і знайсці там пакой №543 на пятым паверсе. Там… савецкая выведка рыхтавала агентаў для працы на тэрыторыі Другой Рэчы Паспалітай!
Макарэвіч атрымаў пропуск на ўваход у галоўны ўрадавы будынак савецкай Беларусі (выдадзены на бланку Саўнаркаму), і з гэтага моманту пачалася яго выведвальная паўгадавая падрыхтоўка. Сярод прадметаў, якія вывучалі дыверсанты, былі польская мова і гісторыя, дзейнасць польскай выведкі і контрвыведкі, тапаніміка, асаблівасці дакументазвароту ў Польшчы, практычныя навыкі фатаграфавання аб’ектаў (агент карыстаўся фотаапаратам «Кодак»), гісторыя камуністычнай партыі. Асаблівую ўвагу надавалі арыентыроўцы на мясцовасці: на практычных занятках агент па компасе павінен быў удзень прайсці праз лес у кірунку Оршы, а ноччу — у кірунку Слуцка.
Паралельна Макарэвіч чытаў шмат польскіх перыядычных выданняў. Яму прывозілі свежыя выпускі «Віленскага кур’ера» і іншыя польскія газеты і часопісы. Выведнік «праглынаў» «Агнём і мячом» Генрыха Сянкевіча і «Пана Тадэвуша» Адама Міцкевіча.
Пазней з «Малышом» пачалі працаваць індывідуальна: вучылі легендзе, з якой ён павінен быў дзейнічаць на польскай тэрыторыі. Паводле апошняй, хлопец быў «падзёншчыкам», і з-за беднасці бацькі вымушаны быў шукаць працу ў вёсках і мястэчках. Падчас дзейнасці на тэрыторыі Другой Рэчы Паспалітай Макарэвіч павінен быў «вывучаць» раёны: Вялікіх і Малых Бакштаў (дыслакацыя падраздзяленняў КАП), чыгуначнай станцыі Багданава, мястэчка Вішнева. Кожны месяц падчас заняткаў агент «Малыш» атрымліваў 600 савецкіх рублёў.
У траўні 1938 года савецкі агент у суправаджэнні «адказных таварышаў» прыехаў на машыне на савецка-польскую мяжу ў раёне Заслаўя, дзе яго «ўвялі ў курс справы», распавялі пра дзейнасць польскай памежнай аховы, пра жыццё на мяжы, «калідоры» і «вокны». Знаёміўся з мяжой агент у раёне памежнага слупа №603.
Канец шпіёна
22 верасня 1938 года Макарэвічу загадалі ўвечары з’явіцца на Кальварыйскія могілкі. Там яго чакала машына, якая адвезла на савецкае памежнае КПП «Радашковічы» пад Заслаўем. Праз некалькі гадзін «Малыш» перайшоў польска-савецкую мяжу ў раёне памежнага слупа 603 і дабраўся да Валожына, дзе і трапіў у рукі польскай паліцыі.
Польскія выведнікі пачалі вывучаць лісты, якія меў пры сабе Макарэвіч. Аказалася, што адзін з іх быў адрасаваны супрацоўніцы пінскай гімназіі Надзеі Нелюбовіч-Тукальскай. Апошняя была ўдавой. Ёй належаў маёнтак Нінкавічы коштам у 397 тысяч злотых. Жанчына таксама мела вялікую грашовую суму ў банку. Іншы ліст быў адрасаваны таксама нябеднай жыхарцы Вільні Вользе Троцкай. У задачу «Малыша» ўваходзіла вярбоўка абедзвюх жанчын з мэтай выкарыстання іх для атрымання дадзеных пра польскія вайсковыя гарнізоны ў Пінску і Вільні.
Маці Надзеі Нелюбовіч і сястра Вольгі Троцкай жылі ў БССР і знаходзіліся пад наглядам НКУС. Агент «Малыш» павінен быў аплачваць паслугі жанчын-інфарматараў. Да таго ж Надзея Нелюбовіч-Тукальская павінна была сустрэць кур’ера з савецкага боку і выкарыстаць пароль: «Вам прывітанне ад Бэцці», — «Дзякуй, як жывуць дзеці?». Акрамя гэтага Макарэвіч і сам павінен быў збіраць выведвальныя дадзеныя аб дыслакацыі польскіх вайсковых часцей на тэрыторыі Заходняй Беларусі (пры гэтым яму рэкамендавалася звяртаць увагу на нумары, якія мелі польскія жаўнеры і афіцэры на пагонах). Вярнуцца ў БССР «Малыш» павінен быў 20 кастрычніка 1938 года.
За шпіёнскую дзейнасць на тэрыторыі Польшчы Юрый Макарэвіч быў асуджаны польскім судом. Што далей адбывалася з гэтым чалавекам, нам не вядома. Хутчэй за ўсё, пасля 17 верасня 1939 года ён апынуўся на волі. Праўда, выкрыццё Макарэвіча польскай памежнай выведкай магло кепска адгукнуцца для шпіёна з Мінска.
У 1930-я гады такіх «выведнікаў» на тэрыторыі Заходняй Беларусі было вельмі шмат. Большасць з гэтых людзей станавілася закладнікамі сітуацыі і была паслухмянай зброяй у руках бальшавікоў.
Фота з асабістага архіва Ігара Мельнікава