Дзяржсакратар Рады бяспекі пералічыў мінусы адкрытасці мяжы з Расіяй
Дзяржсакратар Рады бяспекі Беларусі Станіслаў Зась канстатуе шэраг негатыўных наступстваў для рэспублікі з-за адкрытасці сумеснай мяжы з Расіяй. Пры гэтым Зась пацвярджае, што «гэтая мяжа заўсёды будзе свабоднай».
Ён падкрэсліў, што адкрытасць сумеснай граніцы мае для Беларусі як плюсы, так і мінусы.
Адзін з негатыўных момантаў — незаконныя мігранты з Расіі, якія, карыстаючыся празрыстасцю граніцы, спрабуюць пранікнуць на тэрыторыю Беларусі, а тут іх затрымліваюць і дэпартуюць. Акрамя таго, асноўны паток кантрабанды наркотыкаў, што затрымліваецца беларускімі пагранічнікамі, накіроўваецца ў асноўным у Расію.
Станіслаў Зась таксама звярнуў увагу на дзеянні суседняй дзяржавы: «Мы як транзітная краіна страчваем сваю прывабнасць, таму што выстаўляюцца дадатковыя пункты кантролю і там заварочваюцца грамадзяне і грузы, яны праходзяць праз іншыя краіны. Гэта мінус для нас».
«Мы гэта таксама павінны адкрыта гаварыць і нашым грамадзянам, і нашым партнёрам, — адзначыў дзяржсакратар. — Разам з тым, супастаўляючы мінусы з тымі плюсамі, якія маем для нашых грамадзян і краіны, мы, вядома, і далей будзем прытрымлівацца таго, што гэта граніца заўсёды будзе свабоднай. Таму што гэта перш за ўсё вельмі зручна для людзей — і расіян, і беларусаў».
Шмат гадоў працавала сістэма, калі праверку дакументаў вялі толькі беларускія пагранічнікі на знешняй граніцы Саюзнай дзяржавы, выкарыстоўваючы адзіны з расіянамі спіс неўязных асоб. Аднак потым Расія ў аднабаковым парадку ўвяла кантроль на граніцы з Беларуссю. «У чым тут сэнс, карыснасць гэтых новых крокаў — мы не бачым. А пэўныя нязручнасці, вядома, ёсць», — падкрэсліў Станіслаў Зась.
Паводле Нашай Нівы