«Даўняя мара Эйсманта». Навошта рэжыму яшчэ адзін тэлеканал?
Старшыня Белтэлерадыёкампаніі Іван Эйсмант анансаваў з’яўленне ў краіне новага тэлеканала. Пры гэтым ён назваў праект сваёй даўняй марай.
На гэтыя выказванні Івана Эйсманта падчас яго выступу ў эфіры «Альфа Радыё» звярнула ўвагу выданне «НВ-анлайн».
— Гэта трэба краіне. У нас маса добрых матэрыялаў, і мне часам крыўдна, што мы ў сілах паказаць іх толькі адзін раз у тыдзень і часта ў нязручны час, а яны заслугоўваюць значна большай колькасці паказаў і значна большай увагі. Гэты канал дазволіць пашырыць рамкі, — заявіў Іван Эйсмант.
Упершыню размовы пра новы інфармацыйны тэлеканал з'явіліся яшчэ на пачатку 2020 года. Тады ў эфіры Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё Іван Эйсмант абяцаў яго з'яўленне ў 2021 годзе. Старшыня Белтэлерадыёкампаніі меркаваў, што гэты праект мусіць працаваць з самай раніцы да позняга вечара, нагадвае БАЖ.
Навошта ўладам ствараць яшчэ адзін тэлеканал? Пра гэта «Филин» пагутарыў з палітолагам, каардынатарам беларускай экспертнай сеткі «Наше мнение» Вадзімам Мажэйкам.
— Канал гэты насамрэч асабліва не патрэбны. Зразумела, чаму ён не патрэбны беларусам, бо беларусам і мінулыя каналы не патрэбныя. Сумняюся, што гэты канал павысіць ахопы і паспрыяе распаўсюду прапаганды.
Хутчэй за ўсё ён патрэбны самому Эйсманту, як ён шчыра і кажа. Гэта ягоная даўняя мара, то-бок больш каналаў, больш рэсурсаў, адпаведна, больш нейкіх магчымасцяў размяркоўваць грошы. Гэта тое, што ўсе любяць, і вось калі Эйсмант такі амбітны чалавек, яму хочацца мець больш такога рэсурсу.
Што тычыцца кантэнту, то зноў-такі, калі Эйсмант кажа, што яму не хапае часу для фактычнага паўтору праграм, то падобна, што хочацца мець паўторы, то бок новага кантэнту і не будзе. Таму, хутчэй за ўсё, гэта проста задавальненне мараў Эйсманта за дзяржаўны кошт.
Таму мне здаецца, што гэта гісторыя кажа не столькі нешта пра сітуацыю на медыярынку, колькі пра асабісты ўплыў сям’і Эйсмантаў, калі сапраўды атрымаецца такі канал зрабіць. Бо я так разумею, пакуль гэта заява самога Эйсманта — гэта не тое, каб Лукашэнка гэта сказаў.
Паглядзім, магчыма, яшчэ грошай не дадуць. Магчыма, гэта зацягнецца халера ведае на колькі. Можна ўзгадаць, як хацелі для беларускіх каналаў будаваць агульны медыяцэнтр, каб адтуль рабіць нейкае вяшчанне, але ж ужо колькі год пра гэта гаворка, і нічога не зроблена, таму паглядзім, ці ўвасобіцца гэта з каналам. Магчыма, гэта расцягнецца яшчэ на вельмі доўга.