Як доктарка страціла працу за ўдзел у прафсаюзе «Панацэя» і што стала з яе «воўчым білетам»

У канцы 2021 году педыятарцы Алене не падоўжылі кантракт за тое, што ў 2020 годзе яна ўступіла ў незалежны прафсаюз медыкаў «Панацэя».

Ілюстрацыйнае фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Ілюстрацыйнае фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Кіраўніцтва раённай лякарні, дзе яна працавала, выдала ёй так званы «воўчы білет» — характарыстыку, з якой практычна немагчыма ўладкавацца ў медычныя ўстановы Беларусі. Праз некаторы час характарыстыку змянілі на нейтральную.
Чаму так адбылося і як звальняюць «нядобранадзейных» медыкаў; як медработнікі спрабуюць пазбегнуць звальнення паводле спісаў; у якіх умовах яны вымушаныя цяпер працаваць, лекарка расказала Св***дзе на ўмовах ананімнасці. Рэдакцыі вядома імя доктаркі і месца ейнай былой працы.

«Галоўная доктарка цвердзіла, што нельга быць у складзе незалежнага прафсаюза»

Летам 2020 года Алена ўступіла ў незалежны прафсаюз медыкаў «Панацэя». Праз некаторы час нейкім чынам спісы ўсіх сяброў прафсаюза трапілі да галоўных дактароў медычных установаў. Для Алены гэта стала падставай, каб ёй не падоўжылі кантракт.
— У мяне была размова пра гэта з галоўным доктарам. Яна цвердзіла, што нельга быць у складзе незалежнага прафсаюза. На што я адказала, што мае палітычныя погляды — па-за маім працоўным часам і не павінны тычыцца кіраўніцтва. Але яна нейкім чынам звязала палітычныя погляды з уступленнем у незалежны прафсаюз. Спачатку мне здалося, што мы дамовіліся, што на працоўным месцы я займаюся працай, а ніякай не «прапагандай». Мне смешна стала ад гэтага слова, якое яна выкарыстала. Я дзіцячы доктар, якая прапаганда можа быць маленькім дзецям? Я займалася сваёй працай — лячэннем дзяцей, дыягностыкай, суправаджэннем.
Калі Алене не працягнулі кантракт, яна атрымала ад кіраўніцтва ўстановы вельмі кепскую характарыстыку.
— Каб далей уладкавацца на іншае працоўнае месца, патрэбна характарыстыка. У характарыстыцы мне напісалі не толькі пра сяброўства ў незалежным прафсаюзе, але і пра тое, што я парушала нормы медычнай дэанталогіі (этыкі, зносін з пацыентамі, камунікацыі дактароў паміж сабой, медычную тайну). Мяне вельмі засмуціла гэтая характарыстыка, бо яна абсалютна не адпавядала рэчаіснасці. Прафсаюз называйце, але навошта ўсё астатняе? Калі я атрымала дрэнную характарыстыку, на мяне накінулася маці. Гаварыла, навошта трэба было высоўвацца, «у цябе трое дзяцей, думай пра сябе». Гэта таксама цісне. З аднаго боку, хочацца, каб людзі разумелі, што адбываецца ў сістэме аховы здароўя. А тут яшчэ трэба думаць пра тое, як не трапіць у спісы, як захаваць характарыстыку.

«Які б ні быў дэфіцыт кадраў, гэта не хвалюе: дактары былі проста няўгодныя»

Спадарыня Алена вырашыла дамагчыся справядлівасці — звярталася да кіраўніцтва, калегаў, медычных начальнікаў.
— Сказала галоўнаму доктару, што характарыстыка непраўдзівая, пагражала, што ў суд буду падаваць, званіла ў абласное ўпраўленне аховы здароўя. Там мне сказалі, што нельга ўступаць у незалежны прафсаюз. І так атрымалася, што ў выніку праз тыдзень галоўная доктарка выправіла характарыстыку. Цяпер у мяне не вельмі добрая характарыстыка, але і не такая жахлівая, як была спачатку.
Запыталіся лекарку, ці не звязвае яна выпраўленне характарыстыкі з тым, што цяпер моцная хваля каронавіруса і ў краіне не хапае медыкаў, таму паступіла ўстаноўка, каб «нядобранадзейныя лекары» усё ж маглі працаваць па спецыяльнасці.


— Я не думаю. У нас за год звольнілі чатырох дактароў. Гэта зусім не вялікая раённая лякарня. Звольнілі вельмі патрэбных і каштоўных дактароў — тэрапеўта, хірурга, лора, эндакрынолага і цяпер мяне, педыятра. Які б ні быў дэфіцыт кадраў, гэта нікога не хвалюе. Дактары былі проста няўгодныя.
Алена кажа, што галоўная доктарка лякарні, дзе яна працавала, шчыра верыць у недатыкальнасць і што «мы ўсе прадажныя».

— Яна ад усёй душы мае непрыязь да лекараў, якія займаюць іншую палітычную пазіцыю. Я думаю, што менавіта таму яна працуе і будзе працаваць, нягледзячы на вялікую колькасць скаргаў пацыентаў. Яна вельмі лаяльная і вельмі ідэйная. Яна па-свойму добрая: лічыць, што я зусім не мела рацыі, але я яе папрасіла — і яна мне саступіла, увайшла ў маё становішча. Наўрад ці яна кіравалася думкамі пра складаную сітуацыю з дактарамі ў краіне. Яе і дагэтуль не цікавіў дэфіцыт кадраў ва ўласнай лякарні, чаму яе будзе хваляваць дэфіцыт кадраў у краіне?


Як медыкі спрабуюць пазбегнуць звальнення паводле спісаў спецслужбаў

Паводле апошніх даных, у Беларусі каля 10 тысяч вакансій для медычных работнікаў на афіцыйных сайтах. Спадарыня Алена кажа, што дактароў заўсёды бракавала, а цяпер іх вельмі проста звальняюць ці не падаўжаюць кантракты. Цяпер у вельмі многіх лекараў праблемы з працаўладкаваннем. Медыкі паміж сабой у розных чатах абменьваюцца інфармацыяй і парадамі, што можна зрабіць у такой сітуацыі.
— Мы абменьваемся інфармацыяй. Напрыклад, пра тое, што галоўны доктар нейкай раённай лякарні бярэ на працу нават з дрэннымі характарыстыкамі. Ёсць розныя лайфхакі. Напрыклад, ты ведаеш, што цябе ўключаць у спісы, а спісы ідуць доўга да галоўных дактароў... Калі затрымлівалі ў жніўні, то дактары паспяваюць звольніцца і ўладкавацца ў іншым месцы. А спісы прыходзяць на старое месца працы, і галоўны доктар адказвае, што гэты чалавек звольнены і невядома, дзе цяпер. Так лекары стараюцца «згубіцца», каб «чорныя спісы» засталіся на старым месцы працы, а яны з больш-менш «чыстай» характарыстыкай «уцяклі» на новае месца.
Якім чынам у новай характарыстыцы ў спадарыні Алены пазначаны пункт аб лаяльнасці да ўлады?
— У мяне нейтральная характарыстыка, там мяне не хваляць, але напісана, што скаргаў ад пацыентаў не было, адміністрацыйных спагнанняў не было. А ў пункце пра стаўленне да ўлады, канстытуцыйнага ладу напісана «невядома». Наколькі я ведаю, у большасці аддзелаў кадраў гэта стандартная фраза.
Доктарка гаворыць пра вялікі дэфіцыт кадраў на былым працоўным месцы. Калегі не спраўляюцца, абяцаюць, што будуць настойваць, каб яе вярнулі на працу. Але цяпер спадарыня Алена будзе спрабаваць уладкавацца на працу ў іншую лякарню.

— Там стацыянар, шпіталь больш высокага ўзроўню. Мяне нібыта бралі, але цяпер невядома, ці возьмуць. Чакаю адказу, я ў падвешаным стане. Я разумею, што я добры спецыяліст.



Чаму медыкі ўступалі ў незалежны прафсаюз

Заробак у Алены быў, паводле яе, нядрэнны. 600-700 долараў у эквіваленце — прэміі за перапрацоўку, паўтары стаўкі. Сама стаўка меншая за 200 долараў. Яна вырашыла ўступіць у незалежны прафсаюз з прычыны вельмі цяжкіх умоваў працы.
— Не выконваюцца нарматывы. Доктар павінен за дзень наведваць 10 пацыентаў дома, а на прыёме па 10-12-15 хвілінаў на чалавека павінна быць. 12 хвілінаў — на дыспансэрны ўлік, пацыент да 3 гадоў — 15 хвілінаў. Ёсць пэўныя часавыя стандарты на прыём пацыентаў. І ў нас нават паводле запісу пацыенты — кожныя 5 хвілінаў. Гэта ненармальна. Нібыта маем паўтары стаўкі, але працуем за траіх і чацвярых.
Такая праца вельмі негатыўна адбіваецца на якасці медычнай дапамогі, перакананая доктарка.
— У канвееры па 80 пацыентаў на дзень. Да мяне прыходзіць пацыент і кажа, што быў у мяне пазаўчора, а яго не памятаю! Гэта ненармальна. Я павінна памятаць пацыента, яго хваробу, як ён сябе адчуваў. Але з такой колькасцю пацыентаў гэта немагчыма запомніць. І, каб захаваць якасць медычнай дапамогі, трэба, каб быў кантроль за колькасцю лекараў і пацыентаў, за часам на працы. У нас на паперы штат укамплектаваны, а дзве траціны — гэта дзяўчаты на размеркаванні, якія знаходзяцца ў дэкрэце. Так паўсюль адбываецца: прыязджаюць па размеркаванні, крыху папрацуюць — і ідуць у дэкрэт на тры гады. І штат імі запоўнены! І вельмі цяжка працаваць у такой сітуацыі. Я ішла ў прафсаюз, каб абараняць свае прафесійныя правы і абавязкі. Справа нават не ў палітыцы.