Карбалевіч: Лукашэнка загаварыў пра будучыню — значыць, адчувае сябе ўпэўнена
На чарговай узорна-паказальнай нарадзе з разносамі дзеянняў чыноўнікаў і пагрозамі Лукашэнка загаварыў пра «стратэгічныя праекты». З'явілася бачанне будучыні?
Лукашэнка 20 кастрычніка правёў нараду па пытанні ўдасканалення сістэмы планавання і кантролю за рэалізацыяй стратэгічных праектаў, падчас якой абурыўся хлуснёй сваіх чыноўнікаў, якія кормяцца з яго рукі:
«Не заўсёды, прыняўшы рашэнне, мы яго рэалізуем. Рэалізуем не ў час — гэта ўжо норма. Але мяне больш за ўсё апошнім часам (я ўжо пра гэта дзесьці казаў) хвалюе тое, што наш урад замест таго, каб канкрэтнай справай займацца, пачынае хлусіць і дэзінфармаваць прэзідэнта. Каб паказаць сябе ў лепшым святле. Я не хачу публічна прыводзіць прыклады, але ў закрытым рэжыме я прывяду вам прыклад, які красамоўна сведчыць аб тым, што хлусня ў нас не зжыта. І здзіўляцца таму, што ў нас у Гомельскай вобласці падзеж скаціны (прыпісваюць там дзесьці), у Віцебскай вобласці, Магілёўскай, ды і наогул па краіне... Што тут здзіўляцца, калі гэта ідзе ад міністраў нашых, ад нашых губернатараў. Гэта недапушчальна».
Пра «паспяховыя» праекты і мару Лукашэнкі
У якасці паспяховых праектаў Лукашэнка назваў будаўніцтва Светлагорскага цэлюлозна-кардоннага камбіната, Беларускай нацыянальнай біятэхналагічнай карпарацыі і Беларускай атамнай электрастанцыі. Загаварыў пра планы будаўніцтва іншай АЭС, перспектывы якой у самой Расіі (трэба нагадаць, што БелАЭС будаваў «Расатам»), дарэчы, ацэньваюць вельмі скептычна:
«Ці мы дадаем два блокі на існуючай пляцоўцы, ці ў Магілёўскай вобласці, дзе ў нас другая пляцоўка, будуем яшчэ два блокі. І тады больш за палову электрычнасці мы атрымаем ад атамнай станцыі. Чыстага, вельмі выгаднага прадукту».
А вось мару Лукашэнкі — вырабляць у Беларусі ўласны легкавы аўтамабіль — ажыццявіў завод «БелДжы».
«Сёння ўжо чарга па "Geely". І прыгожыя аўтамабілі вонкава, і якасныя. Праўда, я цяпер Пархомчыка са Снапковым душу на ўсю катушку, каб яны (напрамкі) далей развіваліся. Мы ўжо сёння замахнуліся не на 30-40 тысяч аўтамабіляў у год, а на 120 тысяч», — заявіў на нарадзе Аляксандр Лукашэнка.
Чаму беларускі кіраўнік загаварыў пра будучыню? Журналіст BGmedia пагаварыў з палітычным аглядальнікам «Радыё Свабода» Валерыем Карбалевічам.
«Лукашэнка адчуў упэўненасць у сваім становішчы»
— Лукашэнка 20 кастрычніка правёў нараду па пытаннях удасканалення сістэмы планавання і кантролю за рэалізацыяй стратэгічных праектаў. Пры гэтым у якасці прыкладу прывёў падзеж скаціны ў Гомельскай вобласці. Чаму тактычнае або стратэгічнае планаванне ў Лукашэнкі пачынаецца і заканчваецца, груба кажучы, у кароўніку?
— Лукашэнка згадаў кароўнік у сувязі з тым, што ўрад і старшыні аблвыканкамаў падманваюць яго, даюць непраўдзівую інфармацыю, дэзінфармуюць яго. І ў якасці прыкладу прывёў падзеж скаціны, прыпіскі ў сельскай гаспадарцы, што ні для каго не з'яўляецца сакрэтам. Для ўрада такая заява гучыць досыць пагрозліва. Лукашэнка і раней пагражаў, што можа адправіць урад у адстаўку, а цяпер яшчэ прагучалі абвінавачанні і ў дэзінфармацыі. Я б на месцы прэм'ер-міністра задумаўся пра свае перспектывы.
Але факт абмеркавання праблемы стратэгічных праектаў гаворыць пра тое, што Лукашэнка адчувае сябе дастаткова ўпэўнена, каб абмяркоўваць магчымыя перспектыўныя праекты на будучыню. З 2020 года да гэтага часу пытанне пра будучыню наогул не стаяла на парадку дня, абмяркоўвалася праблема, як дзень прастаяць ды ноч пратрымацца. А цяпер зайшла гаворка пра нейкія стратэгічныя праекты. Уяўляецца, што Лукашэнка адчуў пэўную ўпэўненасць у сваім становішчы.
— Значыць, сумневаў у выніках ні «парламенцкіх выбараў», ні прэзідэнцкай кампаніі ў яго няма. Ён упэўнены, што здольны легітымізаваць сваё становішча ўнутры Беларусі?
— Легітымізацыя цяпер адбываецца не столькі пры дапамозе выбараў, колькі з дапамогай палітычных рэпрэсій. Сілавая, прымусовая легітымізацыя ажыццяўляецца на працягу апошніх трох гадоў. Цяпер Лукашэнка не адчувае нейкіх рэальных пагроз унутры і звонку, якія б пагражалі яго уладзе. Мы гаворым пра рэальныя, а не патэнцыйныя пагрозы — патэнцыйныя пагрозы існуюць заўсёды.
— Звонку таксама аніякіх пагроз не бачыць?
— Так, нават звонку.
«Паспяховыя» праекты не з'яўляюцца паспяховымі
— У якасці стратэгічных і паспяховых праектаў Лукашэнка назваў Светлагорскі цэлюлозна-кардонны камбінат, БелАЭС, Беларускую нацыянальную біятэхналагічную карпарацыю, «БелДжы». Ці можна лічыць гэтыя праекты як стратэгічнымі, так і паспяховымі?
— Наконт стратэгічнага характару гэтых праектаў складана казаць: часам складана разабраць, дзе стратэгія, а дзе тактыка.
Але я б не назваў названыя праекты паспяховымі. Хутчэй, мы можам гаварыць пра сур'ёзныя праблемы з іх рэалізацыяй. Той жа Светлагорскі цэлюлозна-кардонны камбінат столькі скандалаў спарадзіў: шмат разоў пераносілі яго запуск, з кітайцамі сур'ёзна канфліктавалі. Таму гаварыць пра яго поспех крыху дзіўна.
Гісторыя з атамнай станцыяй — з той жа оперы. Не кажу ўжо пра тое, што БелАЭС перыядычна спыняецца на рамонты, але не зусім зразумела, што рабіць з вырабленай электраэнэргіяй. Атамная станцыя першапачаткова планавалася з мэтай экспартаваць электраэнергію і зарабляць на гэтым грошы. Сёння гэтага няма, ужо відавочна, што праект стратны, праект не акупаецца, а паколькі БелАЭС будавалася за кошт расійскага крэдыту, у дадатак давядзецца расплачвацца за пазыкі з Расіяй. Больш за тое, трэба вырашаць праблему — куды падзець ядзерныя адкіды.
Назваць гэты праект паспяховым вельмі складана. А жаданне Лукашэнкі пабудаваць яшчэ адну атамную станцыю — тут няма чаго сказаць, можна толькі развесці рукамі.
Ён згадваў і іншыя стратэгічныя праекты, у той жа дрэваапрацоўцы: паспяховым праектам гэта таксама нельга лічыць, таму што дрэваапрацоўчыя прадпрыемствы дагэтуль не расплаціліся з крэдытамі, з інвестыцыямі.
Усе праекты, названыя Лукашэнкам паспяховымі, насамрэч паспяховымі не з'яўляюцца.
— Падобна да таго, што гэтую нараду задумалі дзеля стварэння «Цэнтра стратэгічных праектаў», ідэю якога ініцыявала прэзідэнцкая адміністрацыя.
— Прапануецца чыста бюракратычнае развязанне праблемы: ёсць праблема — значыць, трэба стварыць яшчэ адну бюракратычную сістэму, трэба стварыць камісію. Нічога іншага не прыдумалі. Прычым стратэгічныя праекты мысляцца менавіта ў рамках дзяржаўных інстытутаў, дзяржаўнай уласнасці. Якраз у якасці добрага прыкладу быў прыведзены савецкі дзяржплан, які добра каардынаваў дзейнасць розных ведамстваў. Калі савецкі дзяржплан быў такім паспяховым, дык чаму ён паваліўся разам з Савецкім Саюзам і савецкім грамадскім ладам?
Наколькі я зразумеў, на нарадзе ідэя стварэння такога цэнтра адвергнутая, ствараецца нейкі «савет пры прэзідэнце» з незразумелымі функцыямі — будзе ці то кіраваць, ці то курыраваць, ці то ацэньваць эфектыўнасць розных праектаў. А нешта падобнае да цэнтра будзе створана пры Міністэрстве эканомікі. Я менавіта так зразумеў вынікі нарады.
— Вяртаючыся да пачатку размовы: вы сказалі, што на месцы прэм'ера задумаліся б пра сваю будучыню. Ці сапраўды Лукашэнка гатовы адправіць урад у адстаўку? З якой мэтай?
— Мне складана сказаць, якія планы ён выношвае на гэты конт. Магчыма, ніякіх планаў няма наогул, а ёсць толькі пагрозы — каб заахвоціць урад лепш працаваць. Пакуль я б не стаў рабіць прагнозы адносна будучыні цяперашняга ўрада.