Не працуеш? Дармаед? Тады плаці!
Самая сацыяльна-арыентаваная дзяржава ў свеце, наследуючы найлепшыя традыцыі «саўка», вядзе ўлік грамадзян, якія не працуюць (і, адпаведна, не плацяць падаткі). Непакоячыся, каб іх кашалькі не растлусцелі ад адсутнасці нагрузкі, чыноўнікі прапануюць «дармаедам» плаціць — ну, хаця б «камуналку» ў поўным памеры.
У верасні ў Беларусі абнавілася «база дармаедаў». У яе трапілі тыя беларусы, хто не змаглі пацвердзіць сваю занятасць за красавік-чэрвень гэтага года. «Медыязона» сабрала гайд, у якім расказвае пра тое, каго ў Беларусі ўключаюць у гэтую базу, чым гэта пагражае і як з яе выйсці.
Адкуль узяліся «дармаеды»?
2 красавіка 2015 года Аляксандр Лукашэнка падпісаў дэкрэт «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства». Дэкрэт зацвердзіў спецыяльны збор на «фінансаванне дзяржаўных выдаткаў» для тых беларусаў, хто афіцыйна не працаваў больш за 183 дні на год. Памер збору — 20 базавых велічынь. На момант прыняцця дэкрэта гэта было 360 рублёў (або 3 млн. 600 тыс. недэнамінаваных рублёў).
У 2017 годзе ў гарадах Беларусі пачаліся «Маршы недармаедаў» — людзі патрабавалі адмены падатку. Яго адмянілі: 25 студзеня 2018 года Лукашэнка падпісаў дэкрэт «Аб садзейнічанні занятасці насельніцтва», дзе было прапісана, што афіцыйна непрацуючыя працаздольныя беларусы з 1 студзеня 2019 года павінны будуць аплачваць камунальныя паслугі па поўным тарыфе і наўрад ці змогуць атрымаць субсідыю або дзяржкрэдыт на куплю або рамонт жылля.
Што за база «дармаедаў»?
Правільна яна называецца «База даных працаздольных грамадзян, не занятых у эканоміцы». Парадак фармавання і вядзення гэтай базы вызначае Савет міністраў Беларусі.
Першапачаткова «дармаедамі» ў Беларусі лічыліся беларусы або замежнікі з беларускім ВНЖ, якія прапрацавалі афіцыйна менш за 183 дні на год.
З 2022 года да «дармаедаў» далучылі людзей, якія выехалі з Беларусі больш чым на месяц. Напрыклад, вы з'ехалі працаваць або вучыцца: калі вас не было ў краіне больш за 30 дзён, «камуналку» пачнуць налічваць «па поўнай» (калі, вядома, у вас ёсць уласнае жыллё). Выключэнне ёсць для беларусаў, якія працуюць у Расіі, Кыргызстане, Арменіі і Казахстане.
Да сакавіка 2022 года тым, хто працуе ці вучыцца за мяжой, можна было падаць адпаведны дакумент, тады падвышаная «камуналка» не налічвалася. Напрыклад, копію працоўнай дамовы або даведку аб навучанні ва ўніверсітэце. Цяпер гэтая схема не працуе.
У чым канкрэтна абмежавалі «дармаедаў»?
З 1 студзеня 2019 года афіцыйна непрацуючыя беларусы аплачвалі па поўным тарыфе толькі гарачую ваду. З 1 мая 2021 года да гэтай пазіцыі дадалі газ і ацяпленне. На сённяшні дзень «дармаеды» аплачваюць у поўным памеры ўсю «камуналку». У 2022 годзе Міністэрства аховы здароўя хацела абмежаваць доступ да бясплатнай медыцыны «дармаедам», але далей за размовы справа не зайшла.
Акрамя гэтага, у 2023 годзе ў Беларусі ўвялі падатак на «падарункі». Калі вы знаходзіцеся ў базе «дармаедаў» больш за 5 гадоў і атрымлівалі ад сваякоў грошы на суму больш за 3700 рублёў на год, то вам давядзецца заплаціць 10% ад сумы, якая перавышае ліміт.
Як фармуецца база «дармаедаў»?
База «дармаедаў» абнаўляецца раз на квартал і са спазненнем. Напрыклад, у верасні ў базу патрапілі тыя, хто не змаглі пацвердзіць сваю занятасць за красавік-чэрвень. Атрымліваецца, калі вы звольніліся па пагадненні бакоў у сакавіку і не знайшлі працу да канца чэрвеня, то, хутчэй за ўсё, вы патрапілі ў базу «дармаедаў». Гэта значыць, што вам альбо трэба падаць дакументы, якія пацвярджаюць ваша працаўладкаванне, альбо плаціць «камуналку» па поўным тарыфе з моманту ўключэння вас у базу.
Што тычыцца базы па беларусах, якія з'ехалі, то звесткі ў яе падае Дзяржаўны памежны камітэт. Калі вы адсутнічалі ў краіне больш за 30 дзён, то, хутчэй за ўсё, трапіце ў спісы — і з моманту трапляння вам выставяць поўны рахунак за «камуналку».
Дарэчы, калі ў кватэры, дзе вы — уласнік, прапісаны некалькі чалавек і ўсе астатнія афіцыйна працуюць, то пад поўны тарыф трапіце толькі вы. Астатнія зарэгістраваныя будуць плаціць як раней.
Як пазбегнуць трапляння ў базу?
Самы відавочны спосаб — пацвердзіць сваё працаўладкаванне. Калі ж вы з'ехалі з краіны, то можаце здаць кватэру афіцыйна ў арэнду. У такім выпадку вы будзеце плаціць падатак на даход і не трапіце ў базу «дармаедаў».
Як праверыць, ці ёсць вы ў базе?
Гэта можна зрабіць праз «Адзіны партал электронных паслуг». Для гэтага вам трэба зарэгістравацца з дапамогай id-карты альбо ключа электроннага подпісу (каштуе каля 100 рублёў на год).
Пасля гэтага заходзіце на партал, націскаеце на «Уваход па ўнікальным ідэнтыфікатары», ўводзіце лагін і пароль, выбіраеце паслугу «База даных працаздольных грамадзян, не занятых у эканоміцы», далей — код паслугі 3.33.03.2. і «Замовіць». Кошт паслугі — 84 капейкі.
Можна таксама атрымаць гэтую інфармацыю асабіста — наведаўшы камісію «па садзейнічанні занятасці» ў сваім горадзе (звычайна яны працуюць пры гарвыканкамах і райвыканкамах). Туды ж можна звярнуцца, калі вы выявілі сябе ў базе і хочаце абскардзіць гэтае рашэнне.
Звесткі, якія пацвярджаюць занятасць грамадзяніна, можна падаць у камісію як асабіста, так і выслаць па звычайнай пошце і электронным лістом.