Віншуем, вы ў базе! Чыноўнікі абнавілі базу «дармаедаў»
У Беларусі ў пачатку чэрвеня абнавілі базу не занятага ў эканоміцы насельніцтва. У яе ўключылі тых, хто не змог пацвердзіць занятасць за студзень-сакавік. «Люстэрка» тлумачыць, як можна даведацца, ці не ўключылі вас у гэтую базу.
Базу "дармаедаў" абнаўляюць раз на квартал. Каб не трапіць у яе з пачатку чэрвеня, трэба было да 21 красавіка пацвердзіць занятасць. Гэта можна было зрабіць праз камісію па каардынацыі работы па садзейнічанні занятасці. З 20 мая па 1 чэрвеня база абнаўлялася, даныя з яе былі недаступныя для прагляду.
З тых, хто апынуўся ў базе і ў каго ёсць ва ўласнасці жыллё, будуць па эканамічна абгрунтаваных тарыфах спаганяць аплату за газазабеспячэнне, ацяпленне і гарачую ваду. Асабліва адчувальнымі будуць плацёжкі за апошнія дзве паслугі, для «дармаедаў» яны прыкладна ў 6 разоў даражэй.
Нагадаем, што тычыцца аплаты ЖКП па «дармаедскіх» тарыфах, то тут адзін з асноўных момантаў — трапіў уласнік жылля ў базу не занятых у эканоміцы ці не. «Калі ўласнік у базе не занятых у эканоміцы, то аплачваць спажытыя ЖКП па эканамічна абгрунтаваных тарыфах будзе не толькі ён, але і ўсе астатнія зарэгістраваныя ў жыллё, якія таксама трапілі ў базу. Яны ідуць "паравозікам"», — паведамлялі раней у адной з дармаедскіх камісій.
Да прыкладу, у кватэры зарэгістраваныя пяць чалавек. Уласнік лічыцца занятым у эканоміцы, а ўсе астатнія члены сям'і — не. У такім выпадку ўсе плацяць за ЖКП па льготных тарыфах. Але калі ўладальнік кватэры таксама трапляе ў «дармаеды», то паводле эканамічна абгрунтаваных тарыфаў давядзецца разлічвацца ўсім не занятым у эканоміцы з гэтай сям'і.
Як даведацца, ці не трапілі вы ў базу
Для гэтага трэба звярнуцца ў «дармаедскую» камісію па месцы рэгістрацыі. Гэта можна зрабіць як па тэлефоне, так і пісьмова (звычайным лістом або па электроннай пошце).
Другі спосаб — паглядзець інфармацыю на Едином портале электронных услуг (паслуга платная). Але для гэтага патрэбны электронны лічбавы подпіс.