Год таму Мэлоні кляймілі «ультраправай», «фашысткай» і чакалі на канцлягеры ў Італіі. Што маем на сёньня?
Напрыканцы 2022 года на парлямэнцкіх выбарах у Італіі перамагла партыя «Браты Італіі» на чале з Джорджай Мэлоні, якая і ўзначаліла ўрад. Сусьветныя медыя бяздумна падхапілі трэнд на навешваньне ярлыкоў. Праз год кіраваньня першай жанчыны ў італьянскага стырна давайце разбярэмся, ці была нагода назваць Мэлоні «першай з часоў Мусаліні»?
Як разгортвалася кампанія па дыскрэдытацыі?
Каб ня быць галаслоўнымі, прывядзем некалькі загалоўкаў незалежных беларускіх мэдыя.
- «Лідар ультраправых «Братоў Італіі» Джорджа Мэлоні стала новым прэм'ер-міністрам краіны»
- «Самая правая з часоў Мусаліні. Чаму выбары ў Італіі занепакоілі Брусель»
- «У Італіі на парлямэнцкіх выбарах перамаглі ультраправыя»
- «Прэзідэнт Італіі даручыў лідэру ультраправых «Братоў Італіі» Джорджы Мэлоні сфармаваць урад»
- «Постфашысты ва ўладзе ў Італіі»
І зусім ужо рэдкія загалоўкі былі такія стрыманыя загалоўкі як гэты: «Прэм’ер-міністрам Італіі ўпершыню можа стаць жанчына».
Разам з тым і суседнія краіны, у тым ліку Ўкраіна, не засталіся ў баку ад тэндэнцыйнасьці: «Джорджа Мэлоні не будзе выкарыстоўваць фэмінітыў сваёй пасады». Сапраўды, ёсьць над чым падумаць у аўтара матэрыялу: «У выпадку Мэлоні адмова ад фэмінітыву носіць палітычны характар і падкрэсьлівае праварадыкальную палітыку новага ўраду».
Прадказальна радыкальнымі аказаліся й расейскія загалоўкі кшталту гэтага: «У Эўропе спалохаліся італьянскіх фашыстаў: чым знакамітая патэнцыйны прэм'ер Джорджа Мэлоні».
Дык хто вы, спадарыня Мэлоні?
На выбарах у верасьні 2022 года партыя Джорджы Мэлоні атрымала 26% галасоў. Звычайнай практыкай у дэмакратычных краінах зьяўляецца абрынаньне рэйтынгу кіроўнай партыі ці прэзідэнта пасьля выбараў, бо абяцаныя паляпшэньні для жыхароў вельмі часта сканчваюцца ўжо на наступны дзень пасьля выбараў.
Сёньня партыя «Браты Італіі» мае 30% падтрымкі італьянскага грамадзтва. То бок за год выбарцы не расчараваліся ў сваім прэм’еры, але наадварот. Да самой Джорджы Мэлоні, паводле самых апошніх апытаньняў, станоўча ставяцца 57% італьянцаў.
Дарэчы, ці ведалі вы, адкуль такая назва ў партыі Мэлоні? Fratelli d'Italia ўзьнікла ў 2013 годзе. Гэта – першыя словы гімна Італіі, напісанага ў сярэдзіне ХІХ ст.
Партыя Мэлоні зьяўляецца ўдзельнікам палітычнай групы Эўрапейскіх кансэрватараў і рэфармістаў (ECR) у Эўрапейскім парлямэнце, а не крайне правай групы «Ідэнтычнасьці і дэмакратыі». Нагадаем, яшчэ напярэдадні выбараў гучалі шматлікія абвінавачваньні ў антыэўрапейскай рыторыцы Мэлоні. Але, як піша Энтані Канстантыні, Мэлоні разглядае Эўразьвяз не як пагрозу, а як аб'яднальніка Захаду, і яе мэта – рэформа, а не разбурэньне. У выніку ўмераныя групы, такія як Эўрапейская народная партыя, і, магчыма, нават цэнтрысты, могуць палічыць кааліцыю з моцным ECR матэзгодным варыянтам пасьля выбараў у наступным годзе.
У Італіі Джорджа Мэлоні заваёўвае сэрцы жанчынаў. Менавіта яе партыя зьяўляецца самай папулярнай сярод кабетаў. Яна зрабіла захады па прадухіленьні хатняга гвалту, такія як стварэньне больш хуткіх судовых працэсаў і больш жорсткіх прысудаў для правапарушальнікаў.
У лютым 2023 года на мясцовых выбарах, якія адбываліся ў самым багатым рэгіёне краіны – Ламбардыіі з Міланам у цэнтры, і Лацыа, куды ўваходзіць і Рым – прынеслі новыя перамогі партыі Джорджы Мэлоні.
Адносіны з Кітаем
Падчас візіту галоўнага камуніста КНР Сі Цзыньпіна ў Італію ў сакавіку 2019 года краіны падпісалі мемарандум аб узаемаразуменьні па кітайскай ініцыятыве «Пояс і шлях» з левым італьянскім урадам Контэ. І з гэтым мемарандумам Італія стала адзінай краінай Вялікай сямёркі, якая далучылася да кітайскай ініцыятывы — што было расцэненае Пэкінам як вялікі дыпляматычны прарыў.
Гэтае пагадненьне сутыкнулася з моцнай крытыкай як з боку ЗША, так і з боку Эўрапейскага Зьвязу, паколькі заходнія краіны разглядаюць «Пояс і шлях» як траянскага каня для геапалітычных інтарэсаў Пэкіна. Мемарандум мусіць быць аўтаматычна працягнуты ў сакавіку 2024 года, калі толькі Італія не папросіць афіцыйна выйсьці зь яго за тры месяцы да гэтага.
Джорджа Мэлоні ў траўні заявіла, што Італія плянуе правесьці перамовы аб выхадзе з гэтай кітайскай справы. Экспарт Італіі ў Кітай павялічыўся нязначна — з 13 мільярдаў эўра ў 2019 годзе да 16 мільярдаў эўра ў 2022 годзе, у той час як экспарт Кітая ў Італію вырас з 31 мільярда эўра да 57 мільярдаў эўра за той жа перыяд. Тым часам інвестыцыі, зьвязаныя з Італіяй і «Поясам і шляхам», рэзка ўпалі з 2,5 мільярда эўра у 2019 годзе да ўсяго толькі 810 мільёнаў эўра у наступным годзе.
Усе буйныя італьянскія тэлеканалы падпісалі пагадненьні аб абмене кантэнтам з кітайскімі афіцыйнымі СМІ, але яны не зьяўляюцца ўзаемавыгаднымі, бо Кітай не публікуе і не транслюе ніякіх італьянскіх СМІ, у той час як у Італіі прадстаўлены афіцыйны кантэнт Камуністычнай партыі Кітая.
Джорджа Мэлоні выступае за разрыў не самых, мякка кажучы, карысных пагадненьняў.
«Эўропа павінна зноў усьвядоміць сваю ролю і ўплыў, каб быць палітычным гігантам, а не бюракратычным» - сказала Мэлоні.
Адносіны з дэмакратычнымі партнэрамі
Улетку Мэлоні была прынятая ў Белым доме і прывітаная Джо Байдэнам з абдымкамі. Байдэн пачаў з таго, што сказаў Мэлоні: «Мы сталі сябрамі», што прагучала дзіўна для некаторых аналітыкаў, калі ўлічыць, што летась амэрыканскі прэзідэнт называў перамогу «Братоў Італіі» на выбарах прычынай для турботы.
У той час урад ЗША даў зразумець, што будзе ацэньваць непасрэдна дзеяньні італьянскага ўрада, перш чым заняць канчатковую пазыцыю ў дачыненьні да новага правага ўрада ў Італіі.
Відаць, страшэннага дракона, якога малявалі некаторыя медыя з Джорджы Мэлоні, у адміністрацыі прэзідэнта ЗША не знайшлі. І гэта нават з улікам вядомай пазыцыі Мэлоні ў дачыненьні да палітыкі ЗША: у мінулым яна неаднаразова выказвала сваю блізкасьць да Рэспубліканскай партыі, палітычнага апанэнта Байдэна.
Джорджа Мэлоні паўтарыла гэта і падчас сустрэчы ў Вашынгтоне: «У мяне відавочная згода з Рэспубліканскай партыяй, але гэта не перашкаджае мне мець выдатныя адносіны з Байдэнам», — сказала яна.
Падчас сустрэчы з Байдэнам некалькі разоў падкрэсьліваўся моцны «атлянтызм», праяўлены Мэлоні, і яе цьвёрдая падтрымка палітыкі NATO.
20 верасьня 2023 года Мэлоні ўпершыню выступіла на Генэральнай асамблеі ААН. Яна заявіла, што ААН павінна «абвесьціць глябальную вайну» гандлярам людзьмі. Яна сказала, што сёньня многія афрыканскія краіны адчуваюць цяжкасьці праз засуху, зьмены клімату і блякаваньне Расеяй украінскага экспарту збожжа, ад якога залежалі шматлікія афрыканскія краіны. Такая нестабільная сітуацыя будзе спрыяць працы гандляроў людзьмі, гэта значыць злачынных груповак, якія арганізуюць паездкі мігрантаў, аднак не прымаюць непасрэдны ўдзел у іх.
Мэлоні таксама зазначыла, што істотна «вырашыць асноўныя прычыны міграцыі», каб гарантаваць, што людзі пажадаюць застацца ў краіне паходжаньня. Маецца на ўвазе так званы «плян Матэі», які павінны быць буйным праэктам для разьвіцьця і паглыбленьня міжнародных адносінаў паміж Італіяй і афрыканскімі краінамі.
У прамове знайшлося месца і для артыкуляцыі пазіцыі датычна вайны ва Ўкраіне: Мэлоні заявіла, што Італія «адназначна выбрала, на чыім баку быць», гэта значыць з Украінай і супраць Расеі. Нарэшце, яна заклікала рэфармаваць Раду Бясьпекі ААН, куды ўваходзіць з правам вета краіна-агрэсар Расея.
Мэлоні і Беларусь
Сёлета ў ліпені Джорджа Мэлоні прыняла ў Рыме Сьвятлану Ціханоўскую. Беларудская дзяячка не збаялася ехаць на сустрэчу да «Постфашыстаў ва ўладзе ў Італіі», больш за тое, палітыкі знайшлі супольнае. Падчас перамоваў яны абмеркавалі стратэгію па вызваленьні палітычных вязьняў, абароне беларускай незалежнасьці і ізаляцыі рэжыму Лукашэнкі.
Сьвятлана Ціханоўская падзякавала Італіі за «падтрымку рэпрэсаваных, за выдачу візаў, за тое, што Італія паздзяляе рэжым і беларусаў і не прызнае Лукашэнку прэзідэнтам».
«Я бачу яе рашучасьць, бачу, што яна выдатна разумее нашу сітуацыю і гатовая дапамагаць не толькі на словах, але і справамі. Сёньня мы займелі яшчэ адзін моцны голас у падтрымку свабоднай і незалежнай Беларусі», — сказала Сьвятлана Ціханоўская.
У парлямэнце Італіі стварылі дэпутацкую групу «За дэмакратычную Беларусь», у яе ўвайшлі 38 парлямэнтароў.
Нелегальная міграцыя
Балючае і складанае пытаньне, якое патрабуе неадкладных дзеяньняў як у Італіі, так і ўва ўсёй Эўропе. Апошнія месяцы прывялі да шчыльнай супрацы прэм’ераў Італіі і Вялікай Брытаніі.
«Сёньня мы два самыя блізкія сябры у Эўропе», — заявілі брытанскі і італьянскі лідары. Міграцыя — гэта «маральны», «гуманітарны» і «эўрапейскі крызіс», які толькі ў 2023 годзе забраў жыцьці больш за 2000 чалавек, заявілі Сунак і Мэлоні. «Цяпер час для дзеяньняў».
Амаль 45 тысячаў чалавек трапілі ў Вялікую Брытанію ў 2022 годзе пасьля таго, як пераплылі Ла-Манш на невялікіх лодках — гэта рэкорд, што прымусіў Кансэрватыўную партыю прэм'ер-міністра Рышы Сунака патрабаваць больш жорсткай палітыкі ў дачыненьні да нелегальнай міграцыі. Гэта прадугледжвае перадачу нелегальных мігрантаў у Руанду і высылку ўсіх нелегалаў, якія прыбываюць морам.
Прапанаваны брытанскі закон патрабуе, каб кожны, хто нелегальна ўязджае ў Вялікую Брытанію, быў арыштаваны, а затым дэпартаваны альбо ў сваю родную краіну, альбо ў «трэцюю бясьпечную краіну». З Руандай Брытанія падпісала пагадненьне ў красавіку 2022 года. Аднак яно было аспрэчанае судовымі апэляцыямі, а перадачы былі часткова заблякаваныя.
У якасьці рэмаркі — цікава, ці чулі вы пра ўльтраправага нэафашыста Рышы Сунака?
Старшыня Эўракамісіі Урсула фон дэр Ляен у мінулым месяцы наведела Лампедузу, пасьля таго, як Джорджа Мэлоні запрасіла яе азнаёміцца з сітуацыяй на выспе. З пачатку гэтага года 127 тысячаў чалавек нелегальна прыбылі ў Італію марскім шляхам: гэта самая высокая колькасьць з 2016 года.
Урад прыняў рашэньне працягнуць да 18 месяцаў максімальны тэрмін знаходжаньня ў спецыяльных прытулках тых, хто прыбывае без візы, пакуль не будзе прызнана, што яны маюць права на прытулак або не будуць рэпатрыяваныя. Там утрымліваюцца і тыя, хто ўжо атрымаў пацьверджаньне аб высылцы (але рэпатрыяцыя адбываецца ў сярэднім толькі ў палове выпадкаў).
Раней знаходжаньне ў цэнтрах рэпатрыяцыі магло цягнуцца да 3 месяцаў з магчымасьцю працягу яшчэ на 45 дзён. «У нас будзе ўвесь неабходны час, каб не толькі правесьці неабходныя праверкі, але і працягнуць рэпатрыяцыю тых, хто не мае права на міжнародную абарону», — сказала Мэлоні. Умовы «могуць прымусіць дзясяткі мільёнаў людзей шукаць лепшага жыцьця ў Эўропе. Відавочна, аднак, што Італія і Эўропа не могуць прыняць гэтую велізарную масу людзей».
Яна сказала, што хоча «паслаць паведамленьне» будучым мігрантам. «Не мае сэнсу давяраць гандлярам людзьмі, таму што яны возьмуць шмат грошай, пасадзяць на непрыдатную для падарожжа лодку, і як толькі вы прыедзеце сюды, вас затрымаюць і адправяць назад».
Нядаўна адзін з дзесяці такіх цэнтраў рэпатрыяцыі, што месьціцца ў Турыне, быў часова замкнёны пасьля паўстаньня затрыманых, якія падпалілі частку памяшканьняў і зрабілі іх непрыдатнымі для выкарыстаньня.
Жорсткія рэформы рушылі ўсьлед за ўсплёскам наплыву нелегалаў на лодках сёлета ў верасьні, калі больш за 10 тысячаў чалавек высадзіліся на маленькую італьянскую выспу Лампедуза, што ў два разы перавышае колькасьць насельніцтва выспы.
Уявіце, напрыклад, чатыры мільёны мігрантаў у Менску.
Урсула фон дэр Ляен падтрымлівае дастаткова жорсткі падыход Італіі да міграцыі. Некалькі тыдняў таму яна паабяцала «скаардынаваны адказ» Брусэля на праблему іміграцыі. Будзе узмоцненае паветранае назіраньне, таксама будзе разгледжаная магчымасьць новай эўрапейскай ваенна-марской місіі ў Міжземным моры.
На разьвітаньне фон дэр Ляен, якая стаяла поруч з Джорджай Мэлоні, сказала жыхарам маленькай выспы: «Вы можаце разьлічваць на Эўрапейскі зьвяз».
Плян ЭЗ прадугледжвае неадкладную дапамогу агенцтву па прадастаўленьні прытулку ў працы з мігрантамі, каб вызначыць, хто мае права на прытулак. Плян таксама прадугледжвае падтрымку памежнага агенцтва ЭЗ Frontex у хуткім вяртаньні мігрантаў, якім было адмоўлена ў прытулку. «Тыя, хто не мае на гэта права, не могуць заставацца», — сказала фон дэр Ляен.
Афрыканскія краіны
За першы год ва ўладзе Ўрад Джорджы Мэлоні стварыў серыю вельмі інтрыгоўных пагадненьняў з афрыканскімі краінамі. Іх выгоды відавочна будуць праяўленыя напрацягу шматлікіх гадоў.
З Тунісам быў падпісаны Мемарандум аб узаемаразуменьні. Ён прадугледжвае, што Эўразьвяз прапануе Тунісу фінансавую дапамогу ў выглядзе субсідыраванай пазыкі ў памеры 900 мільёнаў эўра, а таксама два бязвыплатных ўклады ў памеры 150 мільёнаў эўра ў якасьці ўнёску ў нацыянальны бюджэт і 105 мільёнаў эўра на прадухіленьне адплыцьця лодак з нелегальнымі мігрантамі.
Узамен Туніс увозьме на сябе абавязальніцтвы правесьці некаторыя рэформы, якія патрабуе МВФ, і больш актыўна супрацоўнічаць у блякаваньні выезду мігрантаў, якія спрабуюць дабрацца да Італіі марскім шляхам. Пра гэта паведаміла прэзідэнт Эўракамісіі Ўрсула фон дэр Ляен, якую суправаджалі з афіцыйным візытам Джорджа Мэлоні і прэм'ер-міністар Нідэрляндаў Марк Рутэ.
З Лібіяй Італія падпісала газавае пагадненьне на 8 мільярдаў эўра. З моманту ўварваньня Расеі ва Ўкраіну Італія і іншыя эўрапейскія краіны спрабавалі замяніць расейскі газ пастаўкамі энэргіі з Паўночнай Афрыкі і іншых крыніцаў. Пагадненьне аб прыродным газе паміж Лібіяй і Італіяй зьяўляецца найбуйнейшай інвэстыцыяй у энэргетычны сектар Лібіі больш чым за два дзесяцігодзьдзі. Італія паставіць берагавой ахове Лібіі пяць новых патрульных катэраў.
З Алжырам, які замяніў Расею ў якасьці найбуйнейшага пастаўшчыка энэргіі ў Італіі, энэргетычныя кампаніі падпісалі новае пагадненьне аб супрацоўніцтве.
Італьянскія інвэстыцыі ў Алжыр зьяўляюцца часткай больш шырокага пляна ўрада Джорджы Мэлоні па ўзмацненьні палітычнага і эканамічнага ўплыву ў краінах Паўночнай Афрыкі з мэтай зрабіць Італію галоўным цэнтрам транспартыроўкі газу з Афрыкі ў Эўропу.
Адносіны паміж Італіяй і Эгіптам за апошні год палепшыліся. Прэзідэнт афрыканскай краіны аль-Сісі памілаваў эгіпецкага актывіста і студэнта Балёнскага ўнівэрсітэту, які быў прысуджаны да трох гадоў пазбаўленьня волі па палітычных матывах. Гэта адбылося дзякуючы паляпшэньню адносінаў краіны з Італіяй. Акрамя эканамічных пытаньняў, таксама вырашаецца праблема мігрантаў. 12% мігрантаў, якія прыбылі ў Італію морам у 2023 годзе, — эгіпцяне.
З Эфіопіяй Джорджа Мэлоні падпісала пагадненьні на мільёны эўра эканамічнай дапамогі для ўмацаваньня інстытутаў гэтай афрыканскай краіны. Эфіопія – другая па колькасьці насельніцтва афрыканская краіна пасьля Нігерыі. А таксама Эфіопія зьяўляецца адным з асноўных пунктаў пераходу для мігрантаў, якія адпраўляюцца з Лібіі ў Міжземнае мора, каб дабрацца да Эўропы. Па гэтай прычыне праца над добрымі адносінамі і стабілізацыяй эфіопскіх інстытутаў зьяўляецца спосабам для Мэлоні паспрабаваць спыніць праблему нелегальных мігрантаў.
У гэтым кантэксце Мэлоні сказала, што прагне адчыніць тое, што яна назвала «плянам Матэі для Афрыкі», гэта значыць набор інвэстыцыяў і дапамогі, скіраванай на падтрымку некаторых афрыканскіх дзяржаваў. Па словах Мэлоні, плян павінны палепшыць эканамічную сітуацыю паўночнаафрыканскіх краінаў з мэтай скараціць эміграцыю ў Італію.
Як у Італіі распраўляюцца з крытыкай (ці паклёпам?)
Вакаліст знакамітага гурта Placebo Браян Молка ў ліпені, падчас канцэрту ў Турыне са сцэны вымавіў наступнае: «Джорджа Мэлоні э... лайно, фашыст, расіст.... х..табе!»
Можна толькі ўявіць (а лепш ня трэба), што стала б з аўтарам падобнага публічнага выказваньня пры фашыстах, расістах ва ўладзе. У Італіі ж не абыйшлося без разбіральніцтва. Пракуратура Турына пачала рассьледваньне інцыдэнту па факце парушэньня грамадзкага парадку. Да справы была далучаная заява прэм'ер-міністра Італіі. Згодна з італьянскім заканадаўствам, за публічны паклёп на адрас чальцоў урада, парлямэнту і арміі прадугледжанае пакараньне. Гэта не 3-5 ці бясконцасьць гадоў за кратамі, як у Беларусі. Таго, хто дазволіў сабе публічны паклёп, чакае максімум штраф у памеры да пяці тысячаў эўра ў бюджэт і пэўная сума ў якасьці кампэнсацыі маральнай шкоды.
Колькі словаў пра фашызм і нацызм
Калі кожнага палітычнага суперніка называюць «фашыстам» або «нацыстам», гэтыя тэрміны губляюць сілу шакаваць і мабілізаваць, што можа падарваць здольнасьць грамадзтва распазнаваць і супрацьстаяць сапраўдным пагрозам аўтарытарызму ці таталітарызму, калі яны зьяўляюцца.
«Браты Італіі» на чале з прэм’ерам Джорджай Мэлоні зьяўляецца клясычнай кансэрватыўнай, хрысьціянска-дэмакратычнай правай партыяй. І калі вам чэшацца язык назваць іх «ультра-правымі», «пост-фашыстамі» і гэтак далей – называйце падобным чынам і нямецкую ХДС Ангелы Мэркель і Ўрсулы фон дэр Ляэн, Кансэрватыўную партыю ў Вялікай Брытаніі ці Рэспубліканскую партыю ў ЗША.
Калі ўжо пасьлядоўна – тады да канца.