Жанчына, якую баіцца Еўропа. Дасье ў карыкатурах
25 верасня італьянцы прагаласуюць за новы склад ніжняй і верхняй палат парламента. Хутчэй за ўсё ў выніку краіна атрымае першы ў гісторыі ўрад пад кіраўніцтвам жанчыны. Аднак такі сцэнар палохае Еўропу.
![meloni_1_logo_1.jpg meloni_1_logo_1.jpg](/img/v1/images/meloni_1_logo_1.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Абраны ў 2018-м цяперашні італьянскі парламент павінен працаваць да вясны 2023-га, але ў ліпені развалілася шырокая кааліцыя, якая паўстала падчас пандэміі. Кабінет Марыа Драгі двойчы не атрымаў у сенаце патрэбную колькасць галасоў дэпутатаў і быў вымушаны падаць у адстаўку. Для шмат каго адстаўка Драгі стала нечаканай. Лічылася, што ён вопытны палітык. Нядзіўна, што Драгі ў карыкатурах часта любілі стылізаваць пад Супер Марыё — папулярнага героя камп'ютарнай гульні.
![1_603.jpg 1_603.jpg](/img/v1/images/1_603.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Падчас выбарчай кампаніі хутка выявіліся фаварыты. Рэйтынгі ўзначальвае правая кааліцыя, куды ўваходзяць некалькі структураў права-папулісцкага калібру. Сумарна альянс правых сіл можа сабраць каля 45% галасоў.
Іх галоўныя апаненты — левацэнтрысты на чале з Дэмакратычнай партыяй — у агульным набіраюць прыкладна 28%. Астатнія партыі, у тым ліку трыумфатар мінулых выбараў «Рух 5 зорак», пра перамогу нават не мараць.
Трэба прызнаць, што фармаванні, якія ўваходзяць у правацэнтрысцкі блок, узначальваюць вельмі яркія постаці. Дастаткова згадаць лідара партыі «Наперад, Італія» Сільвіа Берлусконі. Падчас свайго прэм'ерства Сільвіа паспеў стаць фігурантам серыі карупцыйных скандалаў і нават быў асуджаны. Таксама «праславіўся» Берлусконі прыгодамі на сексуальным фронце, што вельмі любілі выяўляць мастакі.
![2_556.jpg 2_556.jpg](/img/v1/images/2_556.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Не менш экстравагантны сябра правацэнтрысцкай кампаніі — Матэа Сальвіні з партыі «Ліга Поўначы». Будучы віцэ-прэм'ерам, аказваў інфармацыйную і арганізацыйную падтрымку французскаму пратэснаму руху «Жоўтыя камізэлькі» з мэтай зрынуць адміністрацыю Эмануэля Макрона. Дуэль Матэа і Эмануэля стаў тэмай для карыкатур.
![3_493.jpg 3_493.jpg](/img/v1/images/3_493.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Аднак у цэнтры ўвагі СМІ знаходзяцца не згаданыя персанажы, а Джорджа Мелоні, якая ўзначальвае партыю «Браты Італіі». Паколькі «Браты» — бясспрэчны лідар сацыялагічных апытанняў, хутчэй за ўсё яны і атрымаюць па выніках выбараў большасць галасоў. Адпаведна Джорджа будзе галоўным прэтэндэнтам на пасаду прэм'ера. Такі расклад палохае многіх еўрапейскіх лідараў, бо «Браты» — партыя еўраскептыкаў і крытыкаў палітыкі прыёму мігрантаў-нелегалаў. Не выпадкова ў левых медыя Мелоні любяць параўноўваць з Мусаліні.
![4_461.jpg 4_461.jpg](/img/v1/images/4_461.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Зрэшты, галасы правым партыям забяспечылі не ксенафобскія заклікі ці настальгія па часах фашызму. Італьянскаму выбаршчыку перш за ўсё не падабаецца інфляцыя і рост коштаў на электраэнергію. Згодна з прагнозамі, у 2022 годзе італьянцы выдаткуюць на рахункі за энергію ў тры разы больш, чым у 2021 годзе. Многія, асабліва дробныя прадпрыемствы, такіх тарыфаў не вытрымліваюць і вымушаны закрывацца. Гэта і выклікае пратэсныя настроі і адпаведна гатоўнасць галасаваць за радыкалаў.
Часцяком рост коштаў таксама звязваюць з санкцыямі супраць Расіі, якія падтрымліваў блізкі да левых кабінет Марыа Драгі. Таму шмат хто пабойваецца, што прэм'ер Мелоні патэнцыйна будзе намагацца разваліць еўрапейскі антыпуцінскі лагер. Цяперашнія выбары ў медыя нават разглядаюцца як падзея, на якой вызначаецца лёс усяго кантынента. Адзін з мастакоў метафарычна выявіў гэта так.
![5_427.jpg 5_427.jpg](/img/v1/images/5_427.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Самае вясёлае, што расійскі афіцыёз не разглядае Джорджыа Мелоні як свайго саюзніка, у адрозненне ад той жа Марын Ле Пэн. Спадарыня Мелоні ў сімпатыях да Масквы заўважаная не была. Больш за тое, яна неаднаразова заяўляла, што ў выпадку перамогі на выбарах працягне пастаўкі ўзбраенняў Кіеву. Таму пагрозы перагляду палітыкі Рыма ў адносінах да вайны на тэрыторыі Украіны хутчэй за ўсё моцна перабольшаны. А вось адназначная палітыка падтрымкі санкцыяў можа быць перагледжана.
Зрэшты, што на самай справе ў галаве ў той Мелоні, ніхто не ведае. Таму рэзкі разварот у італьянскай палітыцы ў выпадку прыходу правых сіл да ўлады не выключаны. Кошт такога эксперыменту можа быць вельмі высокі. Тэматычны малюнак на гэты конт аднаго з італьянскіх мастакоў.
![6_313.jpg 6_313.jpg](/img/v1/images/6_313.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)