Італія мяняе міграцыйную палітыку: нелегальным мігрантам мужчынскага полу забаранілі сыходзіць на бераг

Новы італьянскі ўрад на чале з Джорджай Мелоні пачаў увасабляць у жыццё перадвыбарчыя абяцанні: спачатку ўзяліся за мігрантаў.

Прэм'ер-міністарка Італіі Джорджа Мелоні. Фота: «Reuters»

Прэм'ер-міністарка Італіі Джорджа Мелоні. Фота: «Reuters»


Новы ўрад Італіі робіць больш жорсткай іміграцыйную палітыку. Улады краіны больш не дазваляюць мужчынам, выратаваным дабрачыннымі арганізацыямі ў водах Міжземнага мора, сыходзіць на бераг. У Рыме настойваюць: такія мігранты павінны прасіць прытулку не ў Італіі, а ў краіне, пад чыім сцягам ходзіць судна, якое перавозіла іх.
Так у нядзелю ўлады Італіі не дазволілі высадзіцца на бераг 215 мігрантам з судна «Geo Barents» — яно належыць арганізацыі «Лекары без меж» і ходзіць пад нарвежскім сцягам. Такі ж лёс напаткаў 45 мужчын, выратаваных нямецкім суднам «Humanity 1».
«Нельга перашкаджаць выратаванню грамадзянскіх асоб на моры. Наш маральны і юрыдычны абавязак — не дапусціць, каб людзі, якім пагражае небяспека, танулі ў моры. Такой павінна быць мэта нашых дзеянняў», — кажа прадстаўнік МЗС Германіі Андрэа Засэ.
Пры гэтым каля пяцісот чалавек з двух судоў — жанчыны, дзеці і мужчыны з праблемамі са здароўем — усё-ткі атрымалі дазвол сысці на бераг. «Geo Barents» і «Humanity 1» адмаўляюцца пакідаць порт Катаніі да таго часу, пакуль на борце застаюцца мігранты. Іх стан — надзвычай прыгнечаны, кажуць праваабаронцы.
Яшчэ двум судам з мігрантамі на борце італьянскія ўлады не дазволілі нават зайсці ў порт.
Новая прэм'ер-міністарка Італіі Джорджа Мелоні заняла гэты пост у канцы кастрычніка і паабяцала спыніць паток мігрантаў, якія пераплываюць Міжземнае мора на надзіманых лодках.
«Мы павінны спыніць нелегальную міграцыю і гандаль людзьмі», — заявіла яна, падкрэсліўшы, што не мае намеру ставіць пад сумнеў права прытулку для тых, хто ратуецца ад войнаў і пераследу.
Італія для мігрантаў — вароты ў Еўропу. У асноўным туды плывуць з Паўночнай Афрыкі. Паводле даных ААН, з пачатку бягучага года на лодках у Італію прыбылі ўжо 85 тыс. чалавек.
Лодкі часта церпяць бедства, ратуюць мігрантаў гуманітарныя судны.
«Тыя, хто выжыў, маюць права на індывідуальную праверку для атрымання дапамогі, якая можа быць аказана толькі на сушы. Адмова Упраўлення тэрытарыяльных вод выпусціць на бераг 35 чалавек, якія шукаюць абароны на борце «Humanity1», з'яўляецца формай калектыўнай адмовы і, такім чынам, незаконная», — гаворыцца ў заяве «SOS Humanity».
Арганізацыя прыгразіла, што падасць у суд на італьянскі ўрад за парушэнне еўрапейскага заканадаўства і Жэнеўскай канвенцыі аб бежанцах.