Святлана Ціханоўская: Дэмакратычная Беларусь — вялізны ўдар па расійскім імперыялізме

Святлана Ціханоўская 17 кастрычніка выступiла са зваротам у Парламенце Вялікабрытанii — з так званай «Вестмінстэрскай лекцыяй».

Беларуская дэмакратычная лiдарка выступіла з «Вестмінстэрскай лекцыяй»

Беларуская дэмакратычная лiдарка выступіла з «Вестмінстэрскай лекцыяй»

Беларусь можа быць гісторыяй поспеху: «Вестмінстэрская лекцыя» Святланы Ціханоўскай

Беларуская дэмакратычная лiдарка выступіла з «Вестмінстэрскай лекцыяй» — прамовай, з якой аўтарытэтныя спiкеры штогод выступаюць перад чальцамі Парламента, дыпламатамі i іншымі важнымі асобамі. У звароце яна распавяла пра сітуацыю ў Беларусі і стратэгічныя прыярытэты для дэмакратычных сіл і міжнароднай супольнасці. 

 Святлана Ціханоўская  адзначыла: «Беларусы стаміліся жыць пры дыктатуры амаль 30 гадоў. І хоць прыгожых мітынгаў, падобных да тых, што былі тры гады таму, не ўбачыш, супраціў працягваецца  ён сышоў у падполле. Аднак мы не зможам перамагчы ў адзіночку. Беларускай дэмакратыі патрэбны моцныя саюзнікі і сябры, гатовыя да смелых крокаў, рашэнняў. Веру, што такія людзі прысутнічаюць у зале.

Хачу, каб Беларусь была ў ліку прыярытэтаў брытанскага парламента, цяперашняга і будучага ўрада Вялікабрытаніі. Патрабуйце ад вашага кіраўніцтва рашучых крокаў у супрацьстаянні з тыраніяй Пуціна і Лукашэнкі. Слоў асуджэння недастаткова. Сённяшнія санкцыі не працуюць у поўнай меры з прычыны шчылін. І Вялікабрытанія магла б падаць прыклад, як змагацца з абыходам санкцый».

Святлана Ціханоўская распавяла пра штодзённае жыццё беларусаў пра дыктатуры: «Гэта азначае страх. Вы баіцеся наведваць антыўрадавыя старонкі ў інтэрнэце. Або чытаць СМІ, абвешчаныя «экстрэмісцкімі». Падчас перапіскі з сям’ёй вы карыстаецеся зашыфраванымі месенджарамі, каб пазбегнуць магчымых «гутарак» з супрацоўнікамі КДБ.

Вы баіцеся захоўваць свае старыя фотаздымкі ў тэлефоне: іх могуць выкарыстаць як доказ таго, што вы тры гады таму бралі ўдзел у пратэстах. Вы баіцеся размаўляць па-беларуску на вуліцы, таму што гэта робіць вас патэнцыйным ворагам рэжыму. Проста няма магчымасці даказаць сваю невінаватасць. Я часам чую, што Беларусь — прайграная справа. Але гэта не так. Запэўніваю вас: Беларусь можа быць гісторыяй поспеху».

Глядзіце таксама

Таксама Святлана Ціханоўская заклікала Вялікабрытанію далучыцца да міжнароднай кааліцыі ў падтрымку Беларусі, а дэпутатаў — станавіцца хроснымі для беларускіх палітвязняў, як гэта ўчора зрабіў Борыс Джонсан для Сяргея Ціханоўскага. 

«Далучайцеся да міжнароднай кааліцыі ў падтрымку незалежнай і суверэннай Беларусі. Дапамажыце нам аднавіць справядлівасць. Патрабуйце трыбунал не толькі супраць Пуціна, але і Лукашэнкі. Ён таксама заслужыў ордэр на арышт. І, нарэшце, дапамажыце Украіне выйграць гэтую вайну. Перамога Украіны стане канчатковым паражэннем Пуціна і Лукашэнкі. А дэмакратычная Беларусь — вялізным ударам па расійскім імперыялізме».

Святлана Ціханоўская выступае ў парламенце Вялікабрытаніі

Святлана Ціханоўская выступае ў парламенце Вялікабрытаніі

«Еўрапейскія перспектывы для Беларусі – адзіная альтэрнатыва «рускаму свету»

Падчас візіту ў Лондан Святлана Ціханоўская таксама правяла брыфінг для амбасадараў 24 краін Еўрасаюза. 

Яна папрасіла дзяржавы, што былі прадстаўлены на сустрэчы, далучыцца да групы сяброў Беларусі ў АБСЕ, а таксама прызначыць спецыяльных пасланнікаў для працы з дэмакратычнай Беларуссю замест таго, каб адпраўляць амбасадараў у Мінск.

Святлана Ціханоўская папрасіла падтрымаць беларусаў за мяжой, якія рызыкуюць застацца без пашпартоў і дакументаў у выніку новых законаў. 


Глядзіце таксама

«Рашэннем праблемы можа стаць пашпарт новай Беларусі. Мы плануем пачаць выдачу пашпартоў у наступным годзе і будзем прасіць урады вашых краін прызнаць іх», — адзначыла беларуская лідарка.

Таксама Святлана Ціханоўская заклікала еўрапейскія краіны не прызнаваць легітымнымі выбары-2024, да якіх ужо рыхтуецца рэжым. Яна прапанавала працягваць працу па прыцягненні злачынцаў да адказнасці: «Нашы міжнародныя партнёры сабралі дастатковую колькасць доказаў, каб распачаць справы па ўніверсальнай юрысдыкцыі супраць прадстаўнікоў рэжыму».

Паводле сацсетак Святланы Ціханоўскай, «Свабоды»