Ніхто не забыты, ніхто не прабачаны

У ЗША затрыманы і рыхтуецца да экстрадыцыі на радзіму забойца чылійскага спевака Віктара Хары, былы вайсковы афіцэр Пэдра Бар'ентас (Pedro Barrientos). Менавіта Пэдра Бар'ентас быў адным з тых, хто аддаваў загады на галоўным стадыёне чылійскай сталіцы падчас перавароту ў верасні 1973 года.

Віктар Хара. Фота з proininews.gr

Віктар Хара. Фота з proininews.gr

На стадыёне, як вядома, па загадзе Піначэта стварылі велізарны канцлагер для праціўнікаў путчу. Туды прывезлі 40 тысяч актывістаў левых палітычных сілаў, прафсаюзаў плюс звычайных мінакоў, якіх жаўнеры хапалі проста на вуліцах.

Нейкім чынам у натоўпе зняволеных Бар'ентас натыкнуўся на чалавека, у якім адразу пазнаў Віктара Хару, якога выкралі ў адной з радыёстанцый. У прынцыпе пазнаць барда было няцяжка. На той момант Віктар Хара быў вядомы як музыка, тэатральны рэжысёр, лічыўся адным з самых яскравых прадстаўнікоў чылійскай культуры. Папулярнасць Віктара Хары была проста фантастычнай не толькі на радзіме, але і ў свеце. Акрамя таго, Хара быў прыхільнікам урада Альендэ і чальцом Кампартыі, што і выклікала прыліў лютасці ў афіцэраў-канваіраў.

Музыку чакалі жудасныя катаванні. Праз яго цела прапускалі ток, знявечылі твар пісталетам, ледзь не выбіўшы вока. Спевака паказвалі салдатам, якія прыбываюць на стадыён, як «галоўны трафей новай улады».

Нейкім чынам Хара прымудрыўся напісаць ліст сям'і і нават скласці верш, у якім ёсць такія радкі: «Кроў прэзідэнта Альендэ б'е мацней, чым бомбы і кулі. Нашы кулакі яшчэ стукнуць ізноў».

Скончылася ўсё тым, што Пэдра Бар'ентас загадаў салдатам зацягнуць Хару ў адзін са скляпоў, дзе асабіста зламаў яму ўсе пальцы на руках ударамі рэвальвера. Пасля гэтага Бар'ентас стаў гуляць з напаўжывым спеваком у «рускую рулетку», прыклаўшы рэвальвер да яго патыліцы. У нейкі час прагучаў смяротны стрэл. Тады афіцэр ён загадаў жаўнерам таксама стрэліць у нябожчыка.

Цела Хары знайшлі 16 верасня 1973 года ў пасёлку па дарозе на стадыён. Мясцовыя жыхары доўга ўглядаліся ў знявечаны твар, пакуль адна з жанчын пазнала ў забітым вядомага барда. Паўторна яго апазнала жонка ў трупярні. Улады Чылі вымушаны былі прызнаць гібель Віктара Хары, заявіўшы, што ён «загінуў у перастрэлцы з ваенным патрулём». Паэт быў пахаваны ў понча, без рэлігійнай цырымоніі. Праз некалькі гадзін пасля пахавання з яго магілы былі выкрадзеныя ўсе кветкі, пакінутыя на ёй жонкай і блізкімі.

Але прыбраць справу Хары ў архіў не атрымалася. Чылійцу наканавана было стаць самай знакавай ахвярай рэжыму Аўгуста Піначэта. У Новым Свеце таго часу яго вядомасць, творчасць і ўплыў на народныя масы былі параўнальныя толькі з папулярнасцю Эрнэста Чэ Гевары. Віктару Хара прысвяцілі свае песні многія гурты і выканаўцы. У тым ліку і беларускія «Песняры», якія запісалі песню «Памяці Віктара Хары».

З улікам статусу Хары нядзіўна, што справу аб ягонай смерці аднавілі адразу ж пасля прыходу да ўлады апазіцыі. Пасля эксгумацыі астанкаў Віктара ў 2009 годзе эксперты высветлілі, што ён загінуў ад стрэлу ў галаву з пісталета, а толькі потым у яго выпусцілі кулямётную чаргу. Косці Хары, як высветліла ўсё тая ж судова-медыцынская экспертыза, былі пераламаныя ў трыццаці месцах.

Яшчэ раней, у снежні 2008 года ўсім васьмярым удзельнікам злачынства чылійскі суд прад'явіў абвінавачанні. Сямёра, якія пражывалі ў Чылі, былі арыштаваныя, а вось Пэдра Бар'ентас нечакана знік.

У 2012 годзе чылійскія тэлежурналісты знайшлі Бар'ентаса ў ЗША. Аказваецца, у 1989 годзе ён ажаніўся з грамадзянкай ЗША, атрымаў амерыканскі пашпарт і пасяліўся ў Фларыдзе. Чылійскі ўрад падрыхтаваў запыт у ЗША на экстрадыцыю Бар'ентэса, але так яго і не адправіў па тэхнічных прычынах.

Не чакаючы экстрадыцыі, сям'я Хары (удава і дзве дачкі) падала пазоў у адзін з федэральных судоў на тэрыторыі Фларыды. У чэрвені 2016 года суд прысяжных у Фларыдзе прызнаў былога афіцэра чылійскага войска, грамадзяніна ЗША Пэдра Бар'ентаса вінаватым у забойстве спевака, але чамусьці вырашылі экстрадаваць яго толькі сёння.

5 кастрычніка спецыяльныя агенты затрымалі забойцу Хары ў Фларыдзе. Кадры арышту патрапілі ў інтэрнэт.

Наўрад ці на радзіме Пэдра Бар'ентаса чакае нешта вясёлае. Пяць гадоў таму было вынесенае судовае рашэнне ў дачыненні да іншых саўдзельнікаў выкрадання, катаваннях і забойства Віктара Хары. Пераважная большасць падсудных атрымала па 18 гадоў турмы. Па рашэнні суда ўлады Чылі павінны выплаціць каля двух мільёнаў долараў сваякам ахвяры.

Так ці інакш, галоўны ўдзельнік злачынства, якое адбылося больш за 50 гадоў таму, дзякуючы намаганням мноства людзей з розных краін, урэшце паўстане перад правасуддзем. І няма ніякіх сумневаў, што Пэдра Бар'ентас будзе пакараны. Ну, а песні яго ахвяры, Віктара Хары, працягнуць гучаць.

Зрэшты, зараз Віктар Хара застаецца ў памяці чылійцаў не толькі дзякуючы сваёй музыцы. Згаданы вышэй стадыён Санцьяга, на якім катавалі людзей, цяпер называецца стадыён імя Віктара Хары.

Глядзіце таксама