Вераніка Чаркасава: 19 гадоў пасля забойства
Расследаванне забойства журналісткі Веранікі Чаркасавай амаль за два дзесяцігоддзі так і не зрушылася, забойца (або забойцы) так да гэтага часу і не названыя. Калегі ж Чаркасавай падазраюць, што за крывавым забойствам стаіць вялікая палітыка, справы якой следчыя органы наўмысна не хочуць варушыць.
Лукашэнка даваў пяць дзён на расследаванне, аднак забойцы журналісткі «Салідарнасці» так і не былі названыя, нагадвае gazetaby.plus.
20 кастрычніка 2004 года, калі блізкія і калегі не змаглі датэлефанавацца да Веранікі, айчым і яе сын (маці выхоўвала яго адна) прыехалі ў кватэру журналісткі і выявілі яе забітай. Вераніцы нанеслі некалькі дзясяткаў удараў нажом, але, верагодна, смяротным быў ужо першы.
Жорсткае забойства атрымала рэзананс у Беларусі і свеце: Вераніка Чаркасава была незалежнай журналісткай, а яе гібель адбылася ўсяго праз некалькі дзён пасля правядзення рэферэндуму, які дазволіў Аляксандру Лукашэнку пераабірацца на пасаду неабмежаваную колькасць разоў.
Пры вялікай увазе СМІ кіраўнік публічна запатрабаваў раскрыць забойства цягам пяці дзён.
Практычна з самага пачатку паўсталі пытанні да ўладаў.
Следства стала разглядаць версію забойства на бытавой глебе: дзверы ў кватэру не былі ўзламаныя, з чаго зрабілі выснову, што журналістка ўпусціла забойцу сама і магла быць з ім знаёмая.
Аднак эксперты агучвалі і іншы сцэнар: мог дзейнічаць кілер, які свядома хацеў замаскіраваць забойства пад бытавое.
Расследаванне зацягнулася і дадало пытанняў: трагедыі на бытавой глебе, як правіла, раскрываюцца вельмі хутка. Ды і ўладам гэта было б выгадна: каб прадэманстраваць, што яны ніякім чынам не былі датычныя да таго, што адбылося.
У адрозненне ад следства, калегі вылучылі іншыя версіі. Журналістка ў асноўным пісала пра людзей і на культурныя тэмы, але досыць выпадкова яна магла быць пагружаная ў тэму продажу зброі Іраку і датычнасці да гэтага «Інфабанка».
Таксама выказвалася здагадка, што Вераніка Чаркасава магла стаць ахвярай вайны паміж дзвюма кланавымі групоўкамі за ўсталяванне кантролю над Гомельскім заводам па вытворчасці вінаў.
Але следства, нягледзячы на адсутнасць поспехаў у расследаванні, настойвала на бытавой версіі.
Падазраванымі сталі 15-гадовы сын журналісткі і яе айчым. Падазрэнні з іх знялі толькі вясной 2005 года.
Праз пераслед цягам некалькіх гадоў сын Чаркасавай вымушаны быў з'ехаць з Беларусі.
Следства не стала глыбока вывучаць іншыя версіі, расследаванне паступова заглухла. Патрабаванне Лукашэнкі знайсці забойцу журналісткі засталося нявыкананым. Зрэшты, пасля знікнення Дзмітрыя Завадскага ён таксама патрабаваў «кроў з носу» знайсці вінаватых у выкраданні аператара сярод белага дня, але гэтага так і не адбылося.
Тое, што ўлады не збіраюцца сур'ёзна шукаць ні заказчыка, ні выканаўцы гэтага злачынства, зразумела даўно. Цяперашні рэжым зрабіў усё магчымае, каб забыцца і больш не ўспамінаць пра гэтую справу.
Вераніка Чаркасава была забітая 20 кастрычніка 2004 года ва ўласнай кватэры ў Менску. Забойца нанёс каля 46 нажавых удараў. Цела журналісткі знайшлі 15-гадовы сын Антон Філімонаў і яе айчым Уладзімір Мялешка. Вераніка Чаркасава пахаваная на Каладзішчанскіх могілках пад Мінскам.
Калегі працягваюць памятаць Вераніку Чаркасаву, яна заўсёды будзе жыць у нашых сэрцах.