Замест закону аб супрацьдзеянні хатняму гвалту мы лепш пакінем смяротнае пакаранне. Бо біць дзяцей — гэта нармальна?

Нядаўна ў Беларусі быў вынесены чарговы смяротны прысуд. Расстрэл чакае бацьку 3-гадовага дзіцяці, які разам з жонкай здзекаваўся з сына і забіў яго. Гэта цягнулася не адзін тыдзень, але ўсе дзяржаўныя службы ігнаравалі — або зрабілі недастаткова — і не паўплывалі на сітуацыю. Тым часам у краіне адсутнічае спецыялізаваны закон аб супрацьдзеянні хатняму гвалту, прыняцце якога скасаваў Лукашэнка.

Забітае 3-гадовае дзіця сістэматычна катавалі бацькі. Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Забітае 3-гадовае дзіця сістэматычна катавалі бацькі. Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Мінскі абласны суд вынес прысуд Аляксандру і Анастасіі Таратутам — сужэнцам са Слуцка, якіх абвінавачваюць у забойстве трохгадовага сына. Бацьку прызначаны расстрэл, маці — 25 гадоў строгага рэжыму. «Медыязона» расказвае, што вядома пра гэтую жахлівую трагедыю.

Не менш за 10 удараў і шматлікія траўмы. Што адбылося

У Слуцку ўвечары 14 студзеня гэтага года «хуткая» прыехала да трохгадовага Сямёна Таратуты. Дзіця было ў стане клінічнай смерці, выратаваць яго не ўдалося. Медыкі знайшлі на целе хлопчыка траўмы — свежыя і даўнія.

Дадому да сям'і прыехалі следчыя. Бацькі Сямёна пераконвалі іх, што хлопчыку «проста стала дрэнна». Пару затрымалі, а пазней судмедэкспертыза паказала, што ў той дзень дзіця ўдарылі не менш за 10 разоў. Сямён памёр ад моцнай траўмы галавы.

На допыце бацькі — 48-гадовы Аляксандр Таратута і 38-гадовая Анастасія Таратута — расказалі, што рэгулярна білі дзіця. Іх не задавальняла, што Сямён «дрэнна сябе паводзіў, часта плакаў і раздражняў іх». Супраць мужа і жонкі завялі справу аб забойстве, а іншых дзяцей пары — ім год, 4 і 13 гадоў — адправілі ў прытулак.


Глядзіце таксама


Рэанімацыя і здзекі. Перадгісторыя трагедыі

У жніўні 2020 года васьмімесячны Сямён трапіў у рэанімацыю са страсеннем мозгу. Паводле версіі абвінавачання, бацькі ўдарылі яго як мінімум 27 разоў, з іх 20 — па галаве. Бацькі сістэматычна здзекаваліся з хлопчыка: апускалі яго галаву ў вядро з вадой, білі тапкай па вуснах, калі ён плакаў, не выводзілі на прагулкі, усаджвалі ў ванну з бялізнай і прымушалі сціраць.

Сацыяльны педагог, якая выступіла ў судзе сведкай, расказала, што вясной 2021 года «сталі паступаць сігналы» пра траўмы ў Сямёна. Тады была створаная камісія з педагогаў, медыкаў і міліцыянтаў.

— У дзіцяці цякла з вушка сукравіца і яно не станавілася на ножкі, было прынята рашэнне яго шпіталізаваць, — расказала сацпедагог.

У бальніцу дзіця забралі толькі праз некалькі дзён: маці адмаўлялася ад шпіталізацыі. Пракурорка задавала сведцы шмат пытанняў пра тое, як сацслужбы рэагавалі на тое, што адбываецца ў сям'і. Сацпедагог адказала, што яны «рабілі ўсё магчымае». У 2021 годзе камісія вырашыла забраць дзяцей з сям'і. Пазней іх вярнулі бацькам, а праз некалькі месяцаў Сямён загінуў.


Глядзіце таксама

«Адчувала жаль, напэўна». Што расказалі бацькі

«Жонка не хацела яго. Спачатку нам у Слуцку сказалі, што будзе дзяўчынка. А пазней у Мінску пацвердзілі, што хлопчык, але рабіць аборт было позна», — сказаў Аляксандр у судзе.

Анастасія расказала пра неаднаразовыя спробы суіцыду, у тым ліку падчас цяжарнасці. Сямён нарадзіўся неданошаным і тры месяцы правёў у бараўлянскай бальніцы — за гэты час маці наведала яго ўсяго некалькі разоў.

Бацькі выпівалі і білі дзіця. «Яна больш за мяне наносіла ўдары, яна яго выхоўвала», — сказаў Таратута, а пазней апісаў, як разам з жонкай біў Сямёна рукамі і нагамі.

Анастасія, дадаў ён, кідала хлопчыка ў ванную і не карміла яго, а спала дзіця на кухні на голай падлозе. Муж і жонка звязвалі Сямёна і дражнілі яго ежай, расказваў бацька. Некаторыя здзекі бацькі здымалі на відэа.

— У нас у сям'і камандзір — жонка. Як яна скажа, так і будзе. Я не мог кантраляваць, чым маці корміць сына, — гэта недавер, — сказаў абвінавачаны.

Паводле слоў Аляксандра, ён прапаноўваў аддаць хлопчыка ў дзіцячы дом, але жонка адмаўлялася, таму што не хацела пазбаўляцца дзіцячай дапамогі.

— Адказваючы на пытанне пракурора, ці адчувала маці хоць нейкія пачуцці да дзіцяці, якое білі і марылі голадам, яна сказала: «Жаль, напэўна», — перадае словы Анастасіі «Sputnik».

Таратута расказаў, што 14 студзеня ўдарыў хлопчыка адзін раз, астатнія ўдары наносіў «не ён». Паводле яго слоў, хлопчык памёр «практычна адразу». Аляксандр дадаў, што памыў дзіця і выклікаў «хуткую», а ў гэты час жонка і старэйшы сын сышлі ў краму.

Муж і жонка прызналі віну ў судзе. Падчас следства бацька напісаў чыстасардэчнае прызнанне, але ў судзе сказаў, што яго «можна ануляваць». Таратута паскардзіўся на ціск з боку следства і заявіў, што «не здзейсніў і адной восьмай таго, што напісаў».


Глядзіце таксама

«Ён быў як шкілецік». Што рабілі суседзі, медыкі і міліцыя

Суседка сям'і ў судзе расказала, што часта тэлефанавала ў міліцыю, пісала заявы аб хатнім гвалце ў пракуратуру і іншыя органы. Да сям'і прыходзілі пракуроры — «на нейкі час скандалы сціхлі», але потым зноў аднавіліся, казала сведка. Падчас следства яна расказвала, што ў міліцыі яе папярэдзілі пра адказнасць за ілжывы данос на суседзяў.

Іншая суседка — супрацоўніца «хуткай» — чула гукі ўдараў і тое, як хлопчыка абзываюць. Паводле яе слоў, адна з суседак паведамляла ў міліцыю і ў іншыя службы пра здзекі з дзіцяці. На «гарачай лініі» ёй параілі патэлефанаваць псіхіятру.

Часам медык трапляла на выклікі да Таратутаў, але сужэнцам удавалася пераканаць участковага доктара, што ў іх «усё нармальна». Паводле слоў сведкі, Сямён быў вельмі худым, «як шкілецік».

— Ён не ўпісваўся ў паняцце «звычайнае дзіця», у тры гады па вазе ён быў на выгляд як гадавалы, у яго быў уздуты жывот, што з'яўляецца прыкметай бялкова-энергетычнай недастатковасці, — расказваў супрацоўнік «хуткай», якая прыехала да сям'і ў дзень смерці Сямёна.


Глядзіце таксама

У хлопчыка быў дэфармаваны нос, каля вока была рваная рана, а на галаве вырваны клок валасоў. На пытанне пра тое, што з дзіцём, бацькі адказалі, што «ён заўсёды такі», згадаў медык.

У апошнім слове Аляксандр Таратута пераконваў суд, што ў яго «не было намеру забіваць дзіця». Анастасія сказала, што не ў стане вымавіць апошняе слова і папрасіла далучыць яго тэкст да матэрыялаў справы — ёй адмовілі.