Умацаванне сувязей Беларусі з Захадам дапаможа аслабіць Расію
Некаторыя заходнія аналітыкі ставяць пад сумнеў эфектыўнасць праеўрапейскага выбару беларускіх дэмакратычных сіл. Але ёсць і аргументы «за» такі шлях.
![fvuesjqxwaa_oqb_logo.jpg.webp fvuesjqxwaa_oqb_logo.jpg.webp](/img/v1/images/fvuesjqxwaa_oqb_logo.jpg.webp?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Нядаўна заяўленая апазіцыяй мэта ўступлення Беларусі ў Еўрапейскі Саюз падвергнулася крытыцы з боку некаторых за тое, што яна разыходзіцца з патрабаваннямі людзей, якія жывуць унутры Беларусі. Але гэтая крытыка памылковая.
У артыкуле на «ОpenDemocracy» калумніст Пол Хэнсберы сцвярджаў, што імкненне дэмакратычнай лідаркі Святланы Ціханоўскай да ўступлення ў ЕС можа аддаліць яе ад беларускай грамадскасці. Хоць Хэнсберы ставіць правільнае пытанне: як забяспечыць адзінства дэмакратычных сіл Беларусі і не страціць сувязь з людзьмі ўнутры Беларусі, — я лічу, што ён памыляецца ў тым, як дасягнуць гэтых мэтаў, піша навуковая супрацоўніца Стакгольмскага цэнтра ўсходнееўрапейскіх даследаванняў Вікторыя Леўкавец.
Па-першае, ён сцвярджае, што імкненні Ціханоўскай у ЕС могуць яшчэ больш раскалоць праціўнікаў Лукашэнкі. Гэты аргумент заснаваны на ілжывай перадумове. Галоўная мэта ўсіх праціўнікаў Аляксандра Лукашэнкі — пазбавіцца Аляксандра Лукашэнкі, правесці свабодныя і справядлівыя выбары і ажыццявіць дэмакратычны пераход у Беларусі.
Геапалітычныя падзеі апошніх некалькіх гадоў ясна паказалі, што адной з галоўных перашкод на шляху рэалізацыі гэтай мэты з'яўляюцца дэструктыўны ўплыў і ўмяшанне Крамля ў справы Беларусі. Крэмль дапамог Лукашэнку ўтрымацца ва ўладзе падчас пратэстаў пасля выбараў 2020 года. Ён працягвае падтрымліваць беларускі рэжым і супрацоўнічаць з ім для дасягнення сваіх мэтаў ва Украіне.
Глядзіце таксама
![Еўрасаюз зрабіў заяву напярэдадні гадавіны 9 жніўня «Будзем падтрымліваць беларусаў, колькі трэба». Заява ЕС да гадавіны сфальсіфікаваных выбараў](/img/v1/images/1020819158.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Каб аслабіць рэжым Лукашэнкі, неабходна звесці да мінімуму ўплыў Расіі ў Беларусі. Праеўрапейскі парадак дня Ціханоўскай мог бы мець вырашальнае значэнне для рэалізацыі гэтай мэты. Больш цесныя сувязі з ЕС могуць дапамагчы аб'яднаць дэмакратычную Беларусь і Украіну ў іх барацьбе з дыктатарскімі рэжымамі, павысіць шанцы на дэмакратычны пераход у Беларусі і дасягнуць агульнай мэты, якую пераследуюць усе прадстаўнікі беларускай апазіцыі. Такім чынам, еўрапейскія памкненні Ціханоўскай валодаюць магутным патэнцыялам не падзяліць, а наадварот — аб'яднаць праціўнікаў Лукашэнкі, у тым ліку і ўнутры Беларусі.
Іншы аргумент, які ўжо згадваўся, заключаецца ў тым, што дэкларацыя ЕС супярэчыць беларускай грамадскай думцы.
Апытанні грамадскай думкі, якія праводзяцца ў кансалідаванай аўтарытарнай краіне — такой, як Беларусь, — асабліва на этапе жорсткіх рэпрэсій, не варта прымаць за чыстую манету.
Грамадзяне Беларусі баяцца адкрыта выказваць сваё сапраўднае меркаванне праз патэнцыйныя наступствы з боку ўладаў, што прыводзіць да самацэнзуры і прадузятых адказах на апытанні. Нават у дэмакратычных краінах апытанне грамадскай думкі павінна ідэальна спалучацца з іншымі метадамі для атрымання дакладных вынікаў даследавання.
Акрамя таго, медыйны ландшафт у Беларусі ўплывае на дакладнасць апытанняў. На дадзены момант доступ да незалежных крыніц навін абмежаваны. Кантраляваныя дзяржавай СМІ дамінуюць у медыяспажыванні ў Беларусі, фармуючы грамадскае ўспрыманне і меркаванні. Прапаганда і дэзінфармацыя шырока распаўсюджаныя, што таксама ўплывае на грамадскае ўспрыманне і, як следства, на вынікі апытанняў.
Нарэшце, апытанні грамадскай думкі «Chatham House» па Беларусі праводзяцца анлайн і маюць абмежаваны доступ да пэўных груп беларускай грамадскасці, што прыводзіць да прадузятасці выбаркі, паколькі некаторыя пункты гледжання недапрадстаўленыя.
Як толькі грамадзяне Беларусі атрымаюць доступ да альтэрнатыўных крыніц інфармацыі і магчымасці падарожнічаць, працаваць і вучыцца ў ЕС, іх геапалітычныя перавагі могуць змяніцца. Адна з мэт Ціханоўскай можа быць сканцэнтравана на распрацоўцы стратэгіі прадастаўлення беларусам дакладнай інфармацыі пра ЕС і Расію, каб яны маглі зрабіць усвядомлены выбар у дачыненні да сваіх геапалітычных пераваг.
Глядзіце таксама
![ЕС для Беларусі можа быць непрывабным -- Мацукевіч ЕС, СНД ці «і вашым і нашым»?](/img/v1/images/_belarus_babrujsk_szpacyr_2023_fota_novy_czas__6__logo.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Дэкларацыя ЕС адлюстроўвае не толькі пункт гледжання Ціханоўскай і яе каманды на знешнепалітычную пазіцыю Беларусі. Яна ўзнікла ў выніку экспертных дыскусій з удзелам аналітыкаў, даследчыкаў і прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці і, такім чынам, дэманструе перавагі большай часткі беларускага грамадства.
Хэнсберы таксама сцвярджаў, што геапалітычны нейтралітэт Ціханоўскай у 2020 годзе ставіць пад пагрозу яе цяперашні праеўрапейскі парадак дня. Гэта не так.
Гэта праўда, што выбарчая кампанія беларускай апазіцыі 2020 года і першапачатковая хваля пратэстаў пасля выбараў не насілі геапалітычнага характару. Замест гэтага яны былі сканцэнтраваныя на дэмакратычных пераменах унутры Беларусі. У Ціханоўскай не было аніякага папярэдняга досведу ў палітыцы да 2020 года, і яна ўступіла ў перадвыбарчую гонку толькі таму, што вырашыла падтрымаць свайго мужа Сяргея, які быў затрыманы і не змог удзельнічаць у выбарах. Натуральна, дэмакратычныя ператварэнні ў Беларусі, уключаючы свабодныя і справядлівыя выбары і вызваленне палітвязняў, былі ў цэнтры ўвагі кампаніі Святланы. Гэты акцэнт знайшоў водгук у патрабаваннях беларускага электарату.
Аналагічную мэту пераследавала і першая рэзалюцыя Каардынацыйнай Рады беларускай апазіцыі. Насамрэч у ёй не абмяркоўваўся геапалітычны выбар Беларусі і не згадвалася Расія, як сцвярджае Пол Хэнсберы. Нават калі ў наступных рэзалюцыях утрымліваліся спасылкі на «няпоўную пераарыентацыю ў бок ад Расіі», цалкам апраўдана, што ў самым пачатку яе працы ў якасці лідаркі апазіцыі Ціханоўскай параілі праяўляць больш асцярожны падыход да Крамля.
Значна важней тое, як Ціханоўская і яе каманда адрэагавалі на расійскую агрэсію ва Украіне: яны хутка занялі вельмі цвёрдую антырасійскую пазіцыю. Ціханоўская — не адзіная, хто зрабіла больш жорсткай сваю пазіцыю ў дачыненні да Расіі пасля 2022 года. Большасць краін ЕС, якія раней падтрымлівалі працоўныя адносіны з Крамлём, асудзілі расійскую агрэсію ва Украіне і цалкам разарвалі сувязі з Масквой. Ранейшая пазіцыя Святланы і яе каманды ў дачыненні да Крамля, якая, падобна, была менш крытычнай, не з'яўляецца падставай сумнявацца ў сіле яе цяперашніх праеўрапейскіх памкненняў.
Глядзіце таксама
![Калі ЕС закрые мяжу: Што страціць Беларусь Лекі, харчы, насенне. Што можа страціць Беларусь у выпадку закрыцця мяжы з ЕС](/img/v1/images/045b2d96_fe99_4fee_a82a_d541112ec77f_w1023_r1_s.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Нарэшце, таксама цяжка пагадзіцца са сцвярджэннем Хэнсберы наконт таго, што ЕС страціць увагу да Беларусі, калі падтрымае апазіцыю, якая імкнецца да сяброўства.
Падтрымка праеўрапейскіх памкненняў беларускай палітычнай апазіцыі дапамагла б ЕС узмацніць сваю ролю ў навядзенні мастоў паміж тымі, хто знаходзіцца ў выгнанні, і тымі, хто застаўся ў Беларусі.
Больш глыбокае супрацоўніцтва можа дазволіць ЕС і беларускім дэмакратычным сілам распрацаваць эфектыўную стратэгію вызвалення палітычных зняволеных — найважнейшы кампанент падтрымання сувязей з беларусамі ўнутры Беларусі. ЕС павінен быць часткай гэтага працэсу: ён можа аказваць санкцыйны ціск на рэжым Лукашэнкі, а беларускія дэмакратычныя сілы могуць дапамагчы актывізаваць неабходныя рычагі ўплыву ў ЕС праз адвакацыю.
Акрамя таго, падтрымка праеўрапейскага парадку дня дапаможа актывізаваць шэраг падрыхтоўчых крокаў у форме ўсёабдымных рэформ. У заяве апазіцыі ўтрымліваецца заклік да ЕС актывізаваць супрацоўніцтва і ўвесці бязвізавы рэжым для грамадзян Беларусі, а таксама садзейнічаць культурным і адукацыйным абменам, такім як спецыяльныя праграмы для студэнтаў. Цяжка ўявіць, як гэтыя дальнабачныя меры могуць разарваць сувязі з беларускім грамадствам ці могуць быць успрынятыя як шкодныя нават тымі беларусамі, якія цяпер, магчыма, прытрымліваюцца абмежаваных праеўрапейскіх настрояў.
Глядзіце таксама
![Прыхільнікаў ЕС сярод беларусаў удвая больш, чым праціўнікаў Паміж Захадам і Усходам: як прапаганда, незалежныя СМІ і інтэрнэт уплываюць на беларусаў](/img/v1/images/_belarus_minsk_vosen_fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas___4__logo.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Падтрыманне сувязі з беларусамі ў Беларусі заўсёды было часткай працы Ціханоўскай, гаворыцца ў штогадовай справаздачы, якой яна падзялілася з беларускай экспертнай супольнасцю. Яе каманда распрацоўвае некалькі мерапрыемстваў па наладжванні сувязей з беларускімі грамадзянамі, некаторыя з якіх, аднак, не могуць быць апублікаваныя з меркаванняў бяспекі. Безумоўна, больш цеснае супрацоўніцтва з ЕС можа дапамагчы заручыцца неабходнай падтрымкай для развіцця новых відаў дзейнасці, што прывядзе да ўзмацнення ролі ЕС у навядзенні мастоў у Беларусі.
У цэлым, умацаванне сувязей з ЕС павялічыць шанцы беларускай апазіцыі аслабіць Расію і, такім чынам, паскорыць працэс дэмакратычных ператварэнняў у Беларусі. Да таго часу, калі ў Беларусі адбудуцца палітычныя змены, дэмакратычныя сілы атрымаюць неабходную падтрымку ЕС і будуць добра падрыхтаваныя да таго, каб узяць на сябе вядучую ролю ў працэсе трансфармацыі ў Беларусі. Падзенне рэжыму Лукашэнкі магло б тады пакінуць Беларусі жыццяздольную альтэрнатыву, якая стала б вялікай перамогай для Беларусі і беларусаў.