«Будзем падтрымліваць беларусаў, колькі трэба». Заява ЕС да гадавіны сфальсіфікаваных выбараў
Еўрапейскі
саюз напярэдадні трэцяй гадавіны сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў у
Беларусі выступіў
з адмысловай заявай, у якой выказаў падтрымку беларускаму народу.
«9 жніўня спаўняецца тры гады сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі. У гэты дзень у 2020 годзе сотні тысяч беларусаў выйшлі на вуліцы, каб мірна адстаяць сваё права на выбар уласнай будучыні. Гэтыя спантанныя дэманстрацыі былі падушаны рэжымам Лукашэнкі з асаблівай жорсткасцю», — гаворыцца ў заяве.
Адзначаецца, што
праз тры гады пасля тых падзей сітуацыя ў Беларусі стала горшай, чым калі-небудзь, «для тых, хто адважваецца
выказваць любую крытыку сістэмы».
«Мы глыбока занепакоены сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі. У цяперашні час каля 1500 палітычных зняволеных знаходзяцца ў турмах у жахлівых умовах, падвяргаюцца жорсткаму абыходжанню і катаванням і не маюць доступу да асноўных медыцынскіх паслуг. Многія з гэтых зняволеных месяцамі ўтрымліваюцца без сувязі са сваімі адвакатамі і сваякамі, якія не ведаюць пра іх цяперашняе месцазнаходжанне і стан здароўя. У сваім апошнім дакладзе Вярхоўны камісар ААН па правах чалавека заявіў, што некаторыя шырока распаўсюджаныя, сістэматычныя і грубыя парушэнні правоў чалавека ў Беларусі могуць быць прыроўнены да злачынстваў супраць чалавечнасці. ЕС працягвае трымаць сітуацыю ў цэнтры глабальнага парадку дня на міжнародных форумах», — падкрэслівае Брусель.
«Рэжым Лукашэнкі таксама стаў пагрозай рэгіянальнай і
міжнароднай бяспецы з-за такіх дзеянняў, як вымушаная пасадка грамадзянскага
самалёта ў маі 2021 года і выкарыстанне незаконнай міграцыі на ўсходніх межах
ЕС, якое працягваецца дагэтуль.
З 24 лютага 2022 года рэжым стаў саўдзельнікам агрэсіўнай вайны Расіі супраць Украіны, паставіўшы пад пагрозу
ўласны суверэнітэт і незалежнасць Беларусі, падтрымліваючы злачынствы Расіі ва Украіне. Гэты саўдзел дазволіў Расіі незаконна дэпартаваць украінскіх
дзяцей на тэрыторыю Беларусі. 26 мая 2023 года Расія і Беларусь распачалі яшчэ
адзін крок па эскалацыі, падпісаўшы пагадненне, якое дазваляе размяшчэнне
расійскіх ядзерных боегаловак на тэрыторыі Беларусі. ЕС занепакоены нядаўнім
размяшчэннем у Беларусі наймітаў ПВК
«Вагнер», — адзначае Еўрасаюз.
Падкрэсліваецца,
што санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі былі прыняты ў адказ на рэпрэсіі
супраць «усіх незалежных галасоў і супраць асоб, якія належаць да
нацыянальных меншасцей, парушэння міжнароднага права і падтрымкі агрэсіўнай
вайны Расіі супраць Украіны».
«Апошні пакет санкцый тычыцца парушэнняў правоў чалавека і ўнутраных рэпрэсій, якія пастаянна ўзмацняюцца, і пасылае сігнал аб тым, што ЕС працягвае актыўна падтрымліваць правы чалавека і дэмакратыю. У ім таксама разглядаецца рызыка абыходу санкцый. ЕС будзе працягваць аказваць ціск на беларускі рэжым столькі, колькі спатрэбіцца», — гаворыцца ў заяве.
«ЕС высока ацэньвае і падтрымлівае намаганні беларускага
дэмакратычнага руху, — дадалі ў
Бруселі. — Рашучасць беларускага народа, які з вялікай асабістай рызыкай
працягвае адстойваць дэмакратыю, з'яўляецца вялікім фактарам надзеі. ЕС аказвае
падтрымку ахвярам рэпрэсій, праваабаронцам, арганізацыям грамадзянскай супольнасці,
незалежным СМІ і журналістам, студэнтам і прадпрыемствам у выгнанні, а таксама
ініцыятывам, накіраваным на захаванне беларускай ідэнтычнасці, культуры і мовы».
Еўрасаюз заклікае
беларускі рэжым пачаць «сапраўдны і інклюзіўны дыялог з усімі элементамі
грамадства, які вядзе да свабодных і справядлівых выбараў».
«Як толькі Беларусь прыступіць да дэмакратычнага пераходу,
ЕС абавязваецца дапамагчы Беларусі стабілізаваць сваю эканоміку і рэфармаваць
свае інстытуты. Наша мэта — дапамагчы
павысіць устойлівасць і правесці больш дэмакратычныя рэформы, стварыць новыя
працоўныя месцы і павысіць узровень жыцця людзей, у тым ліку з дапамогай
комплекснага плана эканамічнай падтрымкі да 3 мільярдаў еўра для дэмакратычнай
Беларусі».
«ЕС будзе
падтрымліваць беларусаў столькі,
колькі неабходна, на іх шляху
да незалежнай, дэмакратычнай і квітнеючай краіны ў складзе мірнай Еўропы»,
— рэзюмавалі ў Еўрапейскім саюзе.