ЕС, СНД ці «і вашым і нашым»?

Аналітык «Цэнтра новых ідэй» і былы дыпламат Павел Мацукевіч у сваім блогу «Пульс Леніна-19» аналізуе заявы дэмсіл наконт стратэгічнага кірунку, у якім будзе развівацца новая Беларусь. Пакуль што гэта выклікае сумневы.

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Дэмакратычныя сілы ў эміграцыі пад уплывам расійскай агрэсіі супраць Украіны вызначыліся са сваім замежнапалітычным прыярытэтам, паставіўшы мэтай уступленне Беларусі ў ЕС і выхад з усіх прарасійскіх саюзаў. Гэта стала лейтматывам нядаўняй канферэнцыі «Новая Беларусь», прымеркаванай да трэцяй гадавіны сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў, а таксама зафіксавана ў дэкларацыі па яе выніках. 

Месца Беларусі ў Еўропе мною не аспрэчваецца, але да еўраінтэграцыі ёсць пытанні. Напрыклад, наколькі яна рэалістычная і апраўданая. На нашых вачах Украіна плаціць за свой еўрапейскі выбар непад'ёмную цану, і няма гарантыі, што ён будзе рэалізаваны і наша паўднёвая суседка ўступіць у ЕС і NATO. Абяцаць, а Брусель абяцае, не азначае ажаніцца. Украіна атрымала статус кандыдата на ўступленне ў ЕС, але ёсць прыклад Турцыі, якая знаходзіцца ў гэтым статусе з 1999 года. Ёсць і добрыя прыклады, але чамусьці здаецца, што Кіеў мае шанцы паўтарыць лёс Анкары.

Еўрапейскі выбар для Беларусі пакуль немагчымы ў прынцыпе

Нават калі б у Бруселі ўключылася «зялёнае святло» і на яго пайшоў афіцыйны Мінск, то ўварвання Расіі, як і ва Украіне не пазбегнуць, незалежна ад дэмакратычнасці беларускага рэжыму. Таму еўраінтэграцыя як спосаб выцягвання Беларусі з расійскай арбіты не падыходзіць, хоць офіс Святланы Ціханоўскай настойвае якраз на гэтым.

Калі казаць пра пасляваенны свет, у якім Расія можа быць зусім слабая, то няма гарантыі, што і Еўрапейскі саюз будзе на выхадзе з вайны такім жа прывабным інтэграцыйным праектам, якім быў на ўваходзе ў яе. Адсюль пытанне, наколькі ідэя еўраінтэграцыі як вобраз будучыні для Беларусі з гэтай будучыняй суадносіцца. 


Глядзіце таксама

Некаторыя працэсы ўжо відавочныя без зазірання ў туманную далеч заўтра. Свет трансфармуецца,і гэтыя трансфармацыі могуць быць радыкальнымі — з пераўсталяваннем сістэмы міжнародных адносін і глабальных і рэгіянальных інстытутаў гэтай сістэмы. Гэта дапушчэнне, але цалкам рэалістычнае. Сістэма міжнародных адносін ужо зламаная, з яе ключавымі інстытутамі ў асобе ААН і АБСЕ здарыўся параліч. Вырашыць праблему расійскай агрэсіі яны аказаліся не ў стане. Якія структуры і на падставе якіх каштоўнасцей («шанхайскіх», напрыклад) будуць склейваць свет — застаецца незразумелым, як і роля Еўрапейскага саюза ў гэтым працэсе, акрамя як аднаго з бакоў канфлікту.

Прывабнасць ЕС і цяпер не мае абсалютнага характару. Ёсць краіны, якія даўно маглі ўвайсці ў Еўрасаюз, але туды не імкнуцца — гэта Швейцарыя, Нарвегія, Ісландыя (падала, а затым адклікала заяўку). Вялікабрытанія, як вядома, выйшла з Еўрапейскага саюза яшчэ да вялікай вайны.

Жадаючых уступіць у ЕС па-ранейшаму шмат, але ў асноўным гаворка ідзе пра краіны, якія імкнуцца за кошт ЕС палепшыць узровень свайго жыцця, а не падымаць планку Еўрасаюза. Аб'ектыўна такія навабранцы не робяць саюз эканамічна мацней, што ў тэорыі змяншае верагодную аддачу ад яго. Хоць быццам ніхто пакуль на гэта не скардзіцца — і Беларусі б дакладна хапіла.

Унутры ЕС паміж краінамі нямала супярэчнасцей, якія ствараюць ўражанне сур'ёзнага канфліктнага патэнцыялу, здольнага пры пэўных абставінах павярнуць трэнд у бок дэзінтэграцыі. Прыклад такіх складаных адносін даюць Польшча і Германія, а той дезінтэгруючай акалічнасцю можа стаць, напрыклад, радыкальнае пагаршэнне эканамічнай сітуацыі, падставы для каторага існуюць — і не праз асаблівасці пашырэння ЕС або дынамікі міграцыйных патокаў. 

Каронавірус, а цяпер вайна ва Украіне, дорага абышліся Еўрасаюзу, і лічыльнік працягвае намотваць выдаткі на дапамогу Кіеву і супрацьстаянне расійскай агрэсіі. Яшчэ адзін супастаўны выклік патэнцыйна можа стаць тэстам на выжыванне Еўрасаюза, а між тым такі выклік выспявае ў выглядзе сучаснай «пасткі Фукідзіда», а менавіта амерыкана-кітайскага супрацьстаяння. Гэты канфлікт можа перасягнуць беды, якія чалавецтва спазнала ў 21 стагоддзі.

Пры такім сцэнары падзей еўраінтэграцыя як вобраз будучыні выглядае прыкладна, як прадукт з тэрмінам прыдатнасці. Зрэшты, гэта пытанне дыскусійнае і адкрытае. 

Відавочна, што еўраінтэграцыя вызначае месца Беларусі ў канфліктах на баку, супрацьлеглым таму, за які гуляе рэжым Лукашэнкі. Праблема ж палягае ў тым, што інтарэсам Беларусі (не блытаць з інтарэсамі рэжыму), як правіла, не адпавядае ні тое, ні другое, а аказацца па-за канфліктам праз аднолькавую значнасць адносінаў з абодвума канфліктуючымі бакамі. Гэта тычыцца і супрацьстаяння ЗША і Кітая.

Варыянтаў знешнепалітычнага курсу, які можа забяспечыць для Беларусі такую пазіцыю, няшмат. У Беларусі ў прынцыпе невялікі выбар, калі наогул яшчэ існуе. Ёсць варыянт працягу інтэграцыі з Расіяй, на якім Беларусь як суверэнная дзяржава ў нейкі момант гарантавана скончыцца. І ёсць варыянт дыстанцыявання ад такіх працэсаў у выглядзе балансавання. Паўнавартасная рэалізацыя апошняга моцна залежыць ад хваткі Расіі і нармалізацыі адносінаў афіцыйнага Мінска з Захадам як выніку змены рэжыму або пачатку дыялогу з дзеючым.

Сэнс балансавання вельмі просты: для Беларусі, заціснутай паміж ЕС і Расіяй, ці Захадам і Усходам у шырокім сэнсе, вельмі важна мець доступ да палітычных, эканамічных, транспартных і энергетычных рэсурсаў з усіх бакоў, незалежна ад стану адносінаўпаміж імі. Гэта забяспечыць рынкі, інвестыцыі, тэхналогіі, сыравіну, транспартныя калідоры, а значыць развіццё і дабрабыт. 


Глядзіце таксама

Прычым стан канфлікту паміж ЕС і Расіяй патэнцыйна ўяўляе для Беларусі час выключных магчымасцей павысіць сваю значнасць для бакоў. Гэта можна зрабіць за кошт няўдзелу ў санкцыйных рэжымах і ўзаемных абмежаваннях, якія яны ўводзяць у адносінах адзін да аднаго. Вядома, усё гэта павінна рэалізоўвацца Беларуссю ў той ступені, якую дазваляе міжнароднае права і міжнародныя абавязацельствы. Усё гэта і магло б рэалізоўвацца, калі б не дзеючы рэжым, але змены сітуацыі з рэжымам або вакол яго ў любым выпадку куды больш рэалістычныя, чым перспектывы еўраінтэграцыі.

СНД, АДКБ і іншыя прарасійскія праекты

Несумненна, сяброўства Беларусі ў прарасійскіх інтэграцыйных саюзах аўтаматычна абмяжоўвае магчымасць сур'ёзнага стратэгічнага дыялогу з Еўрапейскім саюзам і ЗША ў той ступені, якая дазволіць выцягнуць нас з Расіі. 

Пры гэтым у інтэграцыйных працэсаў на постсавецкай прасторы таксама ёсць свае дасягненні, якія важна захаваць. Яны датычацца як іміджавых, так і практычных рэчаў. 

Дзякуючы СНД назву «мінскі» атрымала міжнародную асацыяцыю для дакументаў, пагадненняў, фарматаў, звязаных з інтэграцыйнымі працэсамі на постсавецкай прасторы і міратворчай павесткай («мінскія пагадненні», «мінская група» і іншыя). У Мінску размешчаны штаб-кватэра выканкама СНД і эканамічны суд СНД. Акрамя гэтага, прастора СНД — гэта звыш 280 млн спажыўцоў і наладжаныя гандлёвыя сувязі, якія цягнуцца з савецкіх часоў. Дзякуючы розным фарматам інтэграцыі на гэтай прасторы забяспечана праца важных сацыяльных механізмаў, пачынаючы ад магчымасці бязвізавага перасоўвання і заканчваючы выплатамі пенсій і дапамог, працай транспарту, сувязі, энергетыкі і гэтак далей. 

Таму пытанне выхаду з інтэграцыйных аб'яднанняў на прасторы СНД павінна абапірацца на прагматычныя інтарэсы Беларусі ў кожным саюзе і ў кожнай сітуацыі. Напрыклад, калі, зыходзячы з гэтых інтарэсаў, Беларусі будзе выгадна захаваць сваё сяброўства ў АДКБ, скажам, таму што на гэтым этапе яно здымае пагрозу расійскага ўварвання, то такое сяброўства павінна захавацца да той пары, пакуль гэтая пагроза не будзе знятая іншым спосабам.


Глядзіце таксама

Час канфрантацыі не з'яўляецца лепшым для таго, каб вызначацца з бокам канфлікту. Хоць гэта менавіта той напружаны момант, калі ўсе вакол настойліва падштурхоўваюць да выбару, часта ўзмацняючы ціск апеляцыяй да маралі. Дзяржавы не павінны кіравацца мараллю. Для іх арыенцірам з'яўляюцца нацыянальныя інтарэсы і міжнароднае права. Выбар павінен падаць на тую палітыку, якая дазваляе рэалізаваць іх у найбольшай ступені або прыносіць найменшыя выдаткі. Нацыянальныя інтарэсы пры гэтым можна для сцісласці звесці да дабрабыту сваіх грамадзян, магчымасцей для развіцця, а таксама бяспекі.

У становішчы Беларусі і з улікам адкрытасці беларускай эканомікі, дэфіцыту неабходных сыравінных рэсурсаў найлепшым варыянтам з'яўляецца заставацца па-за любымі канфліктамі, а значыць і палітычнымі і ваеннымі саюзамі. У такім выпадку можна захаваць адносіны і гандаль з усімі бакамі і спрыяць міру прапановай розных добрых паслуг. 

У кантэксце канфлікту Расіі з Украінай наш пералік добрых паслуг мог бы пачынацца ад прыёму ўцекачоў, функцыі перамоўнай пляцоўкі і аж да прадстаўлення дыпламатычных інтарэсаў Кіева ў Маскве і наадварот. Беларусь праз злачынствы Лукашэнкі аказалася не ў тым становішчы, каб паўнавартасна рэалізаваць такі варыянт, але з пункту гледжання беларускіх інтарэсаў, ды і інтарэсаў рэгіёна менавіта ён па-ранейшаму застаецца аптымальным.