Расійскі імперыялізм у беларускай прапагандзе

Пра «загніванне Захаду» яго праціўнікі спяваюць ужо не адно стагоддзе. Але ці дапамагае ім гэта ў нялёгкай барацьбе за ўладу над розумамі?

_telebasznja___minsk___telebaczanne__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas_logo_1.jpg

Арыентацыя на Усход была часткай знешняй палітыкі Беларусі з прыходу да ўлады Лукашэнкі. Аднак з-за пратэстаў у 2020-м і пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне ў 2022-м беларуская прапаганда яшчэ больш актыўна стала выкарыстоўваць Усход, еўразійскую цывілізацыю і тэорыю шматпалярнага свету для фармавання свайго парадку дня. На чым грунтуюць свае ідэі беларускія прыхільнікі Аляксандра Дугіна і да якой цывілізацыі можна па-сапраўднаму аднесці Беларусь, разбіраўся «Цэнтр новых ідэй».

Свайму народу — свая цывілізацыя

Ідэю, што свет падзелены на розныя цывілізацыі, развіў амерыканскі палітолаг Самюэль Ханцінгтан. Пасля распаду Савецкага Саюза і канца халоднай вайны ў кнізе «Сутыкненне цывілізацый» ён падзяліў краіны па рэлігійнай прыкмеце на некалькі буйных цывілізацый. Падзел на Усходнюю і Заходнюю цывілізацыі прайшоў якраз па ўсходняй мяжы Еўрасаюза. Паводле канцэпцыі Ханцінгтана, Беларусь адносіцца да праваслаўнай цывілізацыі.

Яшчэ адзін спосаб вымярэння прыналежнасці краіны да пэўнай цывілізацыі — карта культурных каштоўнасцей Рональда Ігнлхарта, у якой Беларусь знаходзіцца па суседстве з Украінай, Расіяй і Сербіяй і адносіцца да праваслаўнай Еўропы.


Глядзіце таксама

Адкуль растуць ногі ў шматпалярнага свету і прычым тут Еўразія? 

Шматпалярны свет — гэта свет без манаполіі ўлады адной краіны. Тэорыя шматпалярнага свету — гэта ідэя аб тым, што пасля заканчэння халоднай вайны біпалярны свет з супрацьстаяннем ЗША (Захад) і Савецкага Саюза (Усход) павінен быў стаць шматпалярным. 

У Расіі тэорыю шматпалярнасці адаптаваў пад рэальнасць 1990-х былы міністр замежных спраў Расіі Яўген Прымакоў, а затым развіў вядомы ідэолаг Аляксандр Дугін. У кнізе Дугіна «Тэорыя шматпалярнага свету» зямны шар падзяляецца на некалькі полюсаў з рознымі цэнтрамі ўплыву. Расія павінна быць адным з такіх цэнтраў. Паводле яго канцэпцыі, маленькія краіны прыцягваюцца да вялікіх цэнтраў цывілізацый без магчымасці правядзення самастойнай палітыкі і незалежнага развіцця.  

Еўразійства — гэта больш старая ідэя філасофіі славянафілаў Расіі ў 19 стагоддзі. Славянафілы лічылі, што ў Расіі «асаблівы» шлях, які адрозніваецца ад капіталістычнага і ліберальнага развіцця краін Захаду. Беларусь у той час была часткай Расійскай імперыі, таму ідэі перавагі Расіі над іншымі распаўсюджваліся і на яе тэрыторыю.

Еўразійства па-беларуску 

Беларусь знаходзіцца пад уплывам Расіі ўжо амаль 250 гадоў. Падзел Рэчы Паспалітай і стварэнне БССР канчаткова замацавалі за Беларуссю статус часткі імперыі і Саюза. Нават пасля распаду супердзяржавы СССР, які займаў шостую частку сушы, Лукашэнка абраў для Беларусі шлях сатэліта Расіі, падпісаўшы ў 1999-м дамову аб стварэнні «Саюзнай дзяржавы». 

Лукашэнка неаднаразова выказваўся пра супрацьстаянне Усходу і Захаду. У красавіку 2023-га на пасяджэнні Вышэйшай дзяржаўнай рады «Саюзнай дзяржавы» ён заявіў пра неабходнасць «барацьбы за розумы і сэрцы нашых грамадзян на друкаваных тэле-, радыё-, лічбавых палях бітваў. Ідэалагічнае супрацьстаянне па лініі Захад-Усход не аслабее нават пасля таго, як замаўчаць гарматы».

Пасля няўдалай спробы захопу ўлады ў Расіі беларускія прапагандысты назвалі Лукашэнку «агульнарускім, агульнасавецкім палітыкам» і заявілі, што ён у 2020-м выратаваў сваю краіну, а ў 2023-м – Расію. У будучыні менавіта Лукашэнка будзе вырашаць супрацьстаянне Захад-Усход. Магчыма таму некаторыя называюць яго не толькі «бацькам», але і, у духу ўсходніх дэспатый, «дыктатарам» і «суверэнам».


Глядзіце таксама

Адным з беларускіх адэптаў еўразійства з'яўляецца Аляксей Дзермант. У сваім тэлеграм-канале на 7 тысяч падпісчыкаў ён актыўна прасоўвае ідэі Беларусі як часткі еўразійскай цывілізацыі і заклікае да больш інтэнсіўнай інтэграцыі з Расіяй. На сваім сайце «Паўночная Еўразія», які ён называе «фабрыкай думак» па фарміраванні ідэй еўразійства, Аляксей Дзермант публікуе сваё меркаванне з кідкімі загалоўкамі пра Новую Арду з Расіі і Кітая і стварэнне народнай ідэалогіі «Саюзнай дзяржавы». 

Аднак у публікацыях знаходзіцца не што іншае, як усхваленне персаналісцкіх і аднапартыйных дыктатур у Расіі, Кітаі ці Беларусі. Больш за тое, адна з задум Дзерманта па стварэнні трохкутніка Санкт-Пецярбург — Мінск — Калінінград з'яўляецца толькі спробай адаптаваць Люблінскі трохкутнік Польшчы, Літвы і Украіны пад рэальнасць беларуска-расійскай знешняй палітыкі.

Канец Еўропы 

Дзермант лічыць, што Еўропы як кантынента не існуе і Еўропа – гэта ўсяго толькі частка паўвострава Еўразія: 

«Еўропа як геаграфічнае паняцце — гэта міф, прыдуманы грэкамі для аддзялення сябе ад "варвараў", пазней ён стаў у гэтай жа якасці выкарыстоўвацца і сучаснымі заходнімі еўрапейцамі. [ ... ] Еўропа — выключна ментальны канструкт, выгадны для апраўдання перавагі над астатнімі. Гэта каланіяльны канструкт, і пераадольваецца ён тым, што Еўропа павінна ўспрымацца часткай Еўразіі, а еўрапейскасць павінна саступіць месца еўразійскасці».

Адсутнасцю Еўропы як галоўнага цэнтра цывілізацый ён тлумачыць удзел Беларусі ва ўсходніх міжнародных арганізацыях — такіх, як ШАС, АДКБ, ЕАЭС, — замест заходніх NATO, ЕС або Рады Еўропы. На думку ідэолага, такім чынам Беларусь не аддзеліць сябе жалезным захадам, а знаходзіцца ў абдымках еўразійскай сям'і.


Глядзіце таксама

Карты на стол

У сваім тэлеграм-канале Дзермант любіць прыводзіць розныя карты, якія паказваюць на сацыякультурныя адрозненні паміж Еўразіяй і Еўра-Атлантыкай. Напрыклад, у адным з допісаў знаходзяцца карты розных тыпаў сусветных і еўрапейскіх сем'яў. На карце Беларусь адносіцца да тыпу экзагамнай супольнай сям'і. Тэорыю пра адрозненні ў сем'ях стварыў французскі сацыёлаг Эманюэль Тод у 1983 годзе. Тады Беларусь усё яшчэ была часткай СССР. Ці настолькі моцна ў 2023 годзе структура беларускай сям'і адрозніваецца ад сям'і ў еўрапейскіх краінах?

Як чарговы прыклад розніцы паміж Захадам і Усходам Дзермант выкарыстоўвае інфаграфіку сферы ўплыву СССР на астатні свет.


Глядзіце таксама

Калі Беларусь пад поўным уплывам СССР яго ідэалагічна задавальняе, то карту рассялення палякаў у 1930-х, якая ўключае ў сябе Беларусь, ён называе «амбіцыямі польскага імперыялізму».

Шматлікімі картамі Дзермант хоча падкрэсліць розніцу ў культурах заходніх краін з усходнімі. Цалкам відавочна, да якой з цывілізацый ён адносіць Беларусь. Але якая сапраўдная мэта такой актыўнай праўсходняй медыяпрапаганды ў Беларусі? 

З моманту далучэння Беларусі да Расійскай імперыі, а затым да СССР у беларусаў не было магчымасці вызначыцца з напрамкам развіцця краіны. Немагчыма праводзіць незалежную замежную палітыку, калі сучасная Беларусь працягвае знаходзіцца пад непасрэдным уплывам Расіі. 

Аргументы Аляксея Дзерманта — гэта ўсё той жа расійскі імперыялізм. Сцвярджэнні пра адсутнасць цэлага кантынента выключаюць гісторыю Еўропы як рухавіка цывілізацый. А заклікі да ўсходняй арыентацыі не ўлічваюць факту супрацоўніцтва Лукашэнкі з заходнімі краінамі (прынамсі, да 2020-га) і нават далучэння Беларусі да праграм NATO ў канцы 90-х. 

Беларусь і беларусы павінны самастойна зрабіць геапалітычны выбар. Пакуль гэтага не адбылося, заходнія даследчыкі будуць працягваць адносіць Беларусь да ўсходніх краін, а Дзермант будзе спрабаваць прымяніць незразумелыя беларусам канцэпцыі скіфства і еўразійства на Беларусь, якая гістарычна заўсёды знаходзіцца паміж «вялікімі» цывілізацыямі.