Ці верыць сам Лукашэнка ў сусветныя змовы супраць сябе?

Ці лічыў хто, колькі разоў, паводле Лукашэнкі, калектыўны Захад рыхтаваў «каляровыя рэвалюцыі» ў Беларусі? Ледзь не штодня ён распавядае свету пра падкопы супраць яго і саюзніка Пуціна. На гэтыя байкі даўно ніхто не звяртае ўвагі: сабака брэша, караван ідзе. Але цікава іншае: ці верыць у іх сам Лукашэнка? Пагаварылі пра гэта з гісторыкам, палітычным аглядальнікам Аляксандрам Фрыдманам.

Ілюстрацыйная выява, створана нейрасеткай

Ілюстрацыйная выява, створана нейрасеткай


«Мы саюзнікі, застацца ўбаку не можам — калі рухне Расія, пад абломкамі апынемся ўсе мы. Сёння мы бачым новую хвалю пашырэння NATO і беспрэцэдэнтнае нарошчванне патэнцыялу краін — членаў альянса ў рэгіёне. Самае страшнае, калі б пайшла смута, на Захадзе імгненна гэтым скарысталіся бы».

З прамовы Лукашэнкі перад новымі генераламі 27 чэрвеня 2023.

— Лукашэнка спачатку даў тэарэтычнае абгрунтаванне падзеям, а праз нейкі час прапаганда выдала яго версію таго, што адбылося. 

Ён заўсёды паўтарае прарасійскія наратывы і робіць антызаходнія выпады, якія не вытрымліваюць ніякай крытыкі: Захад рыхтуе нам вайну, заходні бок імкнуўся скарыстацца сітуацыяй, маўляў, Захад імкнецца знішчыць, заняволіць Расію. І калі ўжо ляснецца Расія, тады абломкамі накрые і нас. Пад намі Лукашэнка безумоўна разумее сябе, але пры гэтым ён неадрыўна атаясамлівае сябе любімага, з Беларуссю. 

Абсалютна непраўдападобнымі з’яўляюцца ягоныя разважанні наконт таго, што Захад хацеў скарыстацца сітуацыяй, каб разваліць Расію. Заходняя прэса публікуе інфармацыю, якая дазваляе рэканструяваць пазіцыю амерыканцаў і іх саюзнікаў: што яны ведалі, якія крокі рабілі. Напрыклад, яны папрасілі Украіну ўстрымацца ад удараў па расійскай тэрыторыі, відавочна, устрымацца ад захадаў РДК або «Легіёна Свабода Расіі», — то-бок, не правакаваць Пуціна яшчэ больш, каб пазбегнуць прымянення ядзернай зброі «на нервах». Калі мы ацэнім гісторыю з бунтам Прыгожына з боку ЗША і Еўропы, то амерыканцы жадалі, каб паўстанне Прыгожына адбылося (а яны пра яго ведалі), таму і выбралі адпаведную стратэгію інфармавання — каб прадухіліць уцечку інфармацыі, каб Расія не даведалася пра падрыхтоўку да бунту. Амерыканцы жадалі пратэсціраваць пуцінскі рэжым і, відавочна, паслабіць яго, але кантралявана — без пераходу ў рускі бунт, які не ведае ніякіх межаў. Выглядае так, што ў амерыканцаў атрымалася. 

Галоўныя высновы Захад для сябе зрабіў. На Захадзе ўбачылі параліч расійскай улады, пабачылі Пуціна, які можа толькі гаварыць, але нічога не ў стане зрабіць. Там убачылі ўсё, высновы зрабілі і выкарыстаюць іх для выпрацоўкі будучай стратэгіі адносін да Расіі. 

Канечне, Захаду не патрэбны поўны разгром і развал Расіі, каб там распачалася барацьба за ядзерную зброю. Захад зусім не супраць, каб Расія захавалася ў межах 1991 года. Захад жадае нанесці Расіі паразу, паставіць яе на месца, паслабіць яе, каб яна больш не займалася вядзеннем вайны. Кантраляваная параза Расіі і ёсць стратэгія Захаду: паслабіць Расію, але не дапусціць, каб яе развал прывёў да ядзернай вайны ці да Трэцяй сусветнай вайны. Ніхто не збіраецца знішчаць Расію, пра што пастаянна паўтарае Лукашэнка, кажуць Пуцін і Лаўроў — гэта іх асабістыя міфы і страхі.

І вось тут узнікае цікавае пытанне. Яно для мяне адкрытае, магчыма, некалі мы атрымаем на яго адказ. Ці верыць сам Лукашэнка ў тое, што ён гаворыць пра змовы, што Захад спрабуе разваліць Расію?

Справа ў тым, што я ў свой час многа працаваў з дакументамі ўсходненямецкай дзяржбяспекі Штазі. Вельмі часта ўзнікалі пытанні: у якой ступені дзяржаўная прапаганда ГДР (а яна не асабліва адрознівалася ад савецкай) адпавядала сапраўдным поглядам спецслужбаў? Я вывучаў аналітычныя запіскі, якія рабіліся для сябе, для партыйнага кіраўніцтва, і параўноўваў з інфармацыяй, якая падавалася ў дзяржпрапаганду. Спецслужбы асобна пастаўлялі інфармацыю свайму ўласнаму кіраўніцтву і партыйнаму кіраўніцтву, і асобна — для прапаганды. Заўсёды цікава было параўнаць: тое, што яны накіроўваюць у прэсу, і тое, што яны робяць для сябе (дзе ты можаш аналізаваць і ацэньваць сітуацыю без усялякіх прапагандысцкіх наратываў). Мае высновы аказаліся такімі: вялікай розніцы паміж уласнымі ацэнкамі і прапагандысцкімі вобразамі і міфамі не было. 

Беларускія чэкісты — тая самая школа, тыя ж традыцыі, яны асабліва нічым не адрозніваюцца. Таму я магу цалкам сабе ўявіць, што Церцель, іншыя людзі ў пагонах, якія пастаўляюць аналітыку Лукашэнку, знаходзяцца ў палоне канспіралагічных тэорый. А гэта азначае, што Лукашэнка цалкам можа верыць у гэта, і ўсе ягоныя прамовы — не проста прапагандысцкая лухта, а погляд на навакольны свет, менавіта так ён бачыць гэтае жыццё. 

Гэта мая гіпотэза. Калі ўсё гэта скончыцца, архівы адкрыюцца, і калі ўся гэтая інфармацыя не будзе знішчана, мы зможам усё прааналізаваць і зразумець: ці адрозніваецца светапогляд Лукашэнкі ад таго, як яны насамрэч успрымалі гэтую сітуацыю. Гэта вельмі важнае пытанне: калі б мы гэта ведалі сёння, то яно вельмі дапамагло б нам у аналізе сітуацыі. На жаль, мы толькі можам назіраць і задаваць сабе рытарычнае пытанне: ці Лукашэнка водзіць нас за нос, ці распавядае тое, што думае? Я пра ўсе ягоныя антыамерыканскія, антызаходнія наратывы.

І Лукашэнка, і Пуцін — гэта дзеці савецкай традыцыі: вобразы ворага, якія яны прапануюць, цалкам савецкія. У Пуціна яны растуць з савецкага чэкісцкага мінулага (думаю, што ў міфы, якія прасоўвала КДБ, яны сапраўды верылі, такі іх погляд на свет — з канспіралогіяй і антызаходнім дыскурсам). Лукашэнка — трохі іншая традыцыя. Калі пра яго гавораць, то часцяком забываюць пра яго дзейнасць палітрука ў арміі і яго дзейнасць як лектара таварыства «Веды». Лукашэнка як палітрук і як лектар праводзіў лекцыі пра міжнародную палітыку, відавочна, карыстаўся савецкай прапагандай, усялякімі дапаможнымі брашуркамі — ён вырас з савецкай прапаганды. Ён сфармаваўся як канспіролаг савецкага гатунку. Савецкасць у Лукашэнкі была заўсёды, а ў Пуціна з узростам праяўляецца ўсё больш і больш. Прычым Лукашэнка сам сябе называе савецкім чалавекам, а ў Пуціна стаўленне да савецкасці больш адмоўнае: яго больш цікавіць імперскае мінулае Расіі, постсавецкае мінулае, але ўсё роўна адбітак савецкасці відавочны.