Раманчук: Барацьба з сістэмай Лукашэнкі не можа быць кароткатэрміновай, перфоманснай і феерычнай

Нядаўна Лукашэнка правёў нараду па пытаннях «удасканалення кадравай палітыкі», дзе згадаў галоўныя крытэрыі ацэнкі працы з кадрамі. Але 2020 год паказаў, што для Лукашэнкі вынік — колькасць пасаджаных і асуджаных паводле палітычных артыкулаў і колькасць загнаных пад плінтус.

Фота з 1prof.by

Фота з 1prof.by

У эканоміцы Лукашэнка арыентуецца на падобныя паказчыкі эфектыўнасці, параўноўваючы, колькі травы было скошана ў розных галінах. Эканаміст Яраслаў Раманчук у новым выпуску «Эканомікі здаровага сэнсу» разважае, чаму Беларусі далёка да рынкавай эканомікі і чаму ў такой сістэме ніколі не будзе месца мазгам.

— Лукашэнка, як чалавек, які мае бэкграўнд выключна савецкага агранома, не можа выйсці за гэтыя рамкі праз больш за 30 гадоў. Ён параўноўвае, колькі скасілі травы ў Берасцейскай вобласці, а колькі — у Гарадзенскай. Калі дзесьці ўдвая менш, значыць, кіраўнікі недапрацоўваюць, трэба іх пакараць.

Арыентацыя на вал — гэта тыповая характарыстыка для такога роду дзяржпланаўскай сістэмы таталітарнага дзяржаўнага кіравання. Там важна паказаць валавыя параметры — колькі скасілі гектараў, якая ўраджайнасць, колькі вырабілі трактароў, нарыхтавалі гароху, сіласу, лубіна — усяго таго, пра што Лукашэнка любіць слухаць і ў чым ён разумее.

Параметры, якія больш важныя для паўнавартаснай рынкавай эканомікі, напрыклад, прадукцыйнасць працы і манетызацыя — Лукашэнку не цікавяць. І кадры ён падбірае не пад рынкавае дзяржаўнае кіраванне, якое стварае спрыяльныя ўмовы для прадпрымальнікаў і вытворцаў, а пад выкананне выключна валавых параметраў.

Раманчук заўважае: Лукашэнка кажа не толькі пра вал, але і пра важнасць якасці, пра тое, каб вал быў «сэнсавы».

— Але «сэнсавы вал» — гэта аксюмарон, не бывае такога. Альбо ты арыентуешся на тое, каб пафарбаваць плот да абеду і далажыць пра гэта, альбо задумваешся, а ці патрэбны тут наогул плот. У беларускай сістэме кадравай работы людзі, якія задаюць лішнія пытанні, не знаходзяць месца. Крытычнае мысленне забаронена. Таму кадравая праца — гэта праца па выбудоўлі і ўмацаванні вертыкалі, поўнага падпарадкавання і пакорлівасці.

Так было і 20 гадоў таму. Лукашэнка пабудаваў тое, што вельмі нагадвае сістэму паміж таталітарнай савецкай і турэмнай сістэмамі, дзе ўсё ў паняццях — калі ты ў добрым фаворы ў пахана, значыць, табе ўсё можна.

Можна не выконваць нейкія параметры, падыходзіць да гэтага творча, можна нават красці і рабіць адкаты, выбудоўваць сістэму паралельнага імпарту і экспарту датуль, пакуль цябе не прыжмурылі.

Многія бізнесмены і работнікі дзяржаўных прадпрыемстваў, канцэрнаў гэтым даўным-даўно карыстаюцца. Яны абляпілі прадпрыемства фірмовымі пасярэднікамі, якія павінны нібыта паляпшаць інвестыцыйны, спажывецкі рэжым, маркетынг — прыдумалі шмат розных слоў, але сутнасць ад гэтага не памянялася. Наменклатурна-сілавое кіраўніцтва з'яўляецца галоўным бенефіцыярам кадравай работы. І Лукашэнка пра гэта ведае.

Раманчук лічыць, што Лукашэнка наймае вышэйшае кіраўніцтва, каб яны выбудоўвалі сістэму з адной жалезабетоннай умовай — ніякай самастойнай палітыкі і ўласнага пункту гледжання ў дачыненні да сістэмы кіравання.

— Калі толькі які-небудзь чыноўнік пачынае пытацца «навошта?», «колькі гэта каштуе з пункту гледжання нацыянальных інтарэсаў?», яго тут жа бяруць пад ручкі і заводзяць у СІЗА, альбо проста звальняюць.

Сёння колькасць людзей, у якіх засталіся сумленне і сілы, каб кінуць выклік дзяржаве, практычна роўная нулю. Тое, што здарылася з Віктарам Бабарыкам у 2020 годзе ці іншымі палітыкамі і кіраўнікамі раней, кажа пра тое, што чыноўнікі сёння вельмі добра разумеюць кошт пратэсту супраць кадравай і іншай палітыкі Лукашэнкі.

Таму кадравыя разборкі — гэта калі заўзятыя наменклатурныя сілавыя работнікі нізкага ўзроўню хочуць падседзець і зайсці на пазіцыі больш высокіх начальнікаў. Лукашэнка гэта ведае і жангліруе — першы барак на другі, больш высокія на больш нізкія, і так гэтая сістэма развіваецца.

Многія казалі: прыйдзе моладзь, яна будзе іншая. Моладзь, якая выхоўваецца ў рамках такой сістэмы — БРСМ, Белай Русі, сістэмы наменклатурна-сілавога выжывання, — яшчэ больш цынічная і непісьменная, чым кадры 60+.

Таму сістэма заганная, але сістэма трывалая. Гэта трэба разумець, калі мы настройваемся на барацьбу. Яна не можа быць кароткатэрміновай, перфоманснай і феерычнай.

Барацьба павінна быць працяглай і патрабуе сур'ёзных намаганняў і каардынацый, — заключае Яраслаў Раманчук.