«Гэта больш не страшылкі. Значная частка эканамічнага суверэнітэту Беларусі ўжо страчана»

На мінулым тыдні Лукашэнка прыгразіў звальненнем прэм'ер-міністру, калі ўрад не выканае заяўленых планаў па росце эканомікі ў гэтым годзе. Па тэндэнцыях апошніх месяцаў у Галоўчанкі ёсць шанцы захаваць сваю пасаду. Аднак гэты адносны эканамічны дабрабыт ненадзейны — і ўсё з-за Расіі.

_finansy___ekanomika___hroszy__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__1__logo_1_logo.jpg

Эксперт даследчага цэнтра BEROC Дзмітрый Крук у інтэрв’ю «Плану Б» распавёў, наколькі залежная цяпер Беларусь ад Расіі, ці страціла Сінявокая эканамічны суверэнітэт і ці ёсць шанцы ў Галоўчанкі застацца прэм’ерам па выніках года.

— У вясновыя месяцы беларуская эканоміка дэманстравала ўражвальныя тэмпы росту. ВУП у траўні да траўня мінулага года вырас на 7 працэнтаў. Як вы ацэньваеце шанцы ўрада выканаць прагноз на гэты год?

— Для ўлад лічба прыросту вельмі важная. Але не трэба рабіць з лічбы ў 3,8 адсотка фетышу. Важна разумець, што гэта прырост пасля істотнага падзення з другой паловы 2021 года. Гэта азначае не што іншае, як вяртанне да ўзроўню ВУП 2019 года. Такі сабе поспех. Мы проста наганяем тое, што было чатыры гады таму, і гэта падаецца як мяжа дасягненняў. На самым пачатковым этапе заніжана выніковая планка.

Па грубых прыкідках, калі мы застаёмся прыкладна на той жа траекторыі, на якую выйшлі ў вясновыя месяцы, то па выніках мы выходзім на лічбу каля 3,5 працэнтаў прыросту ВУП. Гэта крыху менш, чым у афіцыйным прагнозе ў 3,8 працэнта. Але гэта супастаўна.

Адзін з галоўных драйвераў росту — экспарт. Думаю, у гэтым годзе, асабліва ў вясновыя месяцы, асноўным фактарам яго аднаўлення было аднаўленне экспарту калійных угнаенняў. Плюс значны ўклад з восені мінулага года ўносяць нафтапрадукты. Іх экспарт, падобна, блізкі да даваенных паказчыкаў. Акрамя таго, мы пакуль застаёмся досыць канкурэнтназдольнымі на расійскім рынку. Працягваем пажынаць плён спрыяльнай цанавой кан'юнктуры.

Іншым фактарам росту з'яўляецца змякчэнне манетарнай і, магчыма, фіскальнай палітыкі. Аднак у праекцыі на недалёкую будучыню і тое, і другое ненадзейна.

Не магу выключыць, што манетарная і фіскальная напампоўка будзе працягвацца да канца года. І гэта можа яшчэ больш разагнаць ВУП. Але дакладна таксама не магу выключыць, што гэтыя тэндэнцыі пойдуць назад. Увосень напэўна мы ўбачым пачатак развароту трэнду па інфляцыі. Ці стане гэта падставай для ўлад аслабіць манетарнае стымуляванне? Ці зменяць яны іерархію прыярытэтаў бягучай эканамічнай палітыкі, калі інфляцыя пачне паскарацца?

Падобная сітуацыя з экспартам. Ён таксама вельмі няўстойлівы. Трэба разумець, што лагістыка і ў выпадку калійных угнаенняў, і ў выпадку нафтапрадуктаў напрамую завязана на Расію. І пытанне, ці ўстойлівая гэта лагістыка. І другое пытанне: наколькі дарагая гэта лагістыка? Калі будзе адбывацца зніжэнне коштаў на калійныя ўгнаенні і, вельмі верагодна, зніжэнне коштаў на нафтапрадукты, ці будзе фінансава апраўдана рэалізоўваць экспарт па такіх выбудаваных незразумела як лагістычных шляхах.

Такі ж велізарны фактар нявызначанасці ў дачыненні да экспарту, які ішоў у Расію. Хуткае нарошчванне гэтага экспарту складвалася за кошт суперспрыяльнай цанавой кан'юнктуры. Беларускі рубель змог значна абясцэніцца да расійскага рубля, і гэта стварала вельмі спрыяльную для беларускіх вытворцаў сітуацыю. Але гэты коштавы складнік шмат у чым затух. Да таго ж расійскі рынак пасля шоку мінулага года пачынае патроху насычацца. І ўласна расійскімі, і кітайскімі, і некаторымі заходнімі вытворцамі.

— А наколькі надзейны сам расійскі рынак?

— Самы галоўны фактар нявызначанасці ў тым, што, уласна, будзе з самой расійскай эканомікай і самім расійскім рублём. На фоне апошніх палітычных падзей нельга выключыць, што там можа адбыцца ўсё што заўгодна. Новыя віткі палітычнага супрацьстаяння, новы мяцеж. Можна чакаць чаго заўгодна. Гэта вельмі хутка можа справакаваць віток спаду ў расійскай эканоміцы. Таму гіганцкая нявызначанасць нікуды не дзелася. Цяпер, пасля апошніх расійскіх падзей, мы сутыкаемся з тым, што яна стала толькі мацнейшай.

— Апошнія тры гады беларускія ўлады складалі ўсе яйкі ў адзін кошык, узмацняючы залежнасць ад Расіі. Цяпер беларуская эканоміка апынулася цалкам залежнай ужо ад палітычнай стабільнасці ў Расіі?

— Так. Гэта адзін з важных якасных вынікаў апошніх некалькіх гадоў. Мы і раней былі залежныя ад Расіі. Залежнасць сапраўды была высокая. Але цяпер яна стала татальнай. Не проста ўзрасла залежнасць ад Расіі як рынку збыту. Вырасла колькасць вымярэнняў, у якіх мы залежныя ад Расіі.

Да 2020 года была значнай доля паставак на іншыя рынкі, у тым ліку ў ЕС. Была тая праславутая формула, да якой нібыта імкнуліся: 30/30/30. Еўропа, Расія і іншы свет. Цяпер па цанавых аб'ёмах пастаўкі на расійскі рынак падкрадваюцца да 70 працэнтаў. Амаль увесь сыравінны імпарт ідзе з Расіі. У тым ліку традыцыйная энергетычная залежнасць, якая стала яшчэ больш актуальнай.

Але гэта традыцыйная пазіцыя. Тут залежнасць проста пагоршылася. Цяпер з'явіліся прынцыпова новыя вымярэнні: інфраструктура залежнасці. Раней увесь экспарт, які не ішоў у Расію, у плане лагістыкі абапіраўся ў асноўным на еўрапейскія краіны. Цяпер увесь экспарт, які не ідзе ў Расію, усё роўна залежыць ад Расіі. Ён ідзе праз яе парты, выкарыстоўвае яе транспартную сетку.

Расія пранікла ў святая святых: падаткі і падатковае адміністраванне. Фактычна падатковае адміністраванне ажыццяўляецца праз расійскі софт, рэгулюецца расійскімі правіламі. Гэта ўжо доступ не тое што да сябе ў дом, а да сябе ў спальню. Як мінімум праз гэты доступ можна здымаць усю інфармацыю аб працэсах у эканоміцы, а як максімум — на іх уплываць.

Новае вымярэнне — прамая бюджэтная залежнасць ад Расіі. Раней гэта залежнасць была апасродкаванай. Цяпер па пагадненні аб бюджэтных трансфертах каля 10 працэнтаў даходаў рэспубліканскага бюджэту, па меншай меры па бюджэтным плане, па сутнасці прадастаўляюцца Расіяй.

Гэта не што іншае як падсадка Беларусі на расійскі кручок. І калі Расія захоча, яна ў любы момант можа дэстабілізаваць дзяржаўныя фінансы Беларусі. Яна проста спыняе выплаты гэтых грошай, а на іх завязана ўсё бюджэтнае планаванне. Вы не можаце прафінансаваць 10 адсоткаў сваіх выдаткаў, калі вам гэты кранік закрываюць. Гэта імгненны механізм уздзеяння.

Узрос маштаб залежнасці ў дачыненні да дзяржаўнага доўгу. Расія цяпер дамінуючы, адзіны, па сутнасці, крэдытор у партфелі таго доўгу, які ёсць. А шанцы атрымаць грошы ад кагосьці яшчэ, пасля таго як Беларусі прысвоілі дэфолтны статус, імкнуцца да нуля. Мы ўвесь свой пазыковы лёс паставілі ў залежнасць ад Расіі.

Гэта я называю татальнай залежнасцю. Можна выкарыстоўваць выраз абклалі з усіх бакоў. Гэта істотнае і якаснае змяненне за апошнія два-тры гады.

— Ці застаўся ў Беларусі ў прынцыпе эканамічны суверэнітэт цяпер?

— Нейкі суверэнітэт яшчэ ёсць. Але значная, вялікая частка эканамічнага суверэнітэту ўжо страчана. Гэта больш не страшылкі, па факце гэта ўжо адбылося.

— Калі ў Расіі адбываецца рэзкая палітычная дэстабілізацыя, калі чарговы мяцеж аказваецца ўдалым, што чакае беларускую эканоміку?

— Гэта будзе вельмі жорсткі шок. Летась, следам за пасляваенным санкцыйным ударам, мы ацэньвалі стан так, што без кампенсавальных фактараў з боку Расіі падзенне выпуску магло быць на ўзроўні 20 адсоткаў. Гэтага не адбылося, таму што ўключыліся расійскія кампенсатары. Але калі сітуацыя ў Расіі зменіцца такім чынам, то кампенсатары ператворацца ў крыніцу шоку. І як мінімум падзенне можа адбыцца да такога ўзроўню. А гэта вяртанне па ўзроўні ВУП у 2007 год.

— У беларускіх улад ёсць варыянты гэтага пазбегнуць?

— Я іх не асабліва бачу. Напэўна, беларускія ўлады гэта таксама вельмі добра разумеюць. Напэўна, для іх гэта непрыемная сітуацыя, але яны выбралі гэта як меншае зло. Яны зрабілі свядомы выбар на карысць гэтага варыянту.

Дапускаю, што яны чакаюць спрыяльнага моманту, каб пачаць саскокваць з гэтай залежнасці. Гуляць у любімую гульню, калі яны выкарыстоўваюць Расію ў цяжкія часы, але паслабляюць залежнасць, калі з'явіцца такая магчымасць. Магчыма, пэўныя патугі праяўляюцца ў інтэнсіфікацыі адносін з Кітаем. Каб Кітай стаў патронам Беларусі. Але галоўнае пытанне — ці трэба гэта Кітаю.

Іншых рэалістычных сцэнарыяў для цяперашніх улад саскочыць з залежнасці ад Расіі я не бачу. Наадварот, залежнасць будзе толькі ўзрастаць. Калі яны захоўваюцца ва ўладзе, то пастка можа толькі зачыніцца. Паставіўшы на сваё выжыванне, улады загналі краіну ў татальную залежнасць ад Расіі.