А Прыгожын тут ні пры чым!

Прыгожын, «Вагнер» і Лукашэнка гучаць з кожнага праса, і толькі лянотны не абсмактаў няўдалы мяцеж у Расіі. А калі б не было Прыгожына, пра што б мы цяпер казалі? І, дарэчы, што агульнага ў кіраўніка ПВК «Вагнер» і пасла Беларусі ў Расіі?

Фота з obzor.lt

Фота з obzor.lt

Калі б не было Прыгожына, самай медыйнай персонай тыдня, імаверна, стаў бы Дзмітрый Круты, пасол Беларусі ў Расіі. На гэтым тыдні яго прарвала на расповед дзіўных і незвычайных рэчаў, якія ў Беларусі нават з’яўляюцца засакрэчанымі. Але, як кажуць, язык мой — вораг мой.

Напрыклад, у вялікім інтэрв'ю РІА «Навіны» дыпламат раптам заявіў, што не супраць выкарыстоўваць магчымасці Паўночнага марскога шляху для паставак тавараў у Кітай. «Безумоўна, не хапае Далёкага Усходу, не хапае Паўночнага марскога шляху, новых каналаў... Вядома, мы вельмі хочам удзельнічаць у гэтым праекце, таму што гэта дазволіць скараціць тэрміны дастаўкі нашых тавараў на Далёкі Усход і ў Кітай у два разы», – сказаў ён.

Круты таксама паведаміў, што наша краіна выкарыстоўвае для перавалкі грузаў 19 партоў у Расіі і заявіў, што не бачыць сэнсу ў будаўніцтве нейкага адзінага порта для беларускіх грузаў. «Насамрэч я б цяпер не казаў пра нейкі адзін базавы порт для Беларусі... Тое, што мы сёння не складаем яйкі ў адзін кошык і не зацыкліваемся на адным базавым, як вы сказалі, порце, гэта, напэўна, правільная стратэгія, і мы будзем яе падтрымліваць», — сказаў ён.

Вось табе і на! Мы ўжо практычна пяцігодку (тры гады дык дакладна) прыглядаемся да расійскіх партоў, быццам бы, дзесьці нават будаўніцтва ці то пачыналі, ці то планавалі, а тут раз — і нам беларускі порт ва Усць-Лузе спрэс не патрэбны! Нас, бачыце, задавальняюць тыя парты, якіх аж 19 штук! А калі яны нас задавальняюць, навошта тады была ўся гэтая каніцель з глабальнымі планамі «пяцігодкі ў чатыры гады» і пабудовай сваіх тэрміналаў у портах у самыя кароткія тэрміны?

Адказу на гэтыя пытанні як мінімум два. Першы — хтосьці ў беларускім урадзе добра «папілаваў грошы» на праекце порта. Ды так папілаваў, што грошай на ўласна пабудову порта няма, і таму прыйдзецца задавольвацца тым, што ёсць цяпер.

І другі адказ — са школьнай праграмы. Усе мы там калі не вучылі на памяць, то як мінімум чыталі байку Крылова «Ліса і вінаград», калі руды звярок, не дацягнуўшыся да ягад, суцяшаў сябе тым, што «не вельмі і хацелася». Вось зараз Дзмітрый Круты і выступіў у ролі гэтай лісы. Зразумела, што грошай на будаўніцтва порта няма, крэдытаў Беларусі ніхто не дае, справы з гэтым праектам ідуць са скрыпам, калі наогул ідуць. І таму Круты кажа, што «не вельмі і хацелася», нас і тое, што ёсць, задавальняе.

Гэта і радніць яго з Яўгенам Прыгожыным. Той, не дайшоўшы да Масквы (а аказваецца, зрабіць гэта было вельмі праблематычна), таксама «зрабіў ручкай», і заявіў, што «ну яго нафіг». Абставіўшы гэта, вядома, адпаведным чынам: маўляў, мы не хацелі ні крыві, ні Пуціна зрынаць.

Увогуле, абодва яны зрабілі выгляд, што «так і павінна быць».

Праўда, Круты падсаладзіў пілюлю. Ён заявіў, што згодна з рашэннем Уладзіміра Пуціна Беларусь у рамках доўгатэрміновага кантракта з «Газпрамам» да 2031 года будзе мець «самую нізкую цану на газ у свеце для трэціх краін».

Але гучная заява адразу ж абрасла складанасцямі. Па-першае, цана не зменіцца, пакуль дзейнічае стары кантракт, а ён заканчваецца толькі ў 2026 годзе. Па-другое, Пуціну і Лукашэнку пакажуць формулу разліку цэнаў на блакітнае паліва ў снежні гэтага года, а ўжо што яны там вырашаць — невядома. Па-трэцяе, цяпер ідзе «абмеркаванне на экспертным узроўні, потым беларускія прапановы звераць з методыкай Федэральнай антыманапольнай службы Расіі»… Карацей, да самага таннага ў свеце газа нам яшчэ як да Месяца, а Круты гэтым ужо хваліцца.

І, канечне ж, у святле апошніх падзей выклікае вялікае пытанне, ці будзе Пуцін кіраўніком Расіі ў тым самым 2026 годзе. Ці не пашле «Газпрам» падалей яго распараджэнні адразу пасля прэзідэнцкіх выбараў у Расіі ў 2024 годзе?

А яшчэ Круты рассакрэціў самую важную ваенную таямніцу. Ужо як Белстат, Мінэканомікі, урад і Нацбанк хавалі непрыемную для іх статыстыку па экспарце, як шчыравалі, закрываючы свае даныя, як новыя, так і старыя! А тут Круты вазьмі і ляпні, што «страта рынкаў Еўропы і Украіны ў выніку склала для беларускай эканомікі 10,5 млрд долараў».

Зноў вернемся ў школу, ужо на матэматыку. У 2021 годзе на Украіну прыпала беларускага экспарту на 5,4 млрд долараў, што склала 13,6% экспарту РБ увогуле. Калі мы павялічым гэтую суму ўдвая, атрымаем 10,8 млрд долараў (прыкладна тое, што гаварыў Круты) і 27,2% экспарту. У выніку атрымліваецца, што беларускі экспарт у выніку саўдзелу Лукашэнкі ў вайне ва Украіне скараціўся больш чым на чвэрць!

Увага, пытанне: санкцыі не працуюць?

Канечне, па словах Крутога, часткова гэта было кампенсавана нарошчваннем экспарту ў Расію і ў Кітай. Але мы ўсё роўна не змаглі кампенсаваць страты прыкладна ў 1,7 млрд долараў, гэта па-першае. А па-другое, мы ўліплі ў вялікую залежнасць ад Расіі, куды цяпер экспартуецца да 70% беларускіх тавараў. І калі нешта ляснецца ў Расіі (а як яно можа ляснуцца, мы ўсе бачылі), то… 

Карацей, урад Беларусі ў гэтай сітуацыі гуляе ў «рускую рулетку» ў спадзеве, што пранясе. Але бясконца шанцаваць не можа нікому.

Пацвярджэннем таго, што бясконцага шанцавання не бывае, стаў на гэтым тыдні не хто іншы, як сам Лукашэнка. Намеснік кіраўніка Аб'яднанага пераходнага кабінета, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка ўсё ж перадаў у Міжнародны крымінальны суд у Гаазе доказы ваенных злачынстваў, учыненых кіраўніком Беларусі ў «суаўтарстве» з Дзмітрыем Мезенцавым, Іванам Галаватым, Аляксеем Талаем і Вольгай Волкавай. Тычацца яны незаконнага перамяшчэння ўкраінскіх дзяцей з акупаваных Расіяй тэрыторый у Беларусь, — і за аналагічную практыку МКС выдаў ордэр на арышт Уладзіміра Пуціна.

Лукашэнку гэта відавочна зачапіла. «Ну, прыйшоў гэты хлопец, Лёша Талай. Ён ваюе, ён туды-сюды ездзіць, гэтых дзетак цягне, 10 разоў там звяртаўся. Я выйшаў на Пуціна, кажу: «Слухай, давай мы частку саюзнага бюджэту выдаткуем на гэтых дзетак». Ну вось так і пачалі прывозіць. Аздаравілі, яны з'ехалі. З'язджаць не хочуць! А мяне ў крымінальны суд! За што? Калі пачаўся гэты працэс дзяцей аздараўлення, я неяк выпусціў, не ведаў нават, за што туды вязуць. Мяне ўжо ў крымінальны суд за гэта», — абразіўся Лукашэнка.

І Лукашэнка адрэагаваў так нервова нездарма. Канечне, калі ён уцячэ з Беларусі ў нейкія Эміраты (ці дзе ў яго там гаманец), то адна справа — даць прытулак экс-дыктатару, а іншая — ваеннаму злачынцу. Тут ужо «прымаючай краіне» варта будзе моцна задумацца…