Беларускі экспарт: Што адбываецца, калі ўсе яйкі ў адным кошыку
Адна Бранская вобласць сёлета ўжо перавысіла ўвесь тавараабарот з Польшчай! Доля Мурманска — як у Нідэрландаў! Беларускі ўрад канчаткова пахаваў ідэю пра дыверсіфікацыю экспарту.
У панядзелак амбасадар Беларусі ў Расіі Дзмітрый Крутыраспавёў, што Мінску ўдалося кампенсаваць большую частку экспарту, страчанага ў выніку заходніх санкцый. Гэта, вядома, дасягненне, якое ўражвае, піша выданне «Беларусы і рынак».
Аднак праблема палягае ў тым, што, аднаўляючы экспарт, беларускі ўрад канчаткова пахаваў старую ідэю пра яго дыверсіфікацыю.
Беларускі знешні гандаль цяпер цалкам залежыць ад аднаго партнёра. І гэта азначае, што ў адзін не вельмі цудоўны момант усе дасягненні могуць раптам сысці на нішто.
У інтэрв'ю РІА «Новости» Дзмітрый Круты ацаніў страты беларускага экспарту ў 10,5 мільярда долараў. Паводле яго слоў, летась доля Еўрасаюза склала 14 працэнтаў, а за пяць месяцаў гэтага года ўпала да пяці. Украінскі рынак, па добра зразумелых прычынах, быў страчаны цалкам. Гэта пры тым, што раней сумесная доля Еўрасаюза і Украіны ў знешнім гандлі Беларусі складала каля 40 працэнтаў.
Але беларускія ўлады не пераймаюцца. Большую частку страт у іх ужо атрымалася кампенсаваць.
«Калі палічыць усё, то мы не дацягнулі да максімальнага значэння дзесьці ўсяго толькі 1,7 мільярда долараў, — сказаў Круты. — Перанакіраванне патокаў праходзіць паспяхова — і гэта адзін з краевугольных камянёў поспеху ў барацьбе з санкцыйнай істэрыяй Захаду».
Экспарт на 6,5 мільярдаў долараў быў кампенсаваны за кошт расійскага рынку, яшчэ на 2,2 мільярда — за кошт рынкаў іншых краін, накшталт Кітая, дзяржаў Афрыкі і Лацінскай Амерыкі.
«Адна Бранская вобласць сёлета ўжо перавысіла ўвесь тавараабарот з Польшчай! Доля Мурманска — як у Нідэрландаў, Варонежская вобласць больш ва ўзаемным гандлі, чым Германія, а Стаўрапольскі край большы, чым Літва. Гэта значыць, адзін рэгіён Расіі перакрывае рынкі цэлых краін, на якіх мы традыцыйна прысутнічалі», — пахваліўся амбасадар.
Хоць дыпламат, хутчэй за ўсё, разумее, што выхваляцца тут няма чым. Што такая залежнасць ад аднаго рынку — нагода не для пахвальбы, а для хваляванняў. Нездарма ж самі беларускія ўлады шмат гадоў гаварылі пра неабходнасць дыверсіфікацыі знешняга гандлю.
Праблема, аднак, яшчэ больш сур'ёзная. У ранейшыя часы большая частка экспарту, якая не ішла ў Расію, абапіралася на лагістычныя магчымасці Еўрасаюза. Цяпер доступ да гэтай лагістыкі закрыты. За паўтара года расійскія парты цалкам замянілі для Беларусі парты Прыбалтыкі. Гэта значыць, насамрэч беларускі экспарт залежыць ад Расіі не на 70 адсоткаў, а на ўсе 90. А можа быць і на 95.
Аднаўленне экспарту дазволіла беларускай эканоміцы ў апошнія пару месяцаў прадэманстраваць уражлівыя тэмпы росту. Па даных урада, у траўні ў адносінах да траўня мінулага года ВУП Беларусі павялічыўся на 7 працэнтаў.
Хутчэй за ўсё, гэта адбылося за кошт калійных угнаенняў і нафтапрадуктаў. За пяць месяцаў рост экспарту ўгнаенняў склаў 35 працэнтаў, нафтапрадуктаў — 8 працэнтаў.
«Я думаю, што ў гэтым годзе мы выйдзем на ўзровень 80-90% дакрызісных аб'ёмаў па танажы», — сказаў Круты, калі каментаваў сітуацыю з калійнымі ўгнаеннямі.
Аднак усе гэтыя дасягненні з'яўляюцца вельмі прывіднымі. Беларусь трапіла ў поўную залежнасць ад Расіі не толькі па экспарце або выкарыстанні расійскай лагістычнай інфраструктуры. Яна залежыць ад расійскіх крэдытаў, танных расійскіх энерганосьбітаў і наўпроставай фінансавай падтрымкі з расійскага бюджэту.
А апошнія падзеі ў Расіі паказалі, што спадзявацца на стабільнасць у хаўрусніка не выпадае. Што расійская палітычная, а разам з ёй і эканамічная стабільнасць – рэч не вельмі надзейная. І любы палітычны крызіс там ставіць пад пагрозу ўсе эканамічныя дасягненні беларускіх улад.
Як справядліва выказаўся ў аўторак Аляксандр Лукашэнка: «Мая пазіцыя: калі абрынецца Расія, мы застанемся пад абломкамі, усе загінем».
У гэтую залежнасць беларускія ўлады загналі сябе самі. А галоўнае, што выхаду з яе не відаць. Нават калі арыентавацца на дружалюбны Кітай. Бо трапіць на кітайскі рынак беларускі экспарт неяк інакш, акрамя як праз Расію ўсё роўна не зможа.