Дзмітрый Круты: Беларусь атрымала самую нізкую цану на расійскі газ. Ці не рана радавацца?
«Ёсць рашэнне Уладзіміра Пуціна, каб Беларусь у рамках доўгатэрміновага кантракта з «Газпрамам» да 2031 года мела самую нізкую цану на газ у свеце для трэціх краін», — заявіў пасол Беларусі ў Расіі Дзмітрый Круты.
Паводле яго слоў, гэта рашэнне стала базавай умовай для ўрадаў абедзвюх краін, якое яны будуць выконваць у ходзе абмеркавання паставак энерганосьбітаў з Расіі ў Беларусь.
«У частцы цэнаўтварэння кіраўнікі краін дамовіліся прадоўжыць формулу, якая дзейнічала апошнія тры гады, на наступны трохгадовы перыяд — да 2026 года», — удакладніў пасол.
Пры гэтым ён адзначыў, што ў снежні Пуціну і Лукашэнку пакажуць методыку, якая дазволіць зблізіць формулы разлікаў цэн на блакітнае паліва з улікам структуры эканомікі. «Калі, дапусцім, у Смаленску большасць газу спажываецца насельніцтвам, то ў Беларусі структура іншая: насельніцтва, наадварот, спажывае мала газу як рэсурсу, увесь газ фактычна спажываецца прамысловасцю і электраэнергетычным сектарам», — апісаў сітуацыю Дзмітрый Круты.
Цяпер ідзе абмеркаванне на экспертным узроўні, потым беларускія прапановы звераць з методыкай Федэральнай антыманапольнай службы. «Я думаю, што ўсе разлікі мы скончым ужо да восені. Затым абмеркаванне на ўзроўні ўрада. І потым ужо будзе даклад Лукашэнку», — дадаў ён.
Цяпер Мінск плаціць за расійскі газ $127,52 за тысячу кубаметраў. Гэта цана будзе дзейнічаць да 2026 года.
Варта адзначыць, што, па-першае, у 2024 годзе ў Расіі адбудуцца прэзідэнцкія выбары, і ў святле апошніх падзей далёка не факт, што Пуцін на іх пераможа (калі ўвогуле будзе высоўваць сваю кандыдатуру).
Па-другое, «Газпрам» вельмі нервова ставіцца да заяў пра тое, што ён некаму нешта будзе даваць вельмі танна. Напрыклад, у красавіку гэтага года міністр энергетыкі Казахстана Алмасадам Саткаліеў заявіў, што ў сувязі з маштабным праектам газіфікацыі Паўночнага і Усходняга Казахстана кошт расійскага газу для яго краіны будзе «ў разы ніжэйшы», чым на еўрапейскім рынку, і нават «значна ніжэйшы», чым для Беларусі.
«Газпрам» у сваім Telegram-канале ў адказ заявіў, што заява міністра Саткаліева «не адпавядае рэчаіснасці».
Пазней Мінэнерга Казахстана ўдакладніла, што Саткаліеў меў на ўвазе блізкасць Казахстана да расійскіх газавых радовішчаў — таму за кошт зніжэння цаны транспарціроўкі выніковая сума для Казахстана зробіць цану газу для краіны мінімальнай сярод усіх краін ЕАЭС.