Пётр Кузняцоў: Рэальнасць такая, што яе ніякімі зваротамі не падправіць

Аналітык і медыяменеджар, паслухаўшы зварот Пуціна, узгадаў сцэну з фільма «Халоднае лета пяцьдзясят трэцяга» і пабачыў жаданне не тое што прыпісаць сабе чужыя заслугі — а зрабіць выгляд, што ўсё ў мяцяжы Прыгожына было зроблена адэкватна.

Кадр з фільму «Халоднае лета пяцьдзясят трэцяга» 

Кадр з фільму «Халоднае лета пяцьдзясят трэцяга» 

«Слухай, Лузга... Ээээ, як цябе, таварыш. Вось цябе там спытаюць: як, маўляў, усё было? А ты вазьмі і скажы: “Я, маўляў, дарагія таварышы, выконваў указанні капітана рэйду”».

Хто глядзеў і памятае страшны фільм «Халоднае лета пяцьдзесят трэцяга», успомняць гэтую сцэну. Калі стары чалавек, які ўвесь дзень нічога не мог распачаць супраць ашалелай банды крымінальнікаў і ціха прасядзеў дома пад наглядам, вечарам, пасля таго, як ссыльны армеец Сяргей Басаргін з лагернай мянушкай «Лузга» з імі ўсімі расправіўся, спрабаваў угаварыць таго прадставіць справу так, быццам менавіта ён, капітан рэйду, быў сапраўдным натхняльнікам гэтай барацьбы.

Мне гэтая сцэна ўспомнілася пасля чытання галоўных тэзісаў учорашняга выступу Пуціна, якое анансавалася накшталт як лёсавызначальнае, а нібыта — і не анансавалася. Так ці інакш, прагучала ў ім дзве галоўныя думкі: «Мяцеж такім чынам быў бы падаўлены» і «Я ўвесь гэты час аддаваў патрэбныя распараджэнні».

Поўнае ўражанне, што крамлёўскія піяршчыкі, іміджмэйкеры і спін-дактары здаюць куды больш імкліва, чым нават расійскія войскі. Напэўна, любая іншая гаворка і нават яе поўная адсутнасць былі б лепш для публічнага іміджу Пуціна.

Тое, што атрымалася, пакідае толькі адно, адзінае і безальтэрнатыўнае ўражанне: у Крамлі вельмі незадаволеныя тым, што вобраз «вырашальніка праблем» дастанецца не Пуціну, а Лукашэнку (для аспрэчвання гэтага ўведзены тэзіс пра «мяцеж такім чынам быў бы падаўлены», маўляў, не так ужо і трэба было гэта садзейнічанне) і тым, што па выніках падзей склалася карціна няўдзелу расійскага кіраўніка ў ліквідацыі бунту (для палемікі з гэтым — сцвярджэнне аб раздаванні ўказанняў у стылі капітана рэйду Фадзеіча).

Зрэшты, можа, дарма гэта я на піяршчыкаў, іміджмэйкераў і спін-дактароў грашу? Можа, гэта проста рэальнасць такая, што яе ніякімі зваротамі не падправіць?

Глядзіце таксама