Асобная думка. Анабасіс Вагнера
Мінулыя выходныя і першыя працоўныя дні прайшлі з падвышаным карыстаннем зарадных прыладаў для розных гаджэтаў — навіны высмоктваліся, як халодны смузі ў пякучую спёку. Прыгожын, вагнеры, ПВК, маршы, дэмаршы — усё гэта турбавала грамадства і, канечне, спарадзіла новых і абудзіла старых экспертаў па Вагнеры ўвогуле і Прыгожыну асабіста.
Не абышлося тут і без шматпакутнай Беларусі. І чым далей — тым болей.
Безумоўна, імкненне чалавека, якога называць не варта, паўдзельнічаць у любым «дзвіжы» ў апошні час надзвычай вялікае. Не істотна дзе і ў якім — ці завезці ядзерную зброю ў краіну, ці нешта пабудаваць недзе ў Афрыцы, ці ў чарговы раз паспрабаваць зрабіць з сябе «міратворца» і «выратаваць свет». Насамрэч, нічога новага тут не адбылося, не адбываецца і не будзе адбывацца. Галоўнае — самапіяр тут і цяпер, а потым можна на ўсё забыцца і толькі раз-пораз выцягваць на белы свет — «а памятаеце, як я!».
Вынікам усяго гэтага гармідару сталі чуткі, што Прыгожын і ягоная ПВК нібыта ў поўным складзе будуць месціцца ў Беларусі і гэта будзе чарговы капец усяму. На гэты раз ужо напоўніцу і назаўсёды. Экспертам кінулі чарговую костку, і яны яе смачна абсмакталі, шчодра дзелячыся сваімі пачуццямі. Давайце адарвёмся ад навінавых каналаў і паспрабуем спакойна паразважаць.
«Прыгожын сыходзіць у Беларусь» — менавіта так прагучала шмат па якіх тэлеграм-каналах. Ну сыходзіць і сыходзіць, што тут такога? Прыедзе чарговая адыёзная асоба — ці раней такога не было? Перадыхне, дранікаў паесць, адаспіцца і спакойна рушыць, куды яму трэба будзе. Я ані разу не бачу Прыгожына ў атачэнні саміведаецекаго — там усе месцы даўно і шчыльна распісаны і заняты. Ён гэта добра разумее, і Беларусь для яго не болей як месца вымушаных кароткіх вакацый. Да і ўзровень зусім не той, бо ён досыць багаты бізнесовец з ужо вельмі немалымі палітычнымі амбіцыямі, які яшчэ зусім нядаўна літаральна нагой адчыняў дзверы ў Крамлі. Наіўна разлічваць, што ён у адзін момант згубіў свой уплыў і паплечнікаў. Беларусь — зусім не ягоны ўзровень. Гэта вельмі добра разумеюць і ў кіруючых колах, таму будуць намагацца як мага хутчэй яго кудысьці «сплавіць».
Найбольшую заклапочанасць у большасці людзей выклікаюць чальцы ПВК «Вагнер», якія ці то могуць прыбыць у Беларусь, ці то ўжо прыбылі. Безумоўна, некалькі соцень і нават тысячаў людзей са зброяй, маючых вялікі баявы досвед, арганізаваных і дысцыплінаваных, з’яўляюцца даволі сур’ёзнай падставай для турбавання. Але ж трэба сабе ўсвядоміць, што ПВК «Вагнер» — гэта ў першую і галоўную чаргу камерцыйная арганізацыя, якая створана для зарабляння грошай. Бізнес у іх такі. Хтосьці марозівам і гузікамі гандлюе, а яны войнамі зарабляюць. Хто плаціць — за таго і ваююць. Досыць вялікая частка «вагнераў» зараз знаходзіцца ў той жа Афрыцы на кантрактах. Што можа прапанаваць ім так званае кіраўніцтва Беларусі? Працаваць інструктарамі ў спецчастках Міністэрства абароны? Мяркую, кошт такіх спецыялістаў вельмі непрыемна засмуціць ваеннае чынавенства. Паспрабуюць нейкім чынам стварыць яшчэ адно суперспецпадраздзяленне па ахове невядома чаго ці каго? Вельмі сумняваюся — гэта зноўку вельмі дорага ў дачыненні да такіх байцоў. Ды і тыя, хто аднойчы ўжо скіраваўся супраць улады, могуць і паўтарыць — пытанне толькі ў заказчыку.
Будуць пабудаваныя нейкія лагеры для «вагнераў» — такое таксама чуваць. Ну будуць і што? Яшчэ раз нагадаю, што ПВК — гэта пра грошы. Салдат, з якім заключаны кантракт, не павінен сядзець на нейкай базе, фарбаваць траву і ўкладваць снег кубікамі. Яму не за гэтае плацяць грошы і немалыя. Салдат павінен выконваць баявыя задачы, прыносіць грошы свайму гаспадару і атрымліваць іх па ўмовах кантракту. Чальцам ПВК да аднаго месца псеўдапатрыятычныя завыванні якой бы то ні было прапаганды — гэта найміты і яны зарабляюць грошы. Кропка!
Будуць створаны пункты вярбоўкі ў «Вагнер» — і такое чуваць. А хіба не было звестак аб беларусах, якія ўжо выконвалі задачы ў складзе гэтай ПВК? Былі і не аднойчы. Той, хто мае жаданне і адпаведныя навыкі, знойдзе шлях, і нішто яму не перашкодзіць. Тут і размаўляць няма аб чым.
Канечне, гэта не ўсе пытанні, але ж мне здаецца, што асноўная мэта «ссылкі» бунтаўшчыкоў на чале з кіраўніком — перачакаць і, па магчымасці, знайсці спосаб адпраўкі ў тую ж Афрыку, дзе працягваць «працаваць». Магчыма, самае міралюбнае кіраўніцтва нашай краіны паспрабуе адкусіць кавалак ад «вагнераўскага» пірага ў якасці платы за паслугі па размяшчэнні і лагістыцы, але гэта будзе чарговы цвік у труну закону і здаровага глузду, якія даўно ўжо пакінулі Беларусь. Грошы не пахнуць — у гэтым абодва бакі абсалютна падобныя.