Азбука паліталогіі: Залежнасць ад рэсурсаў і страх «каляровых рэвалюцый»
Бегаць з «калашамі» дзеля таго, каб захапіць чалавечы капітал, бессэнсоўна. Напрацоўкі Чынгісхана і К° у гэтым пытанні ў наш час дывідэндаў не прыносяць. Аднак з прыроднымі рэсурсамі не ўсё так адназначна.
Умоўна ўсе дзяржавы можна падзяліць на рэсурсазалежныя і працазалежныя.
У першым выпадку працоўная тэорыя цаны не працуе, бо цэны на прыродныя рэсурсы ад колькасці і якасці працы, выдаткаванай на іх здабычу, не залежаць. Цэны вызначаюцца выключна знешняй кан'юнктурай.
Прыклад: сабекошт здабычы нафты ў Саудаўскай Аравіі не перавышае 5 долараў за барэль, а яе цана на момант падрыхтоўкі гэтага артыкула складала 76 долараў за барэль. Вось і лічыце пасля гэтага маржу (чысты прыбытак, падзелены на выручку).
У высокатэхналагічных кампаній кшталту Apple або Texas Instruments (адзін з найбуйнейшых вытворцаў чыпаў у Амерыцы) маржа вагаецца ў межах некалькіх дзясяткаў працэнтаў. Ну як пасля такой бухгалтэрыі не паразважаць на тэму, хто каго эксплуатуе!
З агульнага правіла, якое падзяляе дзяржавы на рэсурсазалежныя і працазалежныя, існуе некалькі выключэнняў. На думку рэктара Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта Дзяніса Дука, у клуб абраных варта залічыць у тым ліку і Саюзную дзяржаву: «Нашым дзвюм краінам як цэнтрам інтэграцыйных ініцыятыў трэба яшчэ ў большай ступені выбудоўваць палітыку, абапіраючыся на ўласныя інтарэсы і рэсурсы. Балазе гэтыя рэсурсы ў выглядзе ў першую чаргу чалавечага капіталу і сыравіннай базы ў Саюзнай дзяржаве ёсць у дастатку. І мы павінны памятаць, што менавіта за валоданне гэтымі рэсурсамі ідзе вайна па прынцыпе “падзяляй і ўладар”».
Наколькі меркаванне спецыяліста з такім высокім статусам адпавядае рэальнасці?
Крыху статыстыкі: у Расіі 2% насельніцтва занятыя ў здабычы і транспарціроўцы нафты і газу, забяспечваюць 2/3 дзяржаўнага бюджэту. Маючы такі дысбаланс, няма нічога дзіўнага ў тым, што забеспячэннем бяспекі рэсурсаў і элітаў занятыя аж 4%.
Такой эканоміцы адпавядае сацыяльнасць, у якой 1% насельніцтва належыць амаль 60% нацыянальнага багацця (глядзі даследаванне Global Wealth Report за 2022 год). І як вынік — сусветнае лідарства Расіі паводле няроўнасці дабрабыту сярод буйных эканомік.
Згадаем дзеля цікавасці, што ў Індыі, ЗША і Кітаі гэты паказчык складае 30–40%, а ў Японіі — 18,7%.
Важна не патрапіць у няёмкае становішча
Праблема бяспекі — галаўны боль кіраўнікоў рэсурсазалежных дзяржаў. Гэта, у прыватнасці, адзначае і Дзяніс Дук. Дый каму, як не прафесійнаму гісторыку, не ведаць, што гісторыя — гэта бесперапынная чарада войнаў за валоданне рэсурсамі.
Рэсурсныя дзяржавы, якія з’яўляюцца надзвычай залежнымі ад шматлікіх сілавых структур, вымушаныя інкарпараваць іх у сябе. Пра ролю выхадцаў з ФСБ у кіраўнічай эліце «нашай Расіі» напісана больш чым дастаткова.
Але і ў Беларусі ўладальнікі чыстых рук, гарачых сэрцаў і халодных галоў (менавіта так ахарактарызаваў сапраўдных чэкістаў Фелікс Дзяржынскі) далёка не на падтанцоўцы.
Элітам рэсурсазалежных дзяржаў няма сэнсу развіваць грамадскія інстытуты, паколькі іх даходы не залежаць ад насельніцтва. Менавіта таму такія дзяржавы і не перашкаджаюць адтоку спецыялістаў за мяжу, як і не пераймаюцца наконт поспехаў у пытаннях пераходу да эканомікі ведаў.
У Беларусі, у адрозненне ад Расіі, асобныя рухі цела ў гэтым кірунку робяцца — і гэта натуральна, паколькі ўклад уласнай прыроднай рэнты ў ВУП (калійныя ўгнаенні, драўніна) непараўнальны з расійскім.
Архітэктары беларускай мадэлі прымудраюцца пры гэтым здабываць рэнту і ад продажу нафтапрадуктаў, вырабленых з расійскай нафты (беларускі нафтавы афшор), аднак яны пры гэтым добра ўсведамляюць, што ў любы момант кранік можа быць перакрыты.
На практыцы такога кшталту неспадзяванкі неаднаразова і адбываліся. Нездарма будаўніцтва Саюзнай дзяржавы ў «нулявыя» гады суправаджалася чарадой нафтагазавых войнаў. Не абышлося без іх і ў «дзясятыя» гады, але пасля пачатку СВА — так званай расійскай спецаперацыі — РФ была вымушана перагледзець сваё стаўленне да адзінага саюзніка. Стала не да разборак.
У рэсурсных дзяржавах на кані не той, хто вырабляе, а той, хто дапушчаны да пераразмеркавання рэнты — гэта значыць, бюракратыя. Хісткасць свайго становішча яе прадстаўнікі разумеюць і без напамінаў зверху сталінскага мему, што «кадры вырашаюць усё». Тым не менш гэты горадаўтваральны прынцып бюракратыі рэгулярна нагадваюць. Апошні раз падобнае здарылася 16 чэрвеня 2023 года падчас нарады па пытаннях удасканалення работы з кадрамі.
Але тут важна не патрапіць у няёмкае становішча — калі занадта пашырана трактаваць займеннік «усё». Зразумела, далёка не ўсё здольныя вырашаць бюракраты, а толькі тое, што звязана з размеркаваннем. А вось размяркоўваць (пераразмяркоўваць) бюракратыя і сапраўды здольная ўсё.
Не надуманыя страхі
Бегаць з «калашамі» дзеля таго, каб захапіць чалавечы капітал, бессэнсоўна. Напрацоўкі Чынгісхана і К° у гэтым пытанні ў наш час дывідэндаў не прыносяць. Аднак з прыроднымі рэсурсамі не ўсё так адназначна. Таму і не сціхаюць грамадзянскія войны ў афрыканскіх краінах, багатых прыроднымі рэсурсамі.
Здабываць рэнту здольны любы сяржант. Заканчваць Кембрыджы і Оксфарды для гэтага зусім не абавязкова. Справа няхітрая. Усяго і трэба — запрасіць профільную транснацыянальную карпарацыю і дамовіцца з ёй наконт уласнай долі ў рэнце. Але і тут ёсць сур'ёзная праблема — наяўнасць іншых сяржантаў. Таму і не спыняецца мітусня з «калашамі» па саванах і вільготных трапічных лясах.
Але гэта ў Афрыцы. Цывілізаваныя дзяржавы ў XXI стагоддзі за рэсурсы не ваююць. Танней купіць, чым захапіць. Тым больш на рынку любых рэсурсаў больш чым дастаткова. А хто, знаходзячыся ў здаровым розуме і цвёрдай памяці, будзе плаціць вышэй за рынкавую цану, тым больш жыццямі сваіх суайчыннікаў?
Аднак новая рэальнасць праблемы бяспекі ў рэсурсазалежных дзяржавах не здымае. Каб у гэтым пераканацца, дастаткова прааналізаваць падставы, па якіх рэгулярна збіраюцца міністры дзяржаў АДКБ. Але за размовамі пра NATO ўвесь час хаваюцца страхі наконт «каляровых рэвалюцый». І гэта не надуманыя страхі.