Псіхатраўма Пуціна: Расію чакаюць рэпрэсіі паводле лукашэнкаўскай мадэлі. Але ёсць нюанс
Мінулым разам мы разважалі, якая слабая Расія і які крохкі яе «нацыянальны лідар». Што Уладзімір Пуцін падчас кароткага прыгожынскага «недамяцяжу» атрымаў псіхалагічную траўму, супастаўную з той, якую перажыў у 2020 годзе Лукашэнка. Як будзе папраўляць «палітычнае здароўе» моцна выцяты расійскі кіраўнік?
Тры гады таму на фоне масавых пратэстаў Лукашэнка меў выгляд, жалю варты. Яго хвалёная вертыкаль хісталася, простыя людзі крычалі яму ў твар «Сыходзь!», ён, кульгаючы, бегаў з аўтаматам без патронаў і расказваў прапагандыстам казкі пра Ніка і Майка. Потым — з выратавальнай дапамогай Крамля — вулічныя маніфестацыі былі здушаны, і дыктатар пачаў бязлітасна зводзіць рахункі з грамадствам.
Жудасная гісторыя, якая працягваецца дагэтуль. Затрыманні, катаванні, чысткі, звальненні. Крыміналізацыя недзяржаўных медыя, знішчэнне грамадскіх арганізацый і незалежных прафсаюзаў. Павелічэнне колькасці палітвязняў у геаметрычнай прагрэсіі. Рэпрэсіўныя законы і аблавы ў гестапаўскім стылі. Выпальванне любога альтэрнатыўнага меркавання і любога няўзгодненага дзеяння. Безліч «экстрэмістаў» і «тэрарыстаў».
Вынік: праз тры гады Беларусь муціравала з персаналісцкай аўтакратыі ў фактычна таталітарны рэжым. З вертухаямі ў школах і на прадпрыемствах, з праверкамі тэлефонаў на кожным кроку, з чарнасоценнай прапагандай.
Лукашэнка ад 2020-га цалкам не акрыяў і ўжо не акрыяе. Але, вядома, пачуваецца ўжо нашмат лепей, чым тады, калі яго ў голас называлі «Саша 3%».
Зараз у моцна нахіленым стане знаходзіцца шяго маскоўс’зўйкі «старэйшы брат». Відавочна, што прыгожынскі мяцеж нанёс па Пуціне самы разбуральны ўдар за ўсе гады яго кіравання Расіяй. Цяпер ужо яму патрэбна экстранная палітычная тэрапія, і дзе ж яе шукаць?
Вядома, дзе. Усё ў тых жа масавых рэпрэсіях. Але, як той казаў, ёсць нюанс.
Лукашэнка, помсцячы сваім «ворагам», распачаў крыжовы паход супраць велізарнай часткі грамадства. Грамадства прадэмакратычнага, якому надакучыла жыццё ў дыктатуры і беднасці і якое прагне свабодных выбараў, каб самім вырашаць свой лёс і лёс краіны. Атрымліваецца, што апанентаў у мінскага аўтакрата зашмат, але яны мірныя і бяззбройныя. У гэтым сэнсе змаганне Лукашэнкі хутчэй цывілізацыйнае — мінуўшчына супрацьстаіць будучыні, імкнучыся падоўжыць час свайго існавання і замарудзіць хаду гісторыі.
У Пуціна, як лічыцца, ёсць электаральная падтрымка. Так, як у любога «позняга» кіраўніка, яна вельмі пасіўная. Гэта было добра бачна падчас паходу «вагнераўцаў» на Маскву, калі абараняць цяперашніх гаспадароў Крамля не выйшаў ніхто — прынамсі, так, каб іх заўважылі. Дзе былі тыя 70-80% расіян, якія «з дзяцінства» за Уладзіміра Уладзіміравіча, так і засталося загадкай. Хутчэй за ўсё, сядзелі па дамах і чакалі — гатовыя прыняць новую ўладу, якая, канешне ж, ад Бога.
Уласна кажучы, такое грамадства Пуціна (як і Лукашэнку) цалкам задавальняе. Безыніцыятыўнае, несуб’ектнае, атамізаванае — не грамадства, а насельніцтва, складзенае з маленькіх чалавечкаў, чыя хата з краю. Такім лёгка кіраваць, у такога пад носам можна раскрадаць бюджэты і нетры, такому шмат не трэба, каб прытрымлівацца курсу партыі і ўрада.
Ёсць у Расіі, вядома, і дэмакратычна арыентаваная частка грамадства, але яна статыстычна невялікая. Плюс многія ўжо з’ехалі ў эміграцыю альбо сядзяць у турмах паводле палітычных абвінавачванняў. Гэты сектар пуцінскія сілавікі, зразумела, неўзабаве дачысцяць — хоць бы таму, што людзі тут добра бачылі спужаную бездапаможнасць УУП на мінулым тыдні, і яны любяць пісаць у фэйсбуку. Але галоўны ўдар Крамля прыйдзецца ў іншым кірунку.
Пуціну цяпер патрэбна чыстка ў сістэме. І ў цывільнай яе частцы, і — асабліва — у сілавой. Каб вярнуць сабе ўпэўненасць, каб нанова замацаваць сваю ўладу, ён мусіць пазбавіцца ад усіх, хто хоць нават крыху нелаяльны да славутага кааператыва «Возера».
Ключавым маркерам будзе стаўленне да ПВК Вагнера і паводзіны падчас прыгожынскага рэйду. Завагаўся? Праявіў сімпатыю да мяцежнікаў? Сустракаў іх прыязна ў Растове і Варонежы? Як казалі лукашэнкаўскія садысты, знойдзем кожнага.
Сувязі ПВК цяпер будуць карпатліва даследавацца спецслужбамі, і хто запляміўся, таму давядзецца адказваць. І гэта ўжо будзе тычыцца больш сілавога блока, які эфэсбэшнікі і іншыя будуць трэсці з імпэтам сталінскага Смершу.
Калі крыніцы заходніх медыя не хлусяць, то аднаго такога «здрадніка» ўжо знайшлі. І ім аказаўся цэлы генерал Суравікін, адзін з кіраўнікоў расійскай «спецаперацыі» ва Украіне, які раптам знік з публічнай прасторы. Але ж прапагандысты яго пакуль не шэльмуюць, то, можа, гэта і няпраўда.
Так ці інакш, а зжываць псіхалагічную траўму Пуцін будзе актыўна, і перспектыва тут выглядае невясёлкавай. Цалкам магчыма, што расійскі дыктатар паспяхова дасць рады сваёй «хвіліннай слабасці». Ён перасаджае ўсіх «прыгожынскіх» і «заходніх» агентаў, вычысціць з сістэмы ўсіх апартуністаў, а, магчыма, адпомсціць і асабіста бунтаўшчыку Прыгожыну, насуперак «гарантыям» Лукашэнкі.
І тады крамлёўскі рэжым прыйдзе ў стан той жа раўнавагі, што і лукашэнкаўскі. Знойдзе такі баланс, які хай не адновіць колішнюю трываласць, але дазволіць працягнуць панаванне яшчэ на нейкі час. І ўсе спадзевы на тое, што слабы Пуцін вось-вось страціць уладу, акажуцца марнымі.
У гэтым выпадку ўсе надзеі на перамены ў Расіі, як і ў Беларусі, зноў засяродзяцца на тым самым сакраментальным пытанні — пытанні перамогі Украіны ў вайне.