Хронікі рэпрэсій у Беларусі за 28 чэрвеня

Суды, затрыманні, выракі — галоўныя навіны знутры краіны за сённяшні дзень.

kraty_fota_dzmitryja_dzmitryeva_novy_czas2.jpg

***

Сёння ў Мінскім абласным судзе пракурор Аляксандр Кароль запытаў для палітзняволенага Эдуарда Бабарыкі 10 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Крымінальная справа ў дачыненні да яго разглядаецца на выязных судовых пасяджэннях з 22 траўня. 

Эдуарда Бабарыку абвінавачваюць паводле ч.3 арт. 130 Крымінальнага кодэкса («Распальванне іншай сацыяльнай варожасці»), ч.1 арт. 293 («Арганізацыя масавых беспарадкаў»), ч.2 арт. 235 («Легалізацыя («адмыванне») сродкаў, атрыманых злачынным шляхам»), ч.2 арт. 243 («Ухіленне ад выплаты падаткаў»). Пад вартай палітвязня ўтрымліваюць больш за тры гады.

Суддзя Уладзімір Арэшка абвесціць прысуд 5 ліпеня.

***

28 чэрвеня ў Мінскім гарадскім судзе стартаваў суд над журналістам і відэааператарам Паўлам Падабедам. Палітвязень знаходзіцца за кратамі больш за паўгода, яго абвінавачваюць у «стварэнні экстрэмісцкага фарміравання або ўдзеле ў ім» (ч.3 арт. 364-1 КК). Разглядае справу суддзя Яўген Пісарэвіч.

Павел Падабед — відэааператар, які працаваў з незалежнымі СМІ. Раней журналіста неаднаразова затрымлівалі пры асвятленні палітычных падзей у Беларусі, у тым ліку пасля 2020 года. Апошні раз яго затрымалі 9 лютага пасля ператрусу ў яго доме, тады ў журналіста канфіскавалі мабільныя тэлефоны і відэакамеру.

***

Палітвязень Цімур Рызапур правёў у ШІЗА больш за 100 сутак. Яго затрымалі 30 верасня 2020 года ў Брэсце. Увечары 10 жніўня, калі мужчына вяртаўся дадому з працы, у яго пяць разоў стрэлілі гумовымі кулямі: адзін раз у жывот і чатыры разы ў ягадзіцу. Пазней Рыпура абвінавацілі ва «ўдзеле ў масавых беспарадках»паводле ч.2 арт. 293 КК.

10 сакавіка 2021 года Цімур і яшчэ 8 фігурантаў гэтай справы былі асуджаны Маскоўскім раённым судом Брэста. Рызапуру прысудзілі 4,5 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму. У яго трое непаўнагадовых дзяцей, ён адзіны здабытчык у сям'і.

Палітвязень адбывае пакаранне ў наваполацкай калоніі. Паводле звестак праваабаронцаў, адміністрацыя рэгулярна змяшчае Цімура ў штрафны ізалятар. Агулам ён правёў там больш за 100 дзён. Нядаўна яго змясцілі ў ПКТ.

***

У Гродне АМАП затрымаў спартыўнага дырэктара ФК «Нёман» Дзмітрыя Кавалёнка. Паводле версіі сілавікоў, ён «удзельнічаў у незаконных маршах» і «распаўсюджваў экстрэмісцкія матэрыялы».

Сілавікі сцвярджаюць, што на яго паскардзіліся самі футбалісты:  маўляў, ён навязваў ім недарэчныя «экстрэмісцкія» ідэі.

Сам мужчына на відэа сказаў, што яго затрымалі за падпіскі на «экстрэмісцкія» сацсеткі. У канале выклалі яго асабістыя перапіскі.

***

У Беларусі заблакіравалі доступ да ўкраінскіх навінавых сайтаў. Гаворка ідзе пра рэсурсы «glavred.infо», «spektr.ргеѕѕ», «hromadske.ua», «news.оnline.ua», «tribunа.com.ua». 

Паведамляецца, што на гэтых сайтах «размяшчалася інфармацыя экстрэмісцкага характару, якая прымушае грамадзян да процідзеяння дзяржаўнай уладзе Рэспублікі Беларусь у сувязі з сітуацыяй адносна ПВК «Вагнер». Таксама «паведамляліся недакладныя звесткі», якія нібыта дыскрэдытуюць Лукашэнку.

***

Суд Савецкага раёна Мінска асудзіў на два месяцы і адзін дзень калоніі ва ўмовах строгага рэжыму Вадзіма Мякінніка за «знявагу дзяржаўнай сімволікі» — паводле арт. 370 Крымінальнага кодэкса, паведамляюць праваабаронцы.

Прысуд вынесла суддзя Алена Жуковіч яшчэ 23 сакавіка.

Паводле матэрыялаў абвінавачання, Вадзім Мякіннік каля адміністрацыйнага будынка адной з сярэдніх школ Мінска убачыў на металічным кранштэйне на сцяне ля галоўнага ўвахода чырвона-зялёны сцяг. Рукой схапіўшыся за сцяг, ён сарваў яго з кранштэйна, пасля чаго, утрымліваючы ў правай руцэ дрэўка са змешчаным на ім дзяржаўным сцягам, схаваўся і пайшоў у невядомым кірунку, тым самым публічна зняважыў дзяржаўны сімвал. Гэтыя дзеянні былі зафіксаваны камерай назірання.

Установе адукацыі была нанесена шкода ў суме 25 рублёў 20 капеек.

Суд пастанавіў пакараць Мякінніка арыштам на два месяцы, аднак паколькі ў мужчыны мелася ранейшае неадбытае пакаранне, канчаткова прызначана пазбаўленне волі тэрмінам на два месяцы і адзін дзень у калоніі строгага рэжыму.

***

У судзе Барысаўскага раёна 23 чэрвеня разглядалася крымінальная справа Міхаіла Анціпава, якога абвінавацілі ў «знявазе дзяржаўнай сімволікі» (арт. 370 КК).

Паводле следства, уначы 20 сакавіка 20-гадовы хлопец сарваў чатыры дзяржаўныя сцягі ў аграгарадку Лошніца. Ён пашкодзіў палотнішчы сцягоў і разламаў дрэўкі.

Парушальніка затрымалі супрацоўнікі міліцыі. Высветлілася, што ён грамадзянін замежнай дзяржавы, які мае від на жыхарства Рэспублікі Беларусь. Анціпаў прыехаў у нашу краіну каля 10 гадоў таму, атрымаў бясплатную адукацыю і па размеркаванні працуе на адным з прадпрыемстваў Мінскай вобласці.

Свае дзеянні хлопец здымаў на тэлефон, а фота выкладваў на старонку ў сацыяльнай сетцы.

Прысуд, які вынесла барысаўчаніну суддзя Таццяна Шыман, пакуль невядомы.

***

Паводле звестак праваабаронцаў «Вясны», на сённяшні дзень у Беларусі прызнаны палітвязнямі 1496 чалавек. У спісах ініцыятывы «Dissidentby» налічваецца 1752 палітычныя зняволеныя. Сярод іх — 195 жанчын і 7 непаўнагадовых. 17 палітвязняў былі адпраўлены на прымусовае лячэнне.