Журналіста-палітвязня Паўла Падабеда судзяць з-за экстрэмісцкага фарміравання
Сёння ў Мінскім гарадскім судзе распачынаецца разгляд справы журналіста-палітвязня Паўла Падабеда.
Журналіст, відэааператар Павел Падабед за кратамі ўжо больш за паўгода, яму інкрымінуюць «стварэнне экстрэмісцкага фарміравання або ўдзел у ім», нагадвае Беларуская асацыяцыя журналістаў.
У апублікаваным напярэдадні раскладзе судовых пасяджэнняў у Мінскім гарадскім судзе нічога не было пазначана адносна запланаванага фармату. Але, як паказвае досвед папярэдніх «экстрэмісцкіх» спраў з удзелам супрацоўнікаў СМІ, ужо на пачатку бок абвінавачання дамагаецца пераводу слуханняў у закрыты рэжым.
Пры такім варыянце нават сваякі не ведаюць усіх нюансаў абнародаваных фактаў, бо адвакатаў абкладаюць шматлікімі падпіскамі аб неразгалошванні, таму да апошняга невядома, які тэрмін у выніку патрабуе пракуратура.
З апублічанай інфармацыі толькі вынікае, што журналіста, які раней супрацоўнічаў з шэрагам незалежных медыя, абвінавачваюць на падставе ч.3 арт. 361-1 Крымінальнага кодэкса. Санкцыя за «стварэнне экстрэмісцкага фарміравання або ўдзел у ім» прадугледжвае абмежаванне волі да 4 гадоў або накіраванне ў калонію на тэрмін ад 2 да 6 гадоў.
Акрамя таго, як удалося даведацца Беларускай асацыяцыі журналістаў, незадоўга да пачатку суда фрылансеру паспешна «прычапілі» эпізод наконт «карыслівых матываў» — атрыманне фінансавай выгады за выкананне працы (заданняў рэдакцыі). Гэта значыць, фігуранту намагаюцца выпісаць штраф за патэнцыйна нясплочаныя падаткі.
На працэс прызначаны суддзя Мінскага гарадскога суда Яўген Пісарэвіч, які з’яўляецца сталым удзельнікам палітычных працэсаў, пачынаючы ад пратэснага 2020 года.
За кратамі Павел Падабед ужо больш за 6 месяцаў — яго затрымалі сёлета 20 студзеня. На падставе старых дзесяцігадовай даўніны рэпостаў у сацсетках праваахоўнікі абвінавацілі журналіста ў распаўсюджанні «экстрэмісцкіх матэрыялаў» — на той час падобных статусаў у медыярэсурсаў папросту не існавала.
Першапачаткова суд пакараў журналіста 15 суткамі арышту паводле адміністрацыйнага артыкула 19.11 з адбыццём у ІЧУ Мінскага раёна. Але напярэдадні меркаванага вызвалення яго забралі на допыт, пасля чаго перавялі ў следчы ізалятар на вуліцы Валадарскага. І ўжо там інкрымінавалі арт. 361-1, ч.3 КК — «Уваходжанне асобы ў склад экстрэмісцкага фарміравання з мэтай учынення злачынства экстрэмісцкай накіраванасці (удзел у экстрэмісцкім фарміраванні)».
Праваабарончая супольнасць прызнала Паўла Падабеда палітычным вязнем і звязала пераслед з прафесійнай дзейнасцю.
Паводле наяўных звестак, маральна журналіст падрыхтаваны да несуцяшальнага для сябе судовага выраку і ў такім выпадку збіраецца падаваць апеляцыйную скаргу ў вышэйшую інстанцыю.
Павел Падабед больш за два дзясяткі гадоў у якасці фатографа і відэааператара супрацоўнічаў з незалежнымі медыя, не маючы праблем з законам. Аднак пасля драматычных падзей 2020-га сітуацыя карэнным чынам змянілася, улады распачалі мэтанакіраванае паляванне на супрацоўнікаў СМІ.
У траўні Павел адзначыў 44-ты дзень нараджэння, быў усцешаны, што атрымаў вялікую колькасць паштовак і пасылак, у тым ліку ад зусім незнаёмых людзей — пісаў, што такія рэчы дапамагаюць захаваць веру на фоне татальнай несправядлівасці.
Да заканчэння судовага працэсу фігурант «экстрэмісцкай» справы будзе ўтрымлівацца ў следчым ізалятары Мінска, таму яшчэ застаецца магчымасць падтрымаць палітвязня лістамі.
Адрас для карэспандэнцыі: СІЗА-1, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2. Падабед Павел Васільевіч.