Хронікі рэпрэсій 27 чэрвеня

Чарговае папаўненне Спісу экстрэмісцкіх матэрыялаў, затрыманне за 400 каментароў, праблемы са здароўем у палітзняволеных Аліны Забаштанскай і Алены Лазарчык.

_cihi_pratest___sakavik_2021__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__4__logo__1__1.jpg

Пракурор Мінскай вобласці Юрый Шчацько пахваліўся «дасягненнямі» ў барацьбе з экстрэмізмам

Усяго, паводле яго слоў, са жніўня 2020 года абвешчаны 1674 афіцыйныя папярэджанні асобам, схільным да здзяйснення злачынстваў экстрэмісцкай накіраванасці, сёлета — 21.

Па выніках маніторынгу ў 2022-м і ў бягучым годзе выяўлена больш за 200 матэрыялаў, якія змяшчаюць заклікі і звесткі па дэстабілізацыі грамадска-палітычнай і сацыяльна-эканамічнай абстаноўкі, прыватную інфармацыю аб пракурорскіх работніках. 

На падставе гэтага пракурорамі Міншчыны і падраздзяленнямі СК заведзены 183 крымінальныя справы.

Чарговае папаўненне Спісу экстрэмісцкіх матэрыялаў

У яго трапілі:

  • Суполкі ў «Аднакласніках» «ЛУНИНЕЦ И ДУБОНОСОВ», «Strana Belarus», «Наша Беларусь»;
  • Twitter-акаўнт «Viasna»;
  • Усе сацсеткі і сайт праекта tyapin.cоm.


Супраць палітвязня Аляксея Камароўскага распачалі новую крымінальную справу

У Мінску 21 сакавіка Аляксея асудзілі да 4 гадоў калоніі, а таксама прызначылі яму кампенсацыю маральнай шкоды міліцыянту памерам у 3000 рублёў. Мужчыну абвінавацілі ў спробе збіць даішніка падчас пратэстаў паводле арт. 364 Крымінальнага кодэкса («Гвалт альбо пагроза прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўнікаў органаў унутраных спраў») і арт. 365 КК («Умяшальніцтва ў дзейнасць супрацоўніка органаў унутраных спраў»).

Месяц таму ён пачаў адбываць тэрмін у мазырскай калоніі №20, дзе яго амаль адразу па прыбыцці змясцілі ў ШІЗА. Цяпер праваабаронцам стала вядома, што супраць палітвязня завялі крымінальную справу паводле арт. 369 КК («Абраза міліцыянта»)  — Аляксей нібыта пакінуў абразлівы каментар у чаце. Цяпер мужчыну перавялі ў гродзенскую турму №1.


У Гродне затрымалі мужчыну, які пакінуў больш за 400 каментароў у Telegram-каналах

На «палонным відэа» мужчына распавёў, што абразіў Лукашэнку, супрацоўнікаў праваахоўных органаў і іншых дзяржструктур. 

Сілавікі паведамілі, што затрыманы напісаў больш за 400 каментароў, з іх 70% — з абразамі.

Твар мужчыны на відэа быў заблюраны.

Пазней стала вядома, што  затрыманы — супрацоўнік РУП «Фармацыя» Сяргей Драгун.


Палітзняволенага журналіста Дзяніса Івашына перавялі ў турму

Пра гэта напісала яго жонка Вольга. Яна адзначае, што пра суд па змене рэжыму ані сваякі, ані адвакат не ведалі. Цяпер ён знаходзіцца ў жодзінскай турме №8, першыя паўгода будзе ўтрымлівацца на строгім рэжыме.

Нагадаем, у верасні 2022 года Гродзенскі абласны суд прызнаў Івашына вінаватым паводле арт. 365 КК («Умяшанне ў дзейнасць супрацоўніка ўнутраных спраў») і ч.1 арт. 356 КК («Здрада дзяржаве») і асудзіў яго да 13 гадоў і 1 месяца калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

У магілёўскай калоніі, куды Дзяніса накіравалі адбываць тэрмін, на яго ўвесь час аказваўся ціск: яго зрабілі «злосным парушальнікам рэжыму» і некалькі разоў закідвалі ў ШІЗА


У палітзняволенай Алены Лазарчык за кратамі праблемы са здароўем

Праваабаронцам стала вядома, што Алена мае праблемы з зубамі, яна схуднела. Вядома, што жанчыну змяшчалі ў ШІЗА. Нягледзячы на гэта Лазарчык трымаецца.

Нагадаем, актывістцы «Еўрапейскай Беларусі» прысудзілі 8 гадоў калоніі паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэкса.

У палітзняволенай Аліны Забаштанскай у калоніі нядаўна здараліся прыступы эпілепсіі

Палітзняволеную асудзілі па «справе Зельцэра» да двух гадоў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Яе абвінавацілі па ч.1 арт. 130 («Распальванне іншай сацыяльнай варожасці») і ч.1 арт. 368 («Абраза Лукашэнкі») Крымінальнага кодэкса. 

Па словах сваякоў, судзілі Аліну за відэа і каментары ў Tik-Tok. 28 чэрвеня КДБ унёс Забаштанскую ў спіс асоб, «датычных да тэрарыстычнай дзейнасці». 

Аліна хворая на эпілепсію. Паводле праваабаронцаў, у Аліны нядаўна здараліся прыступы эпілепсіі ў гомельскай калоніі.

Дома Аліну чакае непаўнагадовая дачка.