Расійскі пісьменнік Дзмітрый Быкаў: Веру, што Фядута неўзабаве будзе вызвалены
Вядомы расійскі пісьменнік і публіцыст — пра лёс палітвязня Аляксандра Фядуты, а таксама пра будучыню Беларусі і Украіны.
— Я не бачу ніякіх абмежаванняў, якія б не дазволілі Расіі нешта зрабіць: сваіх не шкада, чужых — не страшна. У Бога яны, вядома, вераць,
але шчыра думаюць, што ён на іх баку і хоча знішчэння ўсяго свету. Таму я
цалкам дапускаю падрыў Запарожскай АЭС, на жаль, — цытуе Дзмітрыя Быкава «Салідарнасць» са спасылкай на ютуб-канал «Звычайная раніца». —
Між іншым, у Лукашэнкі, прынамсі, першапачаткова, у
параўнанні з Пуціным былі некаторыя значна больш прывабныя рысы. Яго ж ніхто не
прызначаў пераемнікам. Нейкі час ён вымушаны быў гуляць у папуліста,
падладжвацца, прыслухоўвацца да парад таго ж Аляксандра Фядуты.
Згадаўшы пра беларускага калегу, Быкаў падзяліўся сваімі
прагнозамі.
— Я ад душы жадаю Фядуту здароўя і хутчэйшага выздараўлення! Упэўнены, што хутка мы з ім працягнем нашы філалагічныя дыскусіі на волі. Не на радыё, а на волі ў самым такім экзістэнцыяльным сэнсе. Я веру, што ён хутка будзе вызвалены, і наогул з нагоды ўсёй гэтай канструкцыі — яна сама сябе разбурае вельмі хутка.
Вайна ва Украіне скончыцца грамадзянскай вайной у Расіі, у той ці іншай форме, у форме смуты хутчэй за ўсё. Наконт Лукашэнкі прагноз значна больш адназначны, і ўсе яго ведаюць самі.
Мне здаецца, што ён і фізічна, і маральна знаходзіцца ў вельмі дрэнным стане. Калі глядзіш на такога чалавека, нічога, акрамя жаху і спагады, не адчуваеш. Як сказаў Чэстэртан пра Уайльда: «Жудаснейшым за думкі гэтага чалавека быў толькі яго лёс», хоць Уайльд быў добры.
Што тычыцца Лукашэнкі, то самадэструкцыя, самаразбурэнне гэтага рэжыму і гэтага чалавека ідзе апераджальнымі тэмпамі, хутчэй, чым у Расіі. І вельмі можа быць, што штуршком да разбурэння расійскай сістэмы будзе крах сістэмы беларускай.
Як хутка гэта адбудзецца, я не ведаю, таму што мы, паэты,
прадказваем вектар, а не маштаб. Умоўна кажучы, кірунак, а не канкрэтыку.
Кірунак, па-мойму, цалкам відавочны.
Я толькі жадаю вам, калі гэта здарыцца, міласэрнасці. Таму што спакуса помсціць будзе велізарнай. Мне адзін чалавек сказаў: вам нельга станавіцца міністрам, вы занадта злапомны. Вось я вам жадаю міласэрнасці, — падкрэсліў Быкаў.
Нагадаем, Аляксандр Фядута асуджаны на 10 гадоў зняволення па сфабрыкаванай справе аб «захопе дзяржаўнай улады».