Хронікі рэпрэсій: Пенсіянера аштрафавалі за пікет, які… адбудзецца праз тры месяцы!

З дапамогай інфармацыі праваабаронцаў і недзяржаўных медыя сабралі факты палітычнага пераследу ў Беларусі за 26 чэрвеня.

_drot_minsk_kraty_njavolja_belarus_fota_dzmitryeu_dzmitryj__novy_czas__1__logo_1.jpg

Уладальніцу кветкавага бізнесу Таццяну Кандрацкую, якая валодае сеткай крам у Віцебскай вобласці, аштрафавалі на 4440 рублёў за «пікетаванне» сцягам Украіны ў сацсетках і рэпосты. У сацсетках Кандрацкай сілавікі знайшлі выявы сцяга Украіны і іншыя малюнкі на тэму расійскай вайсковай агрэсіі, а таксама рэпосты з «экстрэмісцкіх» рэсурсаў.

Суд Полацка і Полацкага раёна аштрафаваў жанчыну на агульную суму 120 базавых велічынь (4440 рублёў) па двух артыкулах КаАП: аб «незаконным пікетаванні» і аб «распаўсюджанні экстрэмізму».

* * *

У Беларусі — 7 новых палітвязняў. Гэта Патрыцыя Свіціна, Яўген Грынькоў, Андрэй Кастко, Анастасія Сергіеня, Аляксей Краснагір, Антон Скварчэўскі, Галымжан Бахіраў.

* * *

Дырэктар студыі вэб-дызайну «Іквадарт» Глеб Койпіш выйшаў на волю. Глеб быў затрыманы 25 жніўня 2021 года ў Гродне. Дома ў яго, а таксама ў студыі былі праведзены ператрусы. Яго абвінавацілі ва ўдзеле ў дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак. 9 снежня 2021 года Глеба прысудзілі да двух гадоў абмежавання волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу. Яго адпусцілі з-пад варты да часу накіравання на адбыццё пакарання. 14 сакавіка 2022 года Глеб пачаў адбываць пакаранне ў Мазырскай ПУАТ №21.

У судзе Мазырскага раёна 5 траўня адбыўся суд па замене «хіміі» на калонію. Справу разглядаў старшыня суда Анатоль Стрэльчанка. Пасля працэсу Глеба перавялі ў следчы ізалятар, адкуль ён і выйшаў.

* * *

Затрыманую жонку віцебскага аператара Вячаслава Лазарава Таццяну Пыцько абвінавачваюць нібыта ў супрацоўніцтве з тэлеканалам «Белсат», паведамляе Беларуская асацыяцыя журналістаў. Таццяне, як і яе затрыманаму мужу, пагражае да 6 гадоў пазбаўлення волі. Пыцько ўнеслі ў спіс прадстаўнікоў СМІ, якія знаходзяцца за кратамі. На сёння іх ужо 34. Раней праваабаронцы прызналі Пыцько палітзняволенай.

Таццяну Пыцько затрымалі 6 чэрвеня. Яе аднагадовую дачку адправілі ў бальніцу. Праз некалькі дзён жанчыне прад'явілі абвінавачванне па арт. 361-1 Крымінальнага кодэкса («Стварэнне экстрэмісцкага фарміравання або ўдзел у ім»). Сутнасць справы Таццяны стала вядома, калі па ёй у Следчы камітэт пачалі выклікаць людзей. Следчых цікавіла, каго здымаў Вячаслаў Лазараў, хто быў ініцыятарам здымак і заказчыкам відэаматэрыялаў. У СК трапіў архіў відэааператара, які захоўваўся на яго камп’ютарах і ў тэлефоне.

Знайшлі відэазапісы, на якіх прысутнічала і Таццяна Пыцько. Паводле версіі следства, такім чынам яна брала ўдзел у дзейнасці экстрэмісцкага фарміравання.

* * *

Мінскі гарадскі суд разгледзеў апеляцыйную скаргу на прысуд, вынесены палітыку Андрэю Дзмітрыеву. Прысуд пакінуты без змен — паўтара года пазбаўлення волі. Цяпер Андрэя Дзмітрыева павінны перавесці з СІЗА-1 Мінска ў калонію. Яго асудзілі за ўдзел у пратэстах.

Глядзіце таксама

Жыхара Рудзенска Уладзіміра Кондруся арыштавалі на 15 сутак за «распаўсюджанне экстрэмісцкіх матэрыялаў». Паводле папярэдніх звестак, яго пакаралі арыштам за рэпосты матэрыялаў «Белсата» і «Хартыі-97» ды канфіскавалі мабільны тэлефон. Так пастанавіла суддзя суда Пухавіцкага раёна Алена Марчанка.

За кратамі Кондрусь абвясціў галадоўку. «Яму давялося спаць на голым жалезе, пасцелі не далі. Уначы будзілі па некалькі разоў. Тыдзень ён трымаў галадоўку», — расказала крыніца. У адказ на абвешчаную галадоўку Кондруся плануюць накіраваць на экспертызу ў Цэнтр псіхічнага здароўя ў Навінках.

* * *

Супраць палітвязня Аляксея Камароўскага завялі новую крымінальную справу. 21 сакавіка Аляксея асудзілі да 4 гадоў калоніі, а таксама прызначылі яму кампенсацыю маральнай шкоды міліцыянту ў памеры 3000 рублёў. Мужчыну абвінавацілі ў спробе збіць даішніка падчас пратэстаў. Месяц таму ён пачаў адбываць тэрмін у мазырскай калоніі №20, дзе яго амаль адразу па прыбыцці змясцілі ў ШІЗА.

Цяпер супраць палітвязня завялі крымінальную справу за абразу міліцыянта. Аляксей нібыта пакінуў абразлівы каментар у чаце. Мужчыну перавялі ў гродзенскую турму №1.

* * *

Суд Заводскага раёна Мінска 16 чэрвеня прызнаў «экстрэмісцкімі» больш за два дзясяткі тэлеграм- і ютуб-каналаў, старонак у сацсетках, чатаў і ботаў. Сярод тых, каму прысвоілі новы статус, тэлеграм-канал расійскага палітолага Андрэя Суздальцава, які доўгі час жыў у Беларусі і спецыялізаваўся на беларускай тэме. Ён заўсёды быў крытычна настроены да Лукашэнкі, у той жа час яго падазраюць у сувязях з расійскімі ўладамі і спецслужбамі.

Акрамя таго, у гэты ж дзень прызнаны «экстрэмісцкімі» на тэрыторыі Беларусі сацсеткі «Рускага Добраахвотніцкага Корпуса» і «Легіёна «Свабода Расіі».

Таксама «экстрэмісцкі» спіс папоўнілі:

  • Telegram-каналы, чаты і боты «Обр. связь БЛбот», «Гняздо Буслоубот», «Беларусы за Украину bot», «Орша Льнуха», «(НЕ)АПОШНІЯ НАВІНЫ», «Жыццё, каханне i смерць», «Вот так дела»;
  • Старонкі ў «Аднакласніках» «Анатолий Александрович Манулик», «Анатолий Манулик», «Светлогорск, Беларусь. Новости. Доска объявлений»;
  • Instagram-старонка «panda.news.bу»;
  • Сайт і сацсеткі праекта «Это Минск, детка»;
  • Twitter-старонка «Вiцебская Вясна»;
  • YouTube, «Укантакце» і Facebook-старонкі «Васiль Лапацiн»;
  • YouTube-канал «Гомельская Весна»;
  • Старонка ва «Укантакце» «Союз Междуморья»;
  • TikTok-старонкі «Тёрнер», «жыве Беларусь», Маланка Медиа», «НАШ ДОМ ТВ», «365bel».

* * *

2 чэрвеня суд Драгічынскага раёна аштрафаваў пенсіянера Б., які маліўся ў скверы, на 555 рублёў па артыкуле аб парушэнні парадку правядзення масавых мерапрыемстваў (артыкул 24.23 КаАП). Пастанову суда апублікавалі ў Банку судовых рашэнняў. Пад гэта апісанне падыходзіць суд над баптыстам Уладзімірам Бурштынам, піша «Медыязона».

У пастанове пазначана, што пенсіянер з 11-й да 12-й гадзіны 27 верасня 2023 года (то-бок праз тры месяцы пасля суда) у скверы гарадскога пасёлка А. па вуліцы С. Драгічынскага раёна «ажыццяўляў чытанне казанняў і ладзіў спевы на рэлігійную тэму ў спецыяльна не прызначаным для гэтых мэт месцы пад адкрытым небам». Пры гэтым мужчына «не меў на тое дазволу Драгічынскага раённага выканаўчага камітэта».

У склад Драгічынскага раёна ўваходзіць адзіны гарадскі пасёлак Антопаль, у якім ёсць адзіны сквер, які знаходзіцца на вуліцы Савецкай. Насупраць гэтага сквера знаходзіцца Васкрасенская царква. У пастанове суддзя падпісаны літарай С. На гэтую ж літару пачынаецца прозвішча старшыні суда Леаніда Станкевіча.