Якія навіны даходзяць ад журналісткі Марыны Золатавай на волю?

Марына Золатава, былая галоўная рэдактарка найбуйнейшага беларускага інфапартала, цяпер знаходзіцца ў Мінску ў СІЗА і чакае разгляду апеляцыі ў Вярхоўным судзе. Лісты да яе даходзяць.

Марына Золатава. Фота з адкрытых крыніц.

Марына Золатава. Фота з адкрытых крыніц.

У сакавіку гэтага года Мінскі гарадскі суд асудзіў Марыну Золатаву, экс-галоўнага рэдактара інтэрнэт-партала T*T.BY, які прызнаны экстрэмісцкім рэсурсам, да 12 гадоў пазбаўлення волі за арганізацыю распаўсюджання інфармацыі з заклікамі да захопу ўлады, ужывання санкцый, за распальванне сацыяльнай варожасці, нагадвае  «Народная воля».

На такі ж тэрмін асуджаная і генеральны дырэктар Людміла Чэкіна.

Абвінавачанымі па гэтай справе праходзілі Людміла Чэкіна, галоўны рэдактар Марына Золатава, рэдактар аддзела эканомікі і палітыкі Вольга Лойка, карэспандэнт Алена Талкачова і юрысконсульт Кацярына Ткачэнка.

Таксама Марына Золатава ўключана ў спіс асоб, датычных да тэрарыстычнай дзейнасці.

Блізкія журналісткі распавядаюць, што яна па-ранейшаму знаходзіцца ў Мінску ў СІЗА і чакае разгляду апеляцыі ў Вярхоўным судзе.

“Марына добра трымаецца ў ізалятары, — кажуць суразмоўцы. – Са слоў тых, хто бачыў яе ў СІЗА, нармальна сябе адчувае і выглядае. Чытае кнігі, якія заказвае ў турэмнай бібліятэцы. Падтрымлівае, наколькі гэта магчыма ў такіх умовах, фізічную форму. У камеры і прагулачным дворыку бегае на месцы, робіць розныя практыкаванні”.

Лісты родным даходзяць таксама добра, таму яе дачка Надзея і муж Васіль рэгулярна маюць нейкую інфармацыю.

“На здзіўленне, праблем з перапіскай няма, — дадаюць блізкія журналісткі. — Марына менш піша пра сябе, а больш просіць, каб сям’я распавядала, як у іх справы, якія поспехі. Яе цікавяць літаральна ўсе падрабязнасці…”


Глядзіце таксама