Справа ТУТ БАЙ: «Публікавалі загадзя пазітыўную ацэнку дзеянняў апанентаў улады»
Пракуратара распавяла падрабязнасці гучнай крымінальнай справы нашых калег.
Паводле ведамства, ТАА «ТУТ БАЙ МЕДЫЯ» ў 2019-2021 гадах недаплаціла больш за 3 млн рублёў падаткаў, а на самім рэсурсе і ў сацсетках публікаваліся:
загадзя пазітыўныя ацэнкі дзеянняў апанентаў улады;
свядома негатыўнае адлюстраванне рашэнняў службовых асоб, іншых грамадзян, якія выступалі за захаванне дзеючага канстытуцыйнага ладу;
прыхаваная каардынацыя пратэснай актыўнасці ў грамадстве;
звесткі, накіраваныя на дэстабілізацыю сітуацыі ў краіне і прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі.
Па выніках вывучэння матэрыялаў крымінальных спраў у дачыненні да Людмілы Чэкінай, Марыны Золатавай, Вольгі Лойкі, Алены Талкачовай, Кацярыны Ткачэнкі прынята рашэнне аб скіраванні іх у суд.
Нагадаем, Марына Золатава і Людміла Чэкіна былі затрыманыя раніцай 18 траўня 2021 года — і з таго часу знаходзяцца на «Валадарцы». Нядаўна Марыну і Людмілу дадалі ў «тэрарыстычны спіс».
18 траўня 2021 года сілавікі прыйшлі дадому да некаторых супрацоўнікаў кампаніі і прадстаўнікоў партнёрскіх арганізацый, а таксама ў офісы TУТ БАЙ у Мінску і абласных цэнтрах. Допыты супрацоўнікаў партала ладзіў Дэпартамент фінансавага кантролю КДК. Некаторых з дому забралі ў статусе сведкі, а ўвечары таго ж дня яны былі ў ІЧУ на Акрэсціна як падазраваныя па крымінальнай справе. У той дзень затрымалі 15 чалавек.
У КДК паведамілі, што была распачатая крымінальная справа аб ухіленні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры (частка 2 артыкула 243 Крымінальнага кодэкса). Нібыта партал быў рэзідэнтам Парку высокіх тэхналогій і атрымаў выручку, не абумоўленую дзейнасцю, дазволенай для рэзідэнтаў.