Пакаранне за пакараннем: як ціснуць на людзей, якія сядзяць за кратамі
Сістэме мала зняволіць чалавека, мала яго «зламаць» — для поўнай карціны помста рэжыму тым, хто яго не падтрымлівае, не павінна спыняцца ні на дзень. І для гэтага ёсць свае сродкі.
У калоніях палітвязні не сядзяць у камерах, а жывуць у бараках, ходзяць на працу па вуліцы. Але нават гэтых «выгод» можна пазбавіць. Па сутнасці, асуджаныя адбываюць падвойнае пакаранне — часта з надуманых прычын: мерзнуць у адзіночных камерах, дыхаюць хлоркай і не атрымліваюць лістоў.
«Медыязона» расказвае, як караюць тых, хто ўжо пакараны зняволеннем у калонію і СІЗА.
Карцар
У следчым ізалятары зняволеныя амаль увесь час (да суда) праводзяць у камеры. Пакідаюць яе, калі іх вядуць на шпацыр ва ўнутраны дворык або калі пачынаецца працэс азнаямлення са справай ці суд. За парушэнні ўнутранага распарадку ў СІЗА зняволенага могуць адправіць у карцар — адзіночную штрафную камеру.
Згодна з Законам «Аб парадку і ўмовах утрымання асоб пад вартай», у карцар зняволенага могуць змясціць за напад на супрацоўнікаў СІЗА, захоўванне забароненых прадметаў, удзел у азартных гульнях і іншае. На практыцы фігурантаў «палітычных» спраў нярэдка адпраўляюць у карцар з надуманых прычын. Напрыклад, абвінавачаную па «справе Аўтуховіча» Галіну Дзербыш на тыдзень змясцілі ў карцар за адмову прайсці рэнтген перад судом.
Адправіць у карцар могуць тых, хто два і больш разоў атрымаў вымову або папярэджанне. Максімальны тэрмін такога пакарання — 10 сутак.
Перад вынясеннем спагнання чалавека павінен агледзець лекар — ён складае заключэнне аб тым, ці зможа зняволены знаходзіцца ў карцары. Як праводзяцца такія агляды і ці ўплываюць яны на рашэнне аб спагнанні — невядома. Мікалай Аўтуховіч апынуўся ў карцары, калі трымаў галадоўку.
Перад змяшчэннем у карцар зняволенага абшукваюць і даглядаюць яго рэчы. У карцары забаронены перапіска, спатканні, перадачы і пасылкі, настольныя гульні, кнігі, газеты і тэлевізар, а падушку і матрац выдаюць толькі на час сну. З сабой можна ўзяць толькі ручнік, рэчы для гігіены і ежу. Вязні, якія знаходзяцца ў карцары, маюць права на штодзённы гадзінны шпацыр.
Згодна з законам, зняволеныя ў карцары могуць адпраўляць хадайніцтвы, заявы і скаргі праз адміністрацыю, якая абавязана накіраваць іх на патрэбны адрас не пазней чым за тры дні з моманту падачы.
Штрафны ізалятар (ШІЗА)
У калоніі зняволеныя жывуць у бараках, падобных да казармаў, і ходзяць на працу на тэрыторыі папраўчай установы. Іх дзень строга падпарадкаваны распарадку калоніі: прыёмам ежы, пастраенню і адпачынку выдзелены дакладны час.
Штрафны ізалятар — гэта камера ў калоніі, куды асуджанага могуць адправіць за парушэнне ўнутранага распарадку. Суразмоўцы «Медыязоны» расказвалі, што зняволеныя часта трапляюць у ШІЗА без рэальнай падставы — за «непрыбраную» камеру або «расшпілены» гузік.
Камера штрафнога ізалятара можа быць як адзіночнай, так і разлічанай на некалькі чалавек, расказвае былы палітвязень Аляксандр Кабанаў. Абстаноўка ў ёй сціплая: прышпілены да сцяны ложак, ракавіна, прывараныя да падлогі столік і лаўка, а замест унітаза — дзірка ў падлозе. Улетку акно ў камеры зачыняюць, а калі на вуліцы холадна — трымаюць адчыненым. Кожную раніцу загадчык гаспадаркі вылівае на падлогу камеры некалькі літраў хлоркі, гаворыць Кабанаў.
Перад змяшчэннем у штрафны ізалятар асуджанаму выдаюць робу, на якой буйнымі літарамі напісана: «ШІЗА». У ПК-1 з нядаўняга часу выдаюць камбінезон — гэта зроблена для таго, каб нельга было сагрэцца, адзначае Кабанаў. Раней роба выглядала па-іншаму: верхнюю частку можна было зняць, каб накрыцца і даўжэй захоўваць цяпло, тлумачыць ён.
У ШІЗА забаронены спатканні, тэлефонныя размовы, «атаварка», пасылкі і перадачы, карэспандэнцыя, настольныя гульні і нават курэнне. Пасцельныя рэчы ў штрафным ізалятары не выдаюць і на прагулкі не водзяць. З сабой можна ўзяць толькі ручнік, мыла, зубную шчотку і туалетную паперу. Брытву зняволеным прыносяць на некалькі хвілін адразу пасля пад'ёму.
— Пад'ём а пятай раніцы. Дзесьці а палове на шостую — сняданак, потым аб 11-й абед і а 16-й — вячэра. Двойчы на дзень праверка — а восьмай раніцы і а восьмай вечара, — апісвае распарадак дня ў ШІЗА Кабанаў.
Паводле рашэння адміністрацыі калоніі, вязняў з ШІЗА могуць вадзіць на працу асобна ад іншых асуджаных або на цэлы дзень пакідаць у камеры. Кабанаў кажа, што ў наваполацкай калоніі на працу не адпраўлялі.
Максімальны тэрмін знаходжання ў ШІЗА — 10 дзён, але за час знаходжання ў ізалятары можна «нахапаць» парушэнняў, за якія дадуць новыя «суткі», расказвае былы палітвязень.
— У сярэднім месяц — гэта стандарт. Усё залежыць ад таго, як начальнік раззлаваўся. Калі начальнік хоча, каб ты не выйшаў, гэта робіцца элементарна: прыходзіць праверка і кажа, што ў камеры не прыбрана. І ўсё роўна, прыбіраў ты ці не прыбіраў, таму што акт [аб парушэнні] аспрэчыць немагчыма, — кажа Кабанаў.
Згодна з Крымінальна-выканаўчым кодэксам, зняволены можа абскардзіць рашэнне аб накладанні на яго спагнання. Толькі зрабіць гэта ў ШІЗА наўрад ці выйдзе: там не выдаюць нават асадку і паперу. Знаходзячыся ў штрафным ізалятары, Аляксандр Кабанаў папрасіў напісаць адвакату, але пісьмовыя прылады яму паабяцалі даць, «калі выйдзе».
Памяшканне камернага тыпу (ПКТ)
Яшчэ адзін від пакарання за парушэнне ўнутранага распарадку калоніі — адпраўка ў памяшканне камернага тыпу на тэрмін да шасці месяцаў. У ПКТ могуць адначасова знаходзіцца некалькі асуджаных. Абстаўлена памяшканне гэтак жа, як і ШІЗА, але ўмовы ўтрымання ў ім мякчэйшыя.
Вязням, якія знаходзяцца ў ПКТ, выдаюць падушку, коўдру, матрац і пасцельную бялізну. Асуджаныя могуць раз на дзень выходзіць на паўгадзінную прагулку, атаварвацца на адну базавую велічыню, атрымаць адну бандэроль або дробны пакет за паўгода, прымаць і адпраўляць лісты, карыстацца бібліятэкай, выпісваць часопісы і газеты.
З сабой зняволеныя могуць узяць адзенне, брытву (электрычную або механічную), кіпяцільнік, пісьмовыя прылады і гігіенічныя рэчы, ручнік, гадзіннік і нават настольныя гульні (але ігральныя карты нельга).
Згодна з КВК, вязні з ПКТ працуюць асобна ад іншых асуджаных. У ПК-1 зняволеных не адпраўлялі на працу з ПКТ.
Турэмны рэжым
Узмацненне жорсткасці рэжыму ўжываюць як пакаранне для асуджаных, прызнаных злоснымі парушальнікамі. Сярод іх, напрыклад, Сяргей Ціханоўскі, філосаф Уладзімір Мацкевіч, мастак Алесь Пушкін, блогер Эдуард Пальчыс і іншыя.
Каб стаць «злоснікам», трэба атрымаць:
- любыя чатыры спагнанні;
- тры спагнанні, адно з якіх — пазбаўленне права на пасылку, перадачу або спатканне;
- два спагнанні, адно з якіх — змяшчэнне ў ШІЗА.
На турэмны рэжым зняволенага пераводзяць пасля рашэння суда, але не больш чым на тры гады. У турме асуджаныя амаль увесь час знаходзяцца ў камеры. На турэмным рэжыме зняволеныя могуць працаваць, але такая магчымасць ёсць не ва ўсіх.
— Мне расказваў чалавек, які не мог трапіць на працу, бо не для ўсіх была. А ім, паколькі яны доўга сядзяць і нічога не робяць, хочацца хоць чымсьці заняцца. Гэта значыць, там такая матывацыя была, але не хапала якраз-ткі працы, — расказваў блогу «Шуфлядка» юрыст Яўген Пыльчанка.
Суразмоўцы «Шуфлядкі» казалі, што турэмныя камеры дрэнна ацяпляліся — зняволеным даводзілася надзяваць верхнюю вопратку, каб сагрэцца. Якасць ежы ў турме таксама далёка не лепшая: ежы не хапае і яна не адпавядае нормам, заяўленым у меню, расказвала Наталля Хершэ.
Асобную нязручнасць зняволенаму прыносіць мэбля ў камеры, казала яна.
— Лаўка 14 сантыметраў [у вышыню]. Нідзе няма спінкі, каб прыхінуцца і неяк разгрузіць пазваночнік. Нідзе няма такога. Спецыяльна нават ложкі ўсталяваны на нейкай адлегласці ад сцяны, каб не абаперціся, — апісвала былая палітзняволеная турэмную мэблю. Пры гэтым ляжаць на ложку да адбою нельга, дазваляецца толькі сядзець.
На агульным рэжыме асуджаным дазволены: «атаварка» на дзве базавыя велічыні ў месяц, два кароткатэрміновыя спатканні, адна пасылка ці перадача або дзве бандэролі і два дробныя пакеты на год, штодзённая прагулка на паўтары гадзіны. На строгім рэжыме прагулка скарочана да гадзіны, у год можна атрымаць адну бандэроль або дробны пакет, а колькасць спатканняў і сума «атаваркі» зрэзаны ўдвая.